500- годнасць на Пружаншчыне

16 лютага  паэтка Валянціна Осіпава,  па ласкаваму запрашэнню настаўнікаў Ліноўскай сярэдняй  школы і заснавальніка Мядовай прэміі паэта і пчаляра Міколы Папекі, наведала Пружаншчыну. Паэтычная імпрэза адбылася ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” і акцыі “500-годнасць”, якая актыўна праходзіць у нашай краіне.  Вучні Ліноўскай сярэдняй  школы з вялікай цікавасцю слухалі пра мерапрыемствы, якія праводзяцца кампаніяй з нагоды святкавання 500-годдзя беларускага кнігадруку, пра асноўную дзейнасць грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Валянціна Осіпава пазнаёміла школьнікаў з уласнымі вершамі і творчай дзейнасцю. З асаблівай цікавасцю слухачы ўспрыймалі вершаваныя вобразы паэтаў срэбнага веку.

ІГАР СЕВЯРАНІН

Вы любілі іронію. Вы любілі паэзію,

І двухсэнсавай славы спазналі Вы слодыч.

Веліч духа віталі і  віталі гарэзы.

“Верны сябар абраных, прыніжаных  родзіч”.

 

Вы царылі ў салонах. Вы любілі фанфары.

Чулі ўсмешкі Вы ўслед. Жанглявалі Вы чарамі.

Вашы трагікамедыі пацьмянелыя твары

Азаралі надзеяй, парывамі, марамі.

 

Вы любілі жыць мроямі ў момант напружаны

І пад мантыяй фарсу хавалі Вы боль.

Ад Радзімы чакалі падзячныя ружы…

Паэт сумнай усмешкі. Забыты кароль.

 

 

ГЕОРГІЙ ІВАНОЎ

 

Саюз парываў годных і заганы

Пакінуў у душы Паэта след…

Не фарысей,  не кніжнік, не аскет…

Быў музай пераборлівай абраны.

 

Ён бачыў ззянне скрозь жыццёвы дым.

Парывам  да святла з бяздоннай пасткі —

Злучаў у творы росчыркам адным

Прыўкраснага разроненыя часткі.

 

Сустрэча прайшла ў цёплай эмацыянальнай атмасферы. Дзеці задавалі цікавыя пытанні, дзяліліся думкамі і ўражаннямі. Многія з іх за актыўны ўдзел былі ўзнагароджаны памятнымі пачтоўкамі , а школьная бібліятэка, дзякуючы  кампаніі “Будзьма беларусамі!”, папоўнілася новымі экзэмплярамі сучасных беларускіх часопісаў.

 

 

 

 

Тэгі: