«Лічыцца, што дзецям прасцей у эміграцыі, але гэта не заўжды так». Беларуска выдала дзіцячую кніжку «Не на сваім месцы»

Ілюстратарка і аўтарка Таццяна Багданава ў сферы дзіцячых кніг працуе больш за 10 гадоў: была рэдактаркай, менеджэркай, а таксама перакладала творы для дзяцей з італьянскай, англійскай і польскай на беларускую і рускую мовы.

Tacciana Bahdanava
Фота: instagram.com/ta_bahdanava

Нядаўна Таццяна напісала, намалявала і выдала аўтарскую кнігу «Не на сваім месцы» — для тых, хто вымушаны быў пакінуць дом і хто адчуваў сябе пасля пераезду як галоўная гераіня — малечай у вялікім незразумелым свеце.

Для spravy.io Таццяна расказала, як ствараюцца дзіцячыя кнігі і чаму самае важнае — не кінуць працу на якім-небудзь з этапаў.

«Адштурхоўвайся ад таго, што для цябе важна сказаць»

— Які ў Вас досвед у дзіцячай літаратуры?

— Мая першая кніжка-карцінка «Мацей і чароўная раса» выйшла ў 2023 годзе ў выдавецтве «Папуры». Таксама я з 2023 года праілюстравала 9 кніг, сярод якіх «Матулін дзень» Надзеі Ясмінскай, «Таямніца пажару ў катэджы» Энід Блайтан і іншыя.

«Matulin dzień»
Фота: instagram.com/ta_bahdanava

Жаданне напісаць і намаляваць другую аўтарскую кнігу было даўно. Але шмат падзей адбывалася ў жыцці, і ніяк не атрымлівалася сабраць усе ідэі ў цэльны твор. І толькі калі я трапіла на курс па стварэнні кніжкі-карцінкі, дзякуючы трапным пытанням ментара, пазл склаўся.

Парада, што разблакавала творчы працэс, гучала прыблізна так: «адштурхоўвайся ад таго, што для цябе важна сказаць зараз, а не ад таго, што, на твой погляд, іншыя чакаюць ад цябе пачуць». Таму атрымалася кніга пра балючае.

— Пра што гэтая кніга?

— «Не на сваім месцы» — гэта гісторыя маленькай дзяўчынкі, якая вымушана пакінуць дом. Яна апынаецца ў вялікім незнаёмым горадзе, без сяброў, дзе ўсе размаўляюць на чужой мове, якую ёй цяжка разумець. Наваколле выглядае шэрым і непрыветным.

«Nie na svaim miescy»
Фота: instagram.com/ta_bahdanava

У новым пакоі дзяўчынкі вісіць саламяны павук, якога сям’я прывезла з дому. Ці то дзяўчынка гэта прыдумала, ці то гэта адбылося насамрэч, але павук ператвараецца ў сапраўднага, каб дапамагчы гераіне перажыць вымушаны пераезд.

«Nie na svaim miescy»
Фота: instagram.com/ta_bahdanava

Страціць усё, што меў, цяжка ў любым ўзросце. Мала хто кажа пра перажыванні дзяцей у вымушанай эміграцыі. Лічыцца, што дзецям прасцей, але гэта не заўжды так.

Часта ў дарослых проста няма рэсурсу, каб даваць рады з дзіцячымі эмоцыямі і размаўляць пра іх перажыванні. Бацькі ў першыя месяцы занадта занятыя ўладкаваннем быту, працоўнымі момантамі і дакументамі. І эмацыйны стан, як свой, так і стан дзіцяці, часта апынаецца на другім плане, у спісе рэчаў, з якімі мы разбярэмся як-небудзь потым.

Насамрэч першапачаткова я пісала гэтую кнігу для свайго ўнутранага дзіцяці, таму яна атрымалася вельмі асабістай. Пісала, каб нарэшце прыняць і ўсвядоміць, што адбылося, бо сама надоўга адклала для сябе гэтае перажыванне. Наўрад ці кніга дапаможа мне «перагарнуць старонку», але гэта дакладна тое, пра што мне было важна сказаць.

«Nie na svaim miescy»
Фота: instagram.com/ta_bahdanava

У кнізе няшмат словаў, але сярод іх няма ніводнага лішняга. Затое шмат эмоцый і няпростых момантаў, звязаных з пераездам на новае месца.

«Адчуваць сябе як дома дапамагае... дыван!»

— У кнізе толькі ўласны досвед?

— Падчас працы над рукапісам я брала інтэрв’ю ў дзяцей эмігрантаў — рознага ўзросту і з розным досведам перазду, каб глыбей зразумець тэму менавіта з пункта гледжання дзіцяці.

«Nie na svaim miescy»

Адказы былі вельмі мілымі, часам нечаканымі, але вельмі натхняльнымі. Шмат якія з іх паўплывалі на сюжэт і на ілюстрацыі. Напрыклад, некалькі дзяцей казалі, што адчуваць сябе як дома ім дапамагае... дыван! Таму на развароце пра тое, як зрабіць часовую здымную кватэру ўтульнай, павучок пляце для дзяўчынкі дыван, а напрыканцы кнігі на гэтым дыване яна гуляе з новымі сябрамі ў цацкі.

«Nie na svaim miescy»
Фота: instagram.com/ta_bahdanava

У некаторых дзяцей і дарослых паўстае пытанне: як называць сябе ў новай краіне? Як захаваць сябе, калі нават тваё імя — такая важная частка самаідэнтыфікацыі — змяняецца супраць тваёй волі? Пра гэта таксама згадвалі дзеці ў анкеце, і пра гэта ёсць у кнізе.

— Як ствараецца кніга, ад ідэі да гатовага тэксту?

— Стварэнне аўтарскай кніжкі-карцінкі звычайна ідзе па ланцужку: ідэя, напісанне тэксту, стварэнне чарнавых накідаў (так званая раскадроўка, калі малюнкі хутчэй нагадваюць калякі), пошук візуальнай мовы і колеравай гамы, распрацоўка персанажаў, чарнавыя накіды да ўсёй кнігі.

Tacciana Bahdanava
Фота: instagram.com/ta_bahdanava

Пасля гэтага накід ідэі даю на вычытку сяброўкам з дзецьмі — па сумяшчальніцтве псіхолагам і педагогам. Атрымліваю ад іх карысны фідбэк і працягваю працу — дапрацоўваю тэкст. А далей ідзе адмалёўка ўсёй кнігі ў колеры.

Потым далучаюцца феі і чараўнікі кніжных працэсаў — выдавец, рэдактар, карэктар, дызайнер-вярстальнік. І калі макет кнігі нас усіх нарэшце задавальняе, яго дасылаюць у друкарню.

«Унутраны крытык увесь час нечым незадаволены»

— Што самае складанае для аўтара-ілюстратара ў напісанні кнігі?

— «Не зліцца» з працы на любым з этапаў, пакуль кніга не перададзеная ў выдавецтва. Калі гэта не кніга на замову, а ты сама сабе замоўца, то вельмі вялікая спакуса ўсё кінуць, калі нешта перастае падабацца. А з творчымі людзьмі гэта адбываецца пастаянна — унутраны крытык увесь час нечым незадаволены. У такі момант вельмі важна быць падтрымкай самой сабе і здолець убачыць розніцу, дзе можна нешта выправіць, каб стала лепей, а дзе сказаць сабе — гэта ўжо дастаткова добра, каб застацца як ёсць. Думаю, шмат хто здаецца на этапе змагання з самім сабой неідэальным.

«Nie na svaim miescy»
Фота: instagram.com/ta_bahdanava

Мне вельмі дапамог досвед працы рэдактарам, бо калі ўзгадваеш, як старанна даводзіла да гатовага прадукта кнігі іншых аўтараў, разумееш, што маеш поўнае права быць для сябе гэтым строгім, але клапатлівым рэдактарам, які паступова вядзе кнігу праз усе працэсы. У нейкім сэнсе гэта такое прафесійнае падваенне асобы, якое пайшло мне на карысць.

— Што трэба для выдання кнігі?

— Што тычыцца выдаткаў на кнігу з боку выдаўца, то гэта звычайна ганарары аўтару, ілюстратару, рэдактару, карэктару, вярстальніку, а таксама кошт друку.

Калі аўтар сам стварае кнігу, то ён можа ўзяць на сябе выдаткі на некаторыя з гэтых этапаў, альбо выдаць кнігу самвыдатам цалкам за свой кошт.

Мая кніга «Не на сваім месцы» выйшла дзякуючы Міжнароднаму саюзу беларускіх пісьменнікаў і конкурсу «Экслібрыс» — была выдадзеная ў выдавецтве Surma ў якасці прыза за перамогу ў конкурсе.

— Дзе набыць «Не на сваім месцы»?

— Кніга хутка з’явіцца ў беларускіх кнігарнях Польшчы, а таксама замовіць яе можна непасрэдна ў мяне праз Instagram.

Неўзабаве ў Варшаве плануецца прэзентацыя, трохі пазней раскажу падрабязнасці.

Maliunak Малюнак: instagram.com/ta_bahdanava

Першыя асобнікі кнігі паляцелі да чытачоў літаральна на днях. Вельмі чакаю водгукаў, бо ўпэўненая, што дзеці і дарослыя ўспрымуць кнігу па-рознаму. Спадзяюся, што мая кніжка-карцінка стане для кагосьці кніжкай-падтрымкай.