«Ноч поўная ночы...» Без гэтых вершаў не было б Гётэ, Шылера і Ліндэмана

Уяўляеце сабе вайну, якая ідзе трыццаць гадоў? Бацькі паміраюць, дзеці нараджаюцца, дарастаюць, паміраюць... а вайна — не сканчаецца. Ёй не бачна канца і краю. Прапаведнікі перакананыя: гэта і ёсць канец свету. Можна адно ваяваць, маліцца ды — гінуць.

Пра Трыццацігадовую вайну (1618–1648), калі ваявалі ўсе з усімі, казалі: у Нямеччыне рэкі пачалі плысці павольней. Чаму? Яны перапоўненыя трупамі, якія ствараюць дамбы. У 1631 годзе каталіцкі ваявода граф фон Тылі захапіў Магдэбург. Пратэстанцкі горад быў спалены, а для таго, каб ачысціць вуліцы ад трупаў — у Эльбу выкінулі каля 6000 целаў. Агулам загінула 30 000 чалавек.

Спачатку прыйшлі датчане. Пасля шведы. Пасля — французы... І ўсё гэта паўтараецца зноў і зноў. Дзеці смокчуць грудзі мёртвых мацерак, а сабакі расцягваюць на кавалкі целы палеглых. Вайна, якая пачалася праз рэлігію, не пакінула нічога ад маралі. А пасля была чума. Свет абрынуўся.

Karcina Siebasćjana Vraksa
Салдаты рабуюць ферму. Карціна Себасцьяна Вракса, каля 1620 г.

«Ноч поўная ночы, поўная ўздыхаў і стогнаў» (eine Nacht, voll Nacht, voll Ach und Jammerklagen), — радок паэта Андрэаса Грыфіуса. З дакладнасцю перакладу можна паспрачацца, але сэнс той самы. Ноч, набрынялая ноччу — дзікія часы.

Паэзія насуперак смерці ды — навакольнага свету

Анталогія паэзіі нямецкага барока «Калі свет ашалеў...» выйшла ў 2025-м. Наклад зборніка, усяго 70 асобнікаў (!), зрабіў яго рэдкасцю адразу ж пасля выдання. Разам з тым гэта важны ўнёсак у скарбонку беларускіх перакладаў. Перакладаючы, мы асэнсоўваем свет, праўда ж?

Vokladka antalohii «Kali sviet ašalieŭ...» Вокладка анталогіі «Калі свет ашалеў...»

Вершы Опіца, Вэкерліна, фон Логаў, Флемінга, Грыфіуса ды іншых мы чытаем у перакладзе Лявона Баршчэўскага. А яшчэ — маем вялікую прадмову, амаль на 80 старонак, прафесаркі БДУ Галіны Сініла. Там грунтоўны аналіз часу і лёсаў барочных паэтаў. Не хапіла толькі поўнай версіі нямецкіх тэкстаў: у варыянце білінгвы анталогія выглядала б завершанай. 

Чаму гэты зборнік важны? Менавіта ў часы Трыццацігадовай вайны, якая забрала да трох чвэрцяў насельніцтва Нямеччыны (!), нарадзіліся першыя парасткі нямецкага рамантызму, яшчэ ў барочным прачытанні. Без іх не было б Гётэ, Шылера, Каспара Давіда Фрыдрыха, Ніцшэ з Вагнэрам... Не было б і вершаў Ціля Ліндэмана (узгадайце яго зборнік Messer). Гэта — паэзія насуперак смерці. І насуперак навакольнаму свету.

Навошта будаваць, калі ўсё згарыць?

Лёсы паэтаў, прыведзеных у кнізе, падобныя. Усе яны страцілі дом, блізкіх, каханых. Тых, каго не забраў «тлусты ад крыві меч» (vom Blutt fette Schwert) — забрала чума. Тыя, хто выжыў — аказаліся чужымі адно аднаму. Навошта ствараць і будаваць, калі ўсё згарыць? Навошта нараджаць, калі ўсе загінуць?.. Вось яна — ноч, набрынялая ноччу. 

Дзе ж выйсце? У тэкстах Платона? У Пісанні?.. Тут шмат біблійных паралеляў: напрыклад, алюзія на забойства немаўлятаў у Бэтлееме. Марнасць марнасцяў з кнігі Эклезіяста. Тэма апакаліпсісу з лічбай 666: «Тры па шэсць гадоў». Невыносная рэальнасць не можа існаваць далей, таму — усё мае згарэць. Свет чакае апошні пажар — Die letzte Brunst der Welt:

Па гарадскіх валах плыве ракою кроў
Аж тры разы па шэсць тых вусцішных гадоў,
І трупамі паўзверх равы наладаваны.
Што горш за голад, смерць, пра тое не кажу —
Няма як больш трываць: мы перайшлі мяжу,
Бо нашых душаў скарб увесь разрабаваны.

Парадокс палягае на тым, што подых смерці — мабілізуе. А паэзія — лекуе. Таму тут жа нараджаюцца радкі пра каханне, жарсць, віно. Сусветны пажар знішчае часовае, каб пакінуць — важнае і вечнае.

Падобная ж логіка, дарэчы, чытаецца і ў вершах Чэслава Мілаша, які перажыў апакаліпсіс Варшаўскага Паўстання 1944 года. Калі ўсё скончана — усё можна. Бо калі не зараз, то... калі?

«Спяшаймася, Каханая...»

Ці актуальныя гэтыя вершы сёння? Думаю, так.

Нямецкія паэты XVII ст. вучыліся бачыць сярод ночы — святло. Зазірнуўшы ў полымя, яны спазналі сябе сапраўдных. А разам з тым — цану часу і крохкасць навакольнага свету. Адсюль зварот — «Спяшаймася, Каханая...» (Ach, Liebste, lass uns eilen...). У мірны час няма куды спяшацца. У час нягодаў — спяшацца ўжо позна. Можна толькі любіць. І — пісаць вершы.

Алесь Кіркевіч, Budzma.org