Засталося 6 дзён на тое, каб паглядзець бясплатна online фестывальныя стужкі на кінафэсце «Паўночнае ззянне-2024». Сабралі спіс з 6 карцін на бліжэйшыя 6 дзён. А тыя, хто базіруецца ў Таліне, яшчэ могуць паспець убачыць фільмы з Беларускага конкурсу «Ззяння» offline.
Усе фільмы online-праграмы будуць даступныя згодна з раскладам з 00:00 да 23:59 па Мінскім часе.
16 лістапада — «Будо»
Рэж. Аляксандр Тама, Аманда Огард
(Швецыя, 2024)
Для ўсіх аматараў анімацыйнага кіно: 15-хвілінная стоп-моушэн-анімацыя, якая атрымала спецыяльнае згадванне журы на кінафестывалі ў Трайбэцы. Па сюжэце: адзінокая японская бабуля падчас паходу ў супермаркет сустракае чароўнага рыжага ката, забірае яго дадому і называе Будо, але хутка новаму гадаванцу становіцца літаральна цесна ў маленькай такійскай кватэры.
17 лістапада — «Мой дзіўны незнаёмец»
Рэж. Ёхана Пююкё
(Нарвегія, Францыя, Швецыя, 2024)
Ёхана Пююкё у сваім рэжысёрскім дэбюце даследуе класавыя адрозненні, аутсайдарства і яго гвалтоўны патэнцыял праз нетрывіяльную сувязь паміж двума людзьмі. 18-гадовая адзіночка Эба падпрацоўвае ў службе клінінгу, перыядычна п’е віно, крадзе дарагія дробязі ў багатых кліентаў, пры гэтым марыць аб больш высокім сацыяльным статусе (нешта на мове «Паразітаў» Пон Джун Хо). Калі аднойчы яна знаходзіць на зямлі маладога чалавека, які нічога не памятае, кажа яму, што яны каханкі. Ну і што можа пайсці не так?! У выніку, маем шматгранны фільм, які спалучае ў сабе нешта ад хічкокаўскага трылера, крыху абсурднай камедыі і часцінку ад сумнай трагедыі.
18 лістапада — «Браты Андэрсан»
Рэж. Юхана Бернхардсан
(Швецыя, 2024)
«Лепшы з праграмы», — так адклікаюцца пра гэта фільмы глядачкі і гледачы, якія паспелі паглядзець яго ў мінулыя дні фэсту. Вам прадставіцца магчымасць сфарміраваць сваё меркаванне. Але настройвайцеся на кранальную дакументальную сямейную гісторыю пра чатырох упартых братоў, якія не бачыліся 10 гадоў. Рэжысёрка-дэбютантка Юхана Бернхардсан фармуе далікатны і натхняльны партрэт сваёй сям’і, бо адзін з галоўных герояў — яе бацька, а астатнія — дзядзькі. Адным з іх дарэчы з’яўляецца вядомы шведскі рэжысёр Рой Андэрсан. Унікальны шанец зазірнуць у рэальнасць славутага чалавека, які насамрэч не жыве на Алімпе, і, як усе астатнія, мае свае жыццёвыя цяжкасці.
19 лістапада — «Прамое дзеянне»
Рэж. Гіём Каё, Бэн Расэл
(Германія, Францыя, 2024)
Фільм стаў часткай новай для «Паўночнага ззяння», спецыяльнай праграмы «Нязломнасць», якая паказвае здольнасць чалавечага духу трываць, адаптавацца і супраціўляцца. Гэта ўнікальны і гіпнатычны партрэт французскага эка-кам’юніці, якое не зводзіцца да гвалтоўных сутычак з дзяржавай, і заўсёды бачыць перад сабой лепшую будучыню. Праз глыбока асабісты погляд аўтараў на прыкладзе паспяховага кейса эка-актывізму стужка дэманструе, як маленькія крокі злучаюцца ў вялікую гісторыю змен.
20 лістапада — «Палаючы рай»
Рэж. Міка Густаўсон
(Швецыя, Данія, Фінляндыя, Італія, 2023)
Фільм, які зачаруе сваёй эмацыйнасцю і духам свабоды, і падштурхне паказаць яго сваім дочкам, сёстрам, сяброўкам і сябрам. Гэта авантурная, элегічная ода сястрынству ва ўсіх яго праявах. Падчас гарачага шведскага лета тры сястры — 16-гадовая Лаура, 12-гадовая Міра і 7-гадовая Штэфі — застаюцца сам-насам з праблемамі дарослага жыцця. І калі са здабычай ежы з дапамогай крадзяжу прадуктаў яны спраўляюцца, то візіт сацыяльных службаў можа значна ўскладніць ім жыццё... Аднак дзяўчаты знаходзяць крэатыўнае рашэнне. Стужка атрымала прыз за найлепшую рэжысуру ў праграме «Гарызонты» Венецыянскага кінафестывалю.
21 лістапада — «Нябачны бой»
Рэж. Райнер Сарнет
(Эстонія, Латвія, Грэцыя, Фінляндыя, 2023)
Закрые «Паўночнае ззянне» абсурднае і захапляльнае спалучэнне савецкай рэальнасці, кунг-фу і хэві-метала ад эстонскага рэжысёра Райнера Сарнета, вядомага сваім нестандартным асаблівым падыходам да кіно. Па сюжэце: эстонскі памежнік Рафаэль так уразіўся баявым мастацтвам лятаючых кітайскіх манахаў, што прыняўся вывучаць кунг-фу, ды яшчэ і ў праваслаўным манастыры. «Нябачны бой» — гэта 115 хвілін чыстай сюррэалістычнай насалоды і магчымасць акунуцца ў свет, дзе мары і рэальнасць сутыкаюцца ў небывалым танцы. Фільм must-see на думку аднаго з праграмераў «Ззяння».
Кінафестываль «Паўночнае ззянне» імкнецца паказваць разнастайнае кіно, якое стане для гледачоў не проста кінасеансам, а сінематаграфічным экспірыенсам. Але фестывалю патрэбна ваша падтрымка! Зрабіце свой унёсак, каб «Ззянне» працягвала ззяць.