Мінулы раз у нашай традыцыйнай вандроўцы згадвалі пра найбольш маляўнічыя руіны Аршанскага раёна. Але ж на Аршаншчыну варта выпраўляцца не толькі аматарам атмасферных «заброшак». Сярод ацалелых гістарычных будынкаў ёсць сапраўдныя архітэктырныя цуды. такім чынам сёння пабачым барочны драўляны храм, узведзены ажно ў XVIII стагоддзі, палац роду Любамірскіх, які выглядае на сапраўдны сярэднявечны замак, бернардынскі кляштар пачатку ХІХ стагоддзя пабудовы і шмат іншых цікавостак.
Фота: planetabelarus.by
Арэхаўск
Царква Святой Троіцы
З маўклівых сведкаў гісторыі колішняй вёскі Арахі (сёння Арэхаўск) да нашых дзён ацалела цікавая драўляная царква, пабудаваная ў першай палове XIX стагоддзя. На той перыяд з 1802 года паселішча належала Канстанціну Любамірскаму. Драўляная царква ў стылі позняга класіцызму з-за пэўных фінансавых цяжкасцей у жыцці свайго фундатара будавалася на месцы колішняга ўніяцкага храма даволі марудна і была асвечана толькі ў 1838 годзе ў гонар Святой Тройцы.
Фота: planetabelarus.by
Вакол гэтай сціплай царкоўкі ходзіць процьма плётак, адна з якіх пра тое, што бярвенне падчас узвядзення храма дойліды ўкладалі не гарызантальна, а вертыкальна. Праверыць гэта зараз цяжка, бо царква абшытая новым слоем дошак, але калі гэта так, то можна лічыць, што гэта адзіны храм на тэрыторыі Беларусі з такім выкшталцоным архітэктурным вырашэннем. Іншая плётка пра тое, што тут маліўся падчас вайны з Напалеонам Кутузаў, але тое дакладна немагчыма, бо царква была пабудаваная значна пазней за 1812 год. Царква Святой Тройцы і званіца побач з ёй, якая была ўзведзена ў той жа час, што і сам храм, з’яўляецца сёння помнікам драўлянага дойлідства і ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Фота: planetabelarus.by
Межава
Сядзібна-паркавы комплекс Лубенскіх
Напрыканцы ХІХ стагоддзя апошнім уладальнікам Межава Леонам Лубенскім распачалося будаўніцтва мураванай сядзібы ў стылі мадэрн. Сядзібна-паркавы ансамбль складаўся з самога палаца, парку, бровара і гаспадарчых пабудоваў. Месца для сядзібы было абранае надзвычай маляўнічае на схілах лагчыны, утворанай крыніцай Варанец і ракой Аршыца. Прысядзібны пейзажны парк, закладзены ў 1901 годзе, і сёння лічыцца адным з самых прыгожых месцаў Аршаншчыны ды з’яўляецца прыродным помнікам мясцовага значэння, які знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Да нашых дзён тут захавалася маляўнічая сетка паркавых сцежак, каменная пляцоўка для танцаў, кампазіцыі з хмызоў ды дрэваў. З экзотаў тут можна пабачыць лістоўніцу еўрапейскую, піхту сібірскую, дугласію шэрую і іншыя цікавыя хваёвыя дрэвы, якім больш за сто год.
Фота: planetabelarus.by
Сядзібны дом захаваўся і па сёння, але ў перабудаваным выглядзе пасля апошняй вайны, у набліжаным да сталінскага ампіру варыянце. Сёння ў будынку сядзібы месцяцца праваслаўны прыход храма Серафіма Сароўскага, дзе на вялікія святы збіраюцца вернікі, ды крамы.
Фота: planetabelarus.by
Першае, што пабачаць наведвальнікі побач з колішнім палацам — каменны крыж, усталяваны адразу насупраць уваходу. Месцічы гавораць, што рэліквію ўзнялі ў 2005 годзе з рэчкі Адроў, якая працякае побач з суседняй вёскай Пількавічы. Пагаворваюць, што першапачаткова на крыжы быў бачны надпіс, але яго так і не здолелі расчытаць. Існуе дзве асноўныя версіі паходжання гэтай рэліквіі. Паводле першай, крыж быў надмагіллем жаўнера, які загінуў падчас Паўночнай вайны. Згодна з другой, гэта яшчэ больш старажытны памежны знак, які мог стаяць на межах земляў Друцкага і Віцебскага княстваў.
Смаляны
Спаса-Праабражэнская царква
Адзіны будынак у Смалянах, які захаваўся ў добрым стане з часоў гаспадарання тут роду Сангушкаў — гэта Спаса-Праабражэнская царква, узведзеная з дрэва напрыканцы XVIII стагоддзя народнымі майстрамі ў стылі барока. У адрозненне ад іншых помнікаў архітэктуры ў Смалянах, храм працягвае дзейнічаць па прызначэнні, хаця за савецкім часам, у 1930-я гады, будынак царквы быў адабраны ў вернікаў і тут месціўся спіртзавод.
Фота: poshyk.info
Царква складаецца з дзвюх частак — цокальнага каменнага паверха, «цёмнай царквы» і верхняга драўлянага. Асноўнай цікавосткай у інтэр’еры царквы з’яўляюцца роспісы купала выявамі апосталаў, якія датуюцца XVIII стагоддзем. Магчыма, гэты роспіс — адзін з нешматлікіх захаваных прыкладаў уніяцкага культавага манументальнага жывапісу.
Юрцава
Палаца Любамірскіх
У Юрцава, на правым беразе ракі Скупеня, у 1846 годзе тагачасны ўладальнік паселішча Канстанцін Любамірскі распачаў узвядзенне неагатычна-эклектычнага палаца, які атрымаўся больш падобны да муроў сярэднявечнага замка. Палацава-паркавы ансамбль будаваўся на працягу доўгіх гадоў і быў скончаны прыблізна ў 1880-я. Кампактную двухпавярховую сядзібу з дзвюма вежамі на высокім беразе ракі наведвальнікі Юрцава могуць пабачыць і сёння. Навокал сядзібы быў закладзены парк з мноствам сажалак, на берагах якіх месціўся вялікі гаспадарчы двор, які можна пабачыць і на карціне Напалеона Орды, што гасцяваў тут у 1877 годзе. Да нашых дзён захавалася некалькі драўляных і цагляных гаспадарчых пабудоў, але большасць з іх была знесена ў 2014-м.
Фота: planetabelarus.by
Пасля смерці Канстанціна Любамірскага паводле тэстаменту маёнтак быў перададзены ягонай дачцэ Ядвізе, жонцы Адама Грабоўскага. Апошняй уладальніцай Юрцава, верагодна, была іх дачка Марыя, жонка Гераніма Друцкага-Любецкага. Але пасля 1921 года Юрцава апынулася па савецкі бок мяжы. Пэўны час у будынку колішняга палаца месцілася жаночая турма, з 1953 года тут быў адчынены першы ў БССР супрацьсухотны шпіталь для інвалідаў — стацыянар доўгі час месціўся акурат у палацы і флігелях, пасля будынкі былі аддадзены пад патрэбы абласнога шпіталя для ветэранаў Другой сусветнай вайны.
У 2020 годзе колішні палац быў істотна адрамантаваны і ў ім размясціўся новы лекавы корпус шпіталя.
Фота: orda.of.by
Дуброўна
Кляштар бернардынцаў
Гісторыя бернардынскага ордэна пачалася ў Дуброўна ў 1630 годзе, калі тагачасны гаспадар паселішча Мікалай Глябовіч заснаваў тут касцёл і кляштар пад патрэбы манахаў, першапачаткова драўляныя. Вядома, што ў 1641–1716 гадах ужо з фундацыі таго ж Юрыя Глябовіча адбылася рэканструкцыя бернардзінскага архітэктурнага ансамбля. Але будынак на высокім беразе Дняпра ў стылі барока з традыцыйнымі прыёмамі мясцовага дойлідства, паглядзець на які варта заехаць у Дуброўна сёння, узведзены значна пазней, у 1809 годзе, за тагачасным гаспадаром Дуброўна Францішкам Ксаверыем Любамірскім.
Паводле мясцовай легенды, ён загадаў спаліць драўляны кляштар ды забіць тых святароў, што таемна вянчалі ягоную дачку з нейкім недастаткова заможным, але прыгожым шляхцічам. Але пасля таго, як з Пецярбурга прыехала камісія, каб расследаваць інцыдэнт, Ксаверый Любамірскі вырашыў адбудаваць новыя мураваныя кляштар ды храм. Касцёл па Другой сусветнай вайне быў зруйнаваны савецкай уладай, але кляштар ацалеў да нашых дзён.
Фота: planetabelarus.by
Царква святой Троіцы
Яшчэ з цікавых помнікаў у Дуброўна варта звярнуць увагу на царкву Святой Тройцы — помнік культавай архітэктуры пачатку ХІХ стагоддзя. Храм узведзены ў 1809 годзе па фундацыі ўжо вядомага нам Францішка Ксаверыя Любамірскага ў стылі класіцызм. Сам Францішак Ксаверы тут сёння і пахаваны. Унутры царквы варта звярнуць увагу на абразы ХІХ стагоддзя «Святая радзіна» і «Таемная вячэра». Храм Святой Тройцы ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Фота: wikipedia.org
Фарбавальны цэх колішняга ільнозаводу
Яшчэ адным вартым увагі турыстаў архітэктурным помнікам у Дуброўна з’яўляецца прамысловы будынак з чырвонай цэглы, які можна пабачыць на ўсходнім ускрайку колішняга мястэчка, непадалёк ад сучаснага ільнозавода. З будынкаў адной з першых фабрык па перапрацоўцы лёну «Дняпроўская мануфактура», узведзенай на пачатку ХХ стагоддзя, захаваўся толькі той, што раней выкарыстоўваўся ў якасці фарбавальнага цэху. Ягоная рэканструкцыя доўжылася ажно да 2018 года, сёння там месціцца музей, прысвечаны гісторыі прадпрыемства, які таксама цікава наведаць.
Фота planetabelarus.by
П.Ж., budzma.org