Пабачыла свет беларускамоўная версія папулярнай камп’ютарнай гульні S.T.A.L.K.E.R. Над перакладам працавала каманда суполкі BELARUSITY. Budzma.org паразмаўляла з удзельнікамі праекта Алінай Салавейка і Кастусём Кудраўскім пра складанасці перакладу, любоў да гульняў, роднай мовы і беларушчыны.
Budzma: Як даўно з’явілася вашая каманда?
Кастусь: Мы існуем ужо даўно, гадоў пяць вывучаем беларускаю мову і перакладаем розныя творы. Спачатку мы перакладалі фільмы, але потым мы сталі перакладаць гульні. І тады мы стварылі суполку для перакладаў гульняў.
Чаму мы вырашылі перакладаць гульню S.T.A.L.K.E.R.? Таму што мы лічым, што гульні — гэта частка папулярнай культуры, якая, на жаль, недаступная на беларускай мове. Мне сустракаліся толькі аматарскія пераклады. Таму мы падумалі, што варта пашыраць гэтую справу.
Гульня S.T.A.L.K.E.R. нам вельмі падабалася, да таго ж яна даволі папулярная ў нашай краіне. Я пачаў займацца перакладам гадоў 7 назад. Двойчы я пераробліваў пачатак, бо мне не падабаўся мой пераклад. Тым не менш мы здолелі скончыць распачатую справу, і гульня на беларускай мове ўжо пабачыла свет.
Budzma: Вы займаліся толькі перакладам S.T.A.L.K.E.R.? Ці былі іншыя гульні? Па якім прынцыпе вы выбіралі гульні?
Кастусь: S.T.A.L.K.E.R. — гэта наша першая апублікаваная праца. У нас ёсць некалькі яшчэ гульняў, мы працуем над імі, але пакуль рана пра гэта казаць. Што датычна нашых намераў, то нам хацелася б перакладаць папулярныя, а таксама свежыя прадукты. Але ўсё залежыць ад нас, мы не будзем перакладаць гульні, якія не падабаюцца нам.
Аліна: Зараз мы планіруем перакладаць калектыўныя гульні, дзе ўдзельнікі змаглі б перапісвацца і тым самым практыкаваць беларускую мову.
Budzma: Раскажыце, як доўга ішла праца над гульнёй S.T.A.L.K.E.R.? І ці былі цяжкасці з перакладам?
Кастусь: Гэтым праектам я жыў 7 гадоў, перакладаючы ў вольны час. Гульня «S.T.A.L.K.E.R.: Цень Чарнобылю» мае 70 000 слоў, гэта даволі шмат. Таму праца над перакладам ішла доўга. Часам нам не хапала ведаў, каб перакласці некаторыя моманты ў гульні. Да таго ж у «Сталкеры» багата выдуманых слоў — гэта асобны пласт працы.
Яшчэ адна складанасць — гэта шрыфт гульні. Не хапала сімвалаў, каб унесці беларускія літары, трэба было перарабіць. І мы зрабілі адразу дзве версіі — кірыліцу і лацінку, пад якую таксама трэба прапісваць шрыфт. У нас была таксама дылема: сама гульня ўкраінская, але першая версія выйшла на расейскай мове, і пасля толькі з’явіўся ўкраінамоўны варыянт. У апошнім ёсць асобная група персанажаў, якую не пераклалі на ўкраінскую мову, пакінулі на расейскай. Вы ж вырашылі, што пераклад будзе поўным.
Budzma: Пераклад S.T.A.L.K.E.R. — гэта валанцёрская праца, ці быў замоўнік?
Кастусь: Гэта цалкам валанцёрская праца, спонсараў у нас не было. Мы жадаем перакласці другія часткі гульні, але без фінансавання праца пакуль ідзе павольна. Усё ж мы ўсе маем асноўныя працы. Таксама нас можна падтрымаць на платформе Buy Me a Coffee. Там часам нам пераводзілі дзесьці па 5 даляраў.
Мы гэта ўсё рабілі сваім розумам, без анлайн-перакладчыкаў, толькі сваімі ведамі. Таму мы лічым, што гэта больш якасная праца. Калі б мы карысталі штучны інтэлект, то гэта было б хутчэй. Але гэта было б менш якасна і без душы.
Аліна: Мы спадзяёмся, што людзі пабачаць нашу працу, наш пераклад, ацэняць наш стыль і тады ўжо будуць заказваць свае пераклады. Мы можам перакладаць не толькі гульні, але і фільмы, серыялы і нейкія тэксты, любога стылю.
Budzma: Распавядзіце, адкуль столькі энтузіязму? Бо праца сапраўды няпростая...
Кастусь: Калі ты хочаш перакласці твор на сваю мову, то гэта вялікая ўдзячнасць гэтаму твору. Мне вельмі прыемна бачыць гульню, якая мне падабаецца, на сваёй мове. Да таго ж мы жадаем пашыраць беларускую мову, і ў нас ёсць такое натхненне, каб людзі маглі гуляць на роднай мове і маглі нешта новае вывучыць.
Шчасце бачыць, калі людзям падабаецца гуляць на роднай мове.
Аліна: Мяне натхняе таксама, таму што падчас перакладу мы самі даведваемся штосьці новае і пашыраем нашыя веды.
Budzma: Хто ваша мэтавая аўдыторыя? І ці ёсць ужо першыя водгукі на гульню?
Кастусь: Калі казаць вельмі канкрэтна, то аўдыторыя нашай суполкі пакуль невялікая: у нас ёсць тэлеграм-канал з 200 удзельнікаў. Але допіс пра пераклад гульні сабраў 5000 праглядаў. Было багата рэпостаў, гэтая інфармацыя разляцелася. Таксама было шмат каментароў, падзяк. Людзі чакаюць наступнай часткі і шчаслівыя, што могуць гуляць на беларускай мове.
Калі казаць пра тых, хто гуляе ў гульні — то гэта і маладыя, і старыя, дзеці і бацькі.
Budzma: На ваш погляд, ці ёсць зараз запыт на беларускую мову ў грамадстве?
Аліна: Мне падаецца, што запыт пашырыўся. Шмат людзей пачалі глядзець фільмы па-беларуску, глядзець ютуб па-беларуску, чытаць кнігі. І гуляць на беларускай мове, думаю, людзям таксама цікава. Мне падаецца, што цікавасць будзе толькі расці.
Кастусь: Вядома, ёсць нейкі рост, цікавасць да беларускай мовы. Мы таксама пашыраем беларускую мову. Але пакуль беларуская мова не стане адзінай дзяржаўнай у краіне, то сітуацыя не зменіцца. Але мы і далей будзем рабіць усё, што ў нашых сілах.
Budzma: Ці ёсць у вас планы на будучыню: кароткачасовыя і глабальныя?
Кастусь: Я хацеў бы пачаць з таго, што гульні — гэта таксама глабальныя рэчы. Мільёны людзей гуляюць у гульні. Кожнаму сваё: камусьці фільмы, камусьці гульні. Але мы хацелі б і далей перакладаць гульні, закончыць трылогію. Так, мы хацелі б звязацца з аўтарамі гульні, каб яны афіцыйна дадалі беларускую мову.
Аліна: Ёсць шмат фільмаў, якія мы хацелі б перакласці і агучыць, але для гэтага трэба фінансаванне. Таксама неабходна пляцоўка, каб публікаваць легальна з пункту гледжання аўтарскіх правоў.
Кастусь: Наастачу хацелася б сказаць, што калі ў вас ёсць гэтае імкненне — пашыраць беларускую мову, то варта аб’ядноўвацца і спрабаваць. Гэта тычыцца не толькі гульняў, але і фільмаў, і іншых праектаў. Бо беларуская аўдыторыя вельмі багатая, ёсць над чым працаваць.
Спампаваць пераклад гульні можна па спасылцы.
М. К., Budzma.org