Зіма не нагода адкладаць знаёмства з турыстычнымі цікавосткамі нашай краіны. Калі не фізічна, то хаця б віртуальна раім працягнуць вандраваць разам з намі. Сёння рушым у край азёраў, балот і міфалагічных істотаў, якія суіснуюць побач са старадаўнімі хрысціянскімі храмамі. Такім чынам, рушым на Лепельшчыну, дзе агледзім мясцовыя турыстычныя цікавосткі.
Фота: planetabelarus.by
Лепель
1. Царква Святой Параскевы Пятніцы
Спачатку рушым непасрэдна ў раённы цэнтр Лепель. Тут у 1841–1844 гадах на месцы старога храма, які будаваў яшчэ канцлер ВКЛ Леў Сапега ў 1586 годзе, была ўзведзена мураваная царква Святой Параскевы Пятніцы. На пачатку ХХ стагоддзя царква была перабудаваная з дрэва, у такім выглядзе мы можам пабачыць яе сёння. Зараз у інтэр’еры царквы захоўваюцца дзве старажытныя іконы Маці Божай Смаленскай XVIII стагоддзя і Апосталаў Пятра і Паўла першай паловы ХІХ стагоддзя, што прыцягвае ў Лепель вялікую колькасць пілігрымаў.
Фота: planetabelarus.by
2. Касцёл Святога Казіміра
Яшчэ адной славутасцю, на якую варта звярнуць увагу ў Лепелі, з’яўляецца касцёл Святога Казіміра, які будаваўся амаль дваццаць год: з 1857 па 1876. Першапачаткова лепельская парафія ўзнікла ў 1602 годзе, калі Леў Сапега фундаваў тут узвядзенне каталіцкага храма, які адначасова з’яўляўся адным з першых каталіцкіх храмаў на Полаччыне. Храм некалькі разоў гарэў, з 1833 года набажэнствы ў Лепелі адбываліся ў невялікай драўлянай капліцы, пакуль сродкі на ўзвядзенне новага мураванага касцёла не ахвяраваў месціч, калежскі асэсар з прозвішчам Мальчэўскі. Храм быў узведзены ў стылі позняга класіцызму паводле праекта архітэктара Мачулевіча. Унутранае аздабленне храма і алтары аформлены ў стылі барока. У 1935-м, за савецкім часам, храм быў зачынены, а святар арыштаваны. Будынак спачатку занепадаў, а ў 1970-я ў ім зрабілі гараж і трансфарматарную падстанцыю. Храм вярнуўся да вернікаў у 1990-я.
Фота: planetabelarus.by
3. Царква Святога Георгія
Ёсць яшчэ адна, хоць і сціплая, але вартая ўвагі праваслаўная царква ў Лепелі, якой больш за сто год, асвечаная ў гонар Святога Георгія. Храм узведзены напачатку ХХ стагоддзя з чырвонай цэглы і з’яўляецца помнікам рэтраспектыўна-рускага стылю. Знаходзіцца царква на мясцовых праваслаўных могілках.
Фота: planetabelarus.by
4. Помнік цмоку
Сёння сімвалам Лепеля з’яўляецца міфалагічная істота — цмок. На беразе возера, у гарадскім парку, у 2013 годзе быў усталяваны помнік Лепельскаму цмоку. Выраз твару ў яго настолькі добры і ласкавы, што цяжка паверыць, што ён, паводле легендаў, мог кагосьці пакрыўдзіць. Лічыць менавіта Лепель радзімай Цмока прынята паводле гістарычнага рамана Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні (Евангелле ад Юды)», дзе аўтар падрабязна апісвае знешні выгляд міфалагічнага персанажа ды распавядае, як у Сярэднявеччы ў Лепельскім возеры за адну ноч загінула каля сарака цмокаў. Увасобіў у жыццё легенду майстар Леў Аганаў, аўтар шматлікіх гістарычных гарадскіх скульптураў, якія можна пабачыць у розных мястэчках Беларусі.
Фота: planetabelarus.by
Макараўшчына
5. Царква Святога Міколы Цудатворца
Далей прапануем рушыць у вёску Макараўшчына, дзе варта звярнуць увагу на царкву Святога Мікалая Цудатворца 1880-х гадоў пабудовы. Яна па стылі не асабліва вылучаецца сярод шматлікіх праваслаўных бажніцаў, узведзеных у другой палове ХІХ стагоддзя па тыповым праекце. Але размяшчаецца дадзены храм у вельмі прыгожым месцы, адкуль можна паназіраць маляўнічых краявідаў. Царква была збудавана на месцы колішняга грэка-каталіцкага храма ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Апошняе набажэнства ў царкве адбылося ў 1928 годзе. Падчас Другой сусветнай вайны царква ў Макараўшчыне была часткова зруйнаваная. Будынак вярнуўся да вернікаў у 1991 годзе. Напрыканцы мінулага стагоддзя пачаліся працы па аднаўленні храма, якія працягваюцца па сённяшні дзень.
Фота: planetabelarus.by
Губіна
6. Крушні касцёла Святога Антонія
Далей на Лепельшчыне прапануем рушыць у вёску Губіна. На жаль, у вёсцы захаваліся толькі крушні некалі велічнага храма Святога Антонія, але ж выглядаюць яны дастаткова ўражліва, каб настойліва раіць туды завітаць. А гісторыя касцёла наступная: Стольнік віцебскі Ян Пакаш у 1714 годзе распачаў тут узвядзенне мураванага каталіцкага храма. Касцёл быў збудаваны ў стылі барока ў выглядзе крыжа з дзвюма высокімі вежамі. У 1759 годзе фундатар касцёла Ян Пакаш запрасіў у Губіна ордэн францішканаў і пабудаваў пад іх патрэбы двухпавярховы мураваны кляштар. Вядома, што францішкане сабралі ў кляштары вялікую бібліятэку са старажытнымі выданнямі ды архіў.
Фота: planetabelarus.by
У 1831 годзе падчас Лістападаўскага паўстання ордэн францішканаў актыўна дапамагаў інсургентам, апекаваўся параненымі, што ратаваліся ад пераследу новых уладаў, у некаторых францішканскіх касцёлах захоўвалася зброя. На гэтай падставе царскія ўлады пасля паразы паўстання скасавалі дзейнасць ордэна. З таго часу касцёл у Губіна стаў парафіяльным.
Губінскі касцёл перажыў перыяд Сусветных войнаў, але перажыць савецкае панаванне не даў рады: пасля затрымання і высылкі ксяндза ў 1929 годзе храм быў зачынены. Будынкі былі перададзеныя мясцоваму калгасу, храм быў спачатку прыстасаваны пад клуб, пасля пад свіран. З 1960-х помнік архітэктуры барока разабралі на цэглу для новай стайні. Сёння ад велічнага архітэктурнага комплексу францішканаў застаўся фрагмент вежы і сцяна колішняга прэсвітэрыя. Тым не менш касцёл унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
7. Бярэзінскі біясферны запаведнік
Вандруючы па Лепельшчыне, немагчыма не наведаць асноўны прыродны помнік раёна — Бярэзінскі біясферны запаведнік. Гэты ўнікальны прыродны комплекс уяўляе з сябе выключную размаітасць разнастайнага кшталту лясоў, лугоў, балот — асабліва каштоўнымі лічацца тыя, што парослыя чорнай вольхай, флоры і фаўны абалоння Бярэзіны, мноства вялікіх ды малых рэкаў, непаўторных азёраў. Плошча запаведніка каля васьмідзесяці пяці гектараў. Праз усю тэрыторыю Бярэзінскага біясфернага запаведніка працякае рака Бярэзіна, у абалонні якой можна сустрэць рэдкія віды раслінаў і жывёлаў, частка з якіх занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі. Па тэрыторыі запаведніка распрацавана вялікая колькасць пешых, роварных, конных, камбінаваных маршрутаў і цікавыя вандроўкі па Бярэзінскай воднай сістэме.
Фота: planetabelarus.by
У турыстычным цэнтры Бярэзінскага біясфернага запаведніка, у вёсцы Домжэрыцы, штогод праводзіцца фестываль «Шлях цмока». Тут можна наведаць і цікавыя экскурсіі, і паслухаць мясцовых легендаў пра галоўны сімвал Лепельшчыны — цмокаў, пакаштаваць традыцыйных страваў і паслухаць разнастайнай музыкі. Тут жа функцыянуе Цэнтр міфалагічнага турызму — адзіны ў Беларусі, ён уключае ў сябе Музей міфалогіі і экалагічную сцежку «У краі міфаў».
Фота: planetabelarus.by
ПЖ, budzma.org