Лета мінула, але і ўвосень вандроўкі не страчваюць сваёй актуальнасці, зараз у іх прыўносіцца асаблівая рамантычнасць атмасферы краявідаў, стану прыроды. Кожны, хто здольны адчуць, абавязкова знойдзе нешта сваё. Варта рушыць, каб зразумець. Падарожнікаў, што завітаюць на Слонімшчыну, чакае шмат цікавага. Каб нічога не прапусціць, сабралі для вас сем найбольш цікавых для турыстаў аб’ектаў Слонімскага раёна.
Фота: planetabelarus.by
1. Возера Бяздоннае
Найперш скіруемся да возера Бяздоннае, што на поўдзень ад вёскі Клепачы Слонімскага раёна. З гэтым прыродным аб’ектам звязаная процьма легендаў. Найчасцей за ўсё месцічы ўзгадваюць наступную. Калісьці на месцы сучаснага возера была вёска з дзвюма вуліцамі. Аднойчы Бог хадзіў па зямлі і прыйшоў у гэтую вёску ў выглядзе жабрака. Ён прасіў дапамогі, але месцічы не вельмі ветліва яго сустракалі: зневажалі, адмаўлялі ў ежы і пітве, не пускалі пагрэцца.
Фота: planetabelarus.by
На ўскрайку вёскі жылі бацька з сынам. Яны запрасілі жабрака ў дом, пасадзілі за стол, напаілі, накармілі. На развітанне той параіў гасцінным гаспадарам хутка збірацца і сыходзіць на поўнач, бо вёскі хутка не стане, а галоўнае, загадаў не азірацца назад. Бацька з сынам неадкладна кінуліся з вёскі, забраліся на пагорак, але не стрымалі цікаўнасці, азірнуліся ды пабачылі, што на месцы, дзе была вёска, утварылася вялікае возера. А самі ўцекачы імгненна ператварыліся ў два валуны, якія можна пабачыць ля возера і сёння.
Месцічы называюць іх камень-бацька і камень-сын. Так і ляжаць яны на беразе. А возера называюць Бяздонным, бо вёска правалілася ў бездань. Мясцовыя кажуць, што ніхто дакладна так і не здолеў вымераць глыбіню Бяздоннага ды дастаць да дна, бо яно нібыта жывое, можа з’яўляцца і сыходзіць з-пад ног у любым месцы. З агульнадаступных звестак вядома, што максімальная глыбіня Бяздоннага каля 15 метраў, а так яно ці не, турыстам лепш не правяраць. А вось навакольнымі краявідамі насалодзіцца варта.
2. Новадзевяткавічы, колішні Петрапаўлаўскі касцёл
Наступны прыпынак у нашай вандроўцы прапануем зрабіць у вёсцы Новадзевяткавічы, архітэктурнай перлінай якой з’яўляецца колішні касцёл Святых Пятра і Паўла. У 1786 годзе тагачасны гаспадар Новадзевяткавічаў Тадэвуш Слізень распачаў тут будаўніцтва мураванага храма як пахавальнай сямейнай капліцы.
Фота: planetabelarus.by
Храм быў пабудаваны ў барочным стылі з рысамі класіцызму. У 1863 годзе мясцовы ксёндз Васілеўскі падтрымаў Студзеньскае паўстанне, за што быў сасланы ў Сібір, пасля чаго храм расійскімі ўладамі быў аддадзены праваслаўным. Нягледзячы на тое, што ён быў прыватнай уласнасцю Слізняў, мясцовая адміністрацыя ініцыявала павятовы сход, на якім сфабрыкавала прашэнне аб закрыцці касцёла ад імя саміх сялянаў. Такім чынам, у 1869 годзе касцёл быў перабудаваны ў царкву па праекце гродзенскіх губернскіх архітэктараў Ціхвінскага і Крыжаноўскага.
Фота: fotobel.by
У міжваенны час касцёл быў вернуты каталікам. Калі прыйшлі Саветы, зноў зачынены. У 1941 годзе нямецкія ўлады аднавілі працу касцёла. А ў 1944 годзе партызанскі атрад Шчорса, што спаліў знакаміты палац Пуслоўскіх у Косаве, паспрабаваў знішчыць храм. Але будынак выстаяў і пасля вайны быў пераўладкаваны пад сховішча. Толькі ў 1990-я вернуты вернікам.
3. Дзеравянчыцы, пахавальная капліца роду Ордаў
У вёсцы Дзеравянчыцы калісьці быў маёнтак старажытнага шляхецкага роду Ордаў, з якога паходзіць і знакаміты мастак ды кампазітар Напалеон Орда. Ад маёнтка ХІХ стагоддзя тут захаваліся толькі прысядзібны парк, крушні гаспадарчых пабудоваў і родавая пахавальная капліца.
Фота: planetabelarus.by
Капліца адрэстаўраваная і знаходзіцца ў добрым стане. Яна была пабудавана па смерці жонкі Пятра Орды Эвеліны ў 1852 годзе. Гаспадар маёнтка перанёс яе парэшткі са слонімскіх могілак. Капліца была асвечана 29 кастрычніка 1852 года.
Сам Пётр Орда падчас паўстання 1863 года актыўна падтрымліваў інсургентаў, быў чальцом нелегальнай Слонімскай бібліятэкі, паводле чутак, захоўваў зброю для паўстанцаў у родавай капліцы. Пасля задушэння паўстання прыналежнасць маёнтка да яго ўладальніка царскія ўлады не далі рады даказаць, таму Дзеравянчыцы засталіся пры Ордах. Далей тут гаспадарыў сын Пятра Орды Юзаф. Яны з жонкай Марыляй пахаваныя ў капліцы, якую абавязкова варта наведаць у Дзеравянчыцах.
Фота: radzima.org
4. Вялікія Шылавічы, колішняя царква Святога Мікалая, сёння храм Казанскай іконы Божай Маці
Наступным нашым прыпынкам будзе аграгарадок Вялікія Шылавічы. Архітэктурнай перлінай Вялікіх Шылавічаў сёння з’яўляецца царква Казанскай Божай Маці — помнік архітэктуры позняга класіцызму. Храм ўзведзены ў 1818 годзе і асвечаны ў гонар Св. Мікалая, але ў 1882 годзе ён быў пашкоджаны маланкай і істотна перабудаваны, тады царква і атрымала сваю другую назву. Вядома, што ля гэтай царквы ў 1863 годзе быў зачытаны маніфест Студзеньскага паўстання ды месцічы вёскі масава далучаліся да паўстанцкіх шэрагаў.
Фота: planetabelarus.by
На падворку царквы ў Вялікіх Шылавічах можна пабачыць мемарыяльны крыж ахвярам рэпрэсій, які быў усталяваны мясцовымі жыхарамі ў верасні 1999 года. На шасціканцовым крыжы змяшчаецца шыльда з надпісам, які нагадвае пра забойства мясцовага праваслаўнага святара ў 1939 годзе. Гэтым святаром быў протаіерэй Андрэй Куц, колішні выкладчык Віленскай і Крамянецкай духоўных семінарыяў.
5. Гутка-Паслоўская, колішняя сядзіба Пуслоўскіх, сёння дзіцячы летнік «Іса»
Наступныя перліны Слонімшчыны знаходзяцца ва ўрочышчы Гутка-Паслоўская. Усе яны калісьці належалі да маёнтка Гутка шляхецкага роду Пуслоўскіх — буйных землеўласнікаў, гаспадарам шматлікіх паселішчаў на тэрыторыі Беларусі. Сёння ў Гутцы ў колішняй сядзібе Пуслоўскіх месціцца дзіцячы летнік.
Фота: telegra.ph
Пра сядзібу вядома няшмат: пабудаваная яна напрыканцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя ў стылі мадэрн. Апошнім гаспадаром тут быў Уладзіслаў Пуслоўскі. Па Другой сусветнай вайне немцы размясцілі ў будынку шпіталь для лётчыкаў, у 1946 годзе тут адчынілі прытулак для дзяцей-сіротаў. У 1950-х установа перайшла ва ўласнасць чыгункі і сядзібу перакваліфікавалі ў дзіцячы летнік «Іса» (у гонар рэчкі, якая працякая побач), які знаходзіцца тут і па сённяшні дзень.
Побач з сядзібай захаваліся яшчэ дзве гаспадарчыя пабудовы: лядоўня і флігель. Лядоўня першапачаткова выглядала як васьмікутны драўляны будынак. Сёння яе патынкавалі, пафарбавалі, паклалі металічную дахоўку. Флігель — кампактная аднапавярховая драўляная пабудова з маленькім ганкам. Раней тут жылі служкі, сёння гэта адзін з карпусоў з пакоямі для наведвальнікаў летніка.
Фота: telegra.ph
Фота: telegra.ph
6. Расколаты камень
Наступным цудам Слонімшчыны прапануем лічыць валун Расколаты камень, што ляжыць у лесе паблізу колішняга маёнтка Пуслоўскіх, сёння прыгарада Слоніма, Альберцін. Камень больш за тры метры ў вышыню, тры з паловай метры ў шырыню і даўжыню.
Фота: planetabelarus.by
З каменем звязана процьма легендаў. Самая распаўсюджаная пра Янку-асілка, які сустрэў дзяўчыну надзвычайнай прыгажосці, і вядома, закахаўся. Ды нават узаемна. Але ж на прыгажуню прэтэндаваў яшчэ і двухгаловы цмок. Янка з цмокам учынілі бойку за дзяўчыну пасярод поля. Доўга біліся. Янка адчуваў, што перамога ўжо блізка, але ў яго нечакана прытупіўся меч. Пачаў наракаць Янка, што завастрыць зброю няма дзе, ды пачаў шукаць побач хаця б камень. І ў момант вырас перад ім валун, нібы шчытом захінуў. Не даў рады змей мячом сваім забіць Янку, злосна секануў па камені з усёй моцы, той раскалоўся і выбіў меч з варожых рук. Тут Янка і дабіў цмока. А расколаты валун па сёння ляжыць на Слонімскай зямлі.
Фота: fotobel.by
Адмыслоўцы ж кажуць, што Расколаты камень быў прынесены сюды ледавіком каля 150–220 тысячаў гадоў таму са Скандынавіі ды раскалоўся падчас таго, як лёд таяў. Якая версія больш даспадобы, кожны абірае сам. Але ж месца вельмі атмасфернае, яго варта наведаць.
Фота: fotobel.by
7. Парэчча, царква Святога Георгія, помнік Міхалу Валовічу
Далей прапануем рушыць на радзіму Міхала Валовіча — філамата, філарэта, удзельніка паўстання 1830–1831 гадоў, кіраўніка сялянскага паўстання на Слонімшчыне 1833 года, паглядзець на маляўнічыя ўзгоркі на беразе ракі Шчара, пабачыць царкву ХІХ стагоддзя ды мемарыяльны знак, прысвечаны Міхалу Валовічу.
Фота: Мікіта Пастухоў
Існуе меркаванне, што маці Міхала Валовіча выкупіла цела сына пасля пакарання шыбеніцай і адвезла ў вёску Парэчча, каб пахаваць на мясцовых могілках. Там быў узведзены вялікі помнік герою і 12 пакараным смерцю ягоным паплечнікам з белага мармуру. Але калі ў 1939 годзе на Слонімшчыне была ўсталявана савецкая ўлада, помнік быў знішчаны. У 2003 годзе неабыякавыя месцічы стварылі новы мемарыял Валовічу і 12 ягоным паплечнікам, які раім наведаць для ўшанавання памяці.
Побач з мемарыялам можна пабачаць цагляную царкву, пабудаваную ў рэтраспектыўна-рускім стылі ў другой палове ХІХ стагоддзя, асвечаную ў гонар Св. Георгія. За Валовічам на месцы сучаснай царквы была драўляная ўніяцкая, якая згарэла пры нявысветленых абставінах. Сучасная Свята-Георгіеўская царква ў Парэччы — помнік, тыповы для свайго перыяду, але выглядае дастаткова маляўніча на высокім беразе Шчары.
Фота: Мікіта Пастухоў
ПЖ, budzma.org