З развіццём сучасных тэхналогій становіцца лягчэй навучыцца размаўляць па-беларуску: з’яўляецца ўсё больш новых ініцыятыў, гурткоў, пляцовак, клубаў і проста беларускамоўнага кантэнту. Зрабілі для вас падборку цікавых праграм і платформ, з дапамогай якіх могуць вывучаць беларускую мову анлайн дзеці і дарослыя.
«Лемантар»
Ураджэнец Гродна Яўген Сліж стварыў бясплатную мабільную праграму Lemantar, каб навучыць сына чытаць перад школай. Гульня ў першую чаргу прызначана для дзяцей, якія вучацца або ўмеюць чытаць, але можа быць цікавай і дарослым. Дызайн гульні распрацаваў мінчанін Ілля Кравец.
Праграма змяшчае лексіку з розных сфер жыцця: адзенне, ежа, жывёльны і раслінны свет, цела чалавека — і дазваляе даведацца пра значэнне і напісанне слоў на беларускай мове.
Шырокі набор слоў падаецца невялікімі міні-гульнямі.
Гульцу паказваецца слова і чатыры карцінкі, з якіх ён павінен выбраць тую, якая адпавядае зададзенаму слову. Балы налічваюцца за правільныя адказы. Цяпер у гульні 14 узроўняў, ім адпавядаюць розныя жывёлы і вядомыя беларускія выразы.
«Лемантар — беларускі алфавіт»
Праграма дапамагае хутка вывучыць літары беларускага алфавіта і зрабіць першыя крокі да навучання чытанню.
Стваральнікі ўлічылі ўсе асаблівасці беларускай мовы: дзеці пазнаёмяцца з дыграфамі дж і дз, а таксама з апострафам; ёсць магчымасць вывучаць беларускую лацінку.
Праграма «Лемантара» складаецца з некалькіх блокаў.
У першым кожная літара алфавіту адпавядае свайму вымаўленню, назве і малюнку. Адразу ўводзяцца выявы вялікіх і малых літар, а таксама іх вымаўленне. Карыстальнікі могуць выбраць у наладах, што канкрэтна вывучаецца ў пэўны час.
У другім блоку ёсць гульня, дзе карыстальніку прапануеца знайсці літару, з якой пачынаецца слова. Дзеці атрымліваюць агучаны малюнак і выбіраюць адказ з прапанаваных. Пры праходжанні гульні карткі мяняюцца, каб дзіця абапіралася не на маторную, а на зрокавую памяць. Такім чынам замацоўваюцца веды і робіцца крок да навучання чытанню.
Спампаваць «Лемантар — беларускі алфавіт»
DuoCards
DuoCard — гэта праграма, якая дапамагае вывучаць новую мову або палепшаць слоўнікавы запас тых, што вы ўжо ведаеце. У тым ліку з яе дапамогай можна вывучаць беларускую мову.
У праграме выкарыстоўваецца метад вывучэння моўных картак з паўтарэннем. Ёсць магчымасць навучацца па артыкулах або відэа YouTube з субтытрамі. Трэба націснуць на невядомыя словы, каб убачыць іх пераклад.
За прагрэс гульцы атрымліваюць балы-агеньчыкі, дзякуючы якім дом маманта Мемо будзе абнаўляцца. І наадварот, балы адымаюцца за бяздзейнасць.
Слоўнік з Зубрыкам
Мабільная праграма «Слоўнік з Зубрыкам» працуе па сістэме інтэрвальнага паўтарэння слоў на картках.
Дзеці могуць паглядзець малюнкі з подпісамі і паслухаць, як гучаць словы, а потым скласці слова з літар. Дзякуючы Зубрыку — герою гульні, які атрымлівае заахвочванне і пачастункі пасля выканання заданняў, — вучыцца весела і цікава.
Стваральніца праграмы Алена Жук казала ў інтэрв’ю «Радыё Свабода», што хацела зрабіць вывучэнне мовы нясумным і негвалтоўным: «Я зразумела, што зрабіць такую аплікацыю будзе добра і для маіх дзяцей, і некаму яшчэ спатрэбіцца, каб падтрымліваць цікавасць да мовы. Сама аплікацыя — гэта праект, які хоча жыць, бо шмат падтрымкі ад іншых людзей, шмат цікавасці. Ну, і сам Зубрык — персанаж вясёлы, жыццяздольны, які хоча існаваць»
Праграма знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі, але ёй ужо можна карыстацца.
Спампаваць «Слоўнік з Зубрыкам»
«Мова прафесіі»
Стартап «Мова прафесіі» нарадзіўся на базе сэрвісу say.by, які дапамагае беларусам даведацца, дзе і ў якіх кампаніях можна атрымаць паслугі на беларускай мове. Мабільная праграма «Мова PRO» дазваляе праверыць і палепшыць свае веды па беларускай мове. Асноўная мэта стваральнікаў — дапамагчы кампаніям з навучаннем супрацоўнікаў беларускай мове.
Заданні даюцца ў тэкставым і галасавым выглядзе. Трэба паўтарыць пэўны выраз, альбо апісаць голасам тое, што вы бачыце на малюнку. Праграма дазваляе трэніраваць маўленне і ўспрыманне на слых беларускай мовы.
LingoHut
З LingoHut можна вывучаць больш за 45 моў, у тым ліку беларускую. Праграма складаецца са 125 урокаў і дазваляе праглядаць спіс слоў і выразаў на розныя тэмы з перакладам.
Ёсць традыцыйныя практыкаванні, у якіх трэба ўстаўляць прапушчаныя словы, а таксама простыя гульні: на падбор адпаведнасцяў, на аўдзіраванне, крыжыкі-нулікі і на канцэнтрацыю. Праграма дае магчымасць вывучаць беларускую мову праз любую іншую мову са спісу.
Мова Нанова
На сайце «Мова Нанова» запрацавала платформа для анлайн-вывучэння беларускай мовы. Праект не мае мабільных дадаткаў, але працуе ў браўзерах. Усе матэрыялы аўтарскія, створаныя выкладчыкамі курсаў «Мова Нанова» Алесяй Літвіноўскай і Глебам Лабадзенкам.
Кожны ўрок складаецца з 5 частак: лексіка, слоўнікавы тэст, граматыка, граматычны кантроль, дробязі. Тэсты лёгка прайсці пасля вывучэння адпаведных матэрыялаў. Колькасць правільных адказаў падлічваецца аўтаматычна.
Рэгулярна выходзіць і праграма «Мова нанова» — гэта не ўрокі, а размовы на моўныя тэмы з самымі рознымі людзьмі.
Па-беларуску з Вінцуком Вячоркам
Аўтарская рубрыка мовазнаўцы Вінцука Вячоркі на сайце «Радыё Свабода». Тут раз на тыдзень змяшчаюцца тэксты пра асаблівасці беларускай мовы і маўлення, а таксама аўдыя і забаўляльныя моўныя тэсты, якія дапамогуць вам атрымаць і замацаваць свае веды.
В.Ч., budzma.org