95 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Надсана

08.08.2021 Асоба
Легендарны беларускі грэка-каталіцкі святар, апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы айцец Аляксандр Надсан нарадзіўся 8 жніўня 1926 года ў мястэчку Гарадзея Нясвіжскага раёна. З нагоды 95-годдзя з дня нараджэння прыгадваем знакавыя факты яго біяграфіі.

nadsan150416-9bs60.jpg
Айцец Аляксандр Надсан. Фота Рад*ё Св*б*д*

Сапраўднае прозвішча айца Аляксандра - Бочка. Псеўданім Надсан ён узяў сабе адразу пасля эміграцыі з СССР. Паходзіў з сям’і настаўніка Антона Бочкі, маці таксама была настаўніцай. З дзяцінства хлопец размаўляў з маці па-французску. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, дзе, як і бацька, вучыўся на настаўніка матэматыкі. Семінарыя, паводле ягоных пазнейшых сведчанняў, не толькі дала яму адукацыю, але й назаўсёды зрабіла перакананым беларусам. У час вайны Аляксандр Надсан узначаліў мясцовае аддзяленне

Саюза Беларускай Моладзі, стаяў у ахове Другога ўсебеларускага кангрэсу ў Мінску, быў скіраваны на Заходні фронт, у Францыю, дзе далучыўся да Руху Супраціўлення. Пазней ваяваў у Італіі ў складзе арміі генерала Андэрса, дзе ён быў паранены.

У Брытаніі, дзе айцец Аляксандр апынуўся пасля вайны, ён за некалькі месяцаў самастойна авалодаў англійскай мовай і паступіў у Лонданскі універсітэт на аддзяленне матэматыкі. У 1946 г. Аляксандр Надсан становіцца адным са стваральнікаў Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі, адной з найстарэйшых беларускіх арганізацыяў у замежжы, якая дзейнічае і сёння. Таксама ён удзельнічае ў працы Беларускага акадэмічнага каталіцкага аб’яднання «Рунь», што гуртавала інтэлектуальную беларускую моладзь у Заходняй Еўропе і ЗША.

Увосень 1953 г. А.Надсан едзе ў Рым, дзе праводзіць наступныя шэсць гадоў у Грэцкай калегіі. 23 лістапада 1958 г. ён быў высвечаны на святара і ў наступным годзе вярнуўся ў Лонданскую місію.

Святарскае служэнне для айца заўсёды было звязанае з працаю дзеля захавання беларускай культуры. Таму і працаваў ён актыўна ў складзе Англійска-Беларускага таварыства, чытаў культуразнаўчыя лекцыі, друкаваўся ў перыядычных выданнях, цікавіўся старадрукамі, скарыназнаўствам, рабіў унікальную працу па даследаванні і транслітарацыі аль-кітабаў.

Пасля смерці біскупа Сіповіча а.Аляксандр стаў рэктарам місіі ў Лондане, а ў 1986 г. яго прызначылі Апостальскім візітатарам для  беларусаў-каталікоў замежжа.

Калі была знята жалезная заслона, айцец прыехаў у Беларусь — з дапамогаю для дзяцей.

З восені 2014 года Аляксандр Надсан цяжка хварэў. Памёр у выніку развіцця хваробы нырак 15 красавіка 2015 года ў Лондане. Пахаваны на Лонданскіх могілках Святога Панкрата.

Усё жыццё айцец Аляксандр актыўна працаваў на карысць Бацькаўшчыны. Дзякуючы дзейнасці айца Аляксандра сёння ў Лондане існуе найбагацейшая скарбніца беларусікі ў замежжы, дзякуючы яго перакладам беларуская мова ўвайшла ў сям’ю сакральных моваў. Навуковыя працы айца Аляксандра атрымалі шырокую вядомасць у свеце, імі карыстаюцца, іх шануюць практычна ўсе навукоўцы, якія займаюцца Беларуссю.


Паводле zbsb.org