Як аб’яднаць беларусаў у эміграцыі? Ці можна граць панк-рок, калі не адчуваеш сябе панкам? Як падаць гісторыю ў ракурсе, зразумелым шырокім масам? Паразмаўлялі пра гэта з лідарам гурта DZIECIUKI Алесем Дзянісавым напярэдадні «Беларускіх панк-фолк Калядаў», якія адбыліся ў Познані 13 студзеня. Напачатку гутаркі Алесь адразу паведаміў важную навіну: гурт DZIECIUKI далучыўся да ініцыятывы беларускіх адвакатаў, прызваную спыніць катаванне Максіма Знака.
DZIECIUKI на «Беларускіх панк-фолк Калядах» у Познані
«Трэба ведаць, што гэта чалавек, які змагаўся за нашыя правы, а цяпер сам апынуўся ў бяспраўным становішчы. Ён пазбаўлены ўсіх відаў сувязі з навакольным светам: доступу да адваката, права на ліставанне і тэлефанаванне блізкім. Фактычна ў міжнароднай практыцы такая сітуацыя прыраўноўваецца да катавання. Мы не хочам, каб гэта пашыралася на астатніх палітзняволеных, і таму падтрымалі ініцыятыву. Мы ўвогуле супраць любых катаванняў. Кожнага чалавека шкада, і зразумела, што адбываецца ў беларускіх турмах», — пракаментаваў Алесь.
— Вашы канцэрты забаранялі ў Беларусі яшчэ да таго, як гэта стала мэйнстрымам. Якія адчуванні былі тады?
— У часы адлігі, калі шмат чаго было дазволена, афіцыйна экстрэмістамі нас не прызнавалі. Аднойчы забаранілі мой асабісты канцэрт з прэзентацыяй першага сольнага альбома на вершы Алеся Чобата, сябра ПЭН-клуба, удзельніка розных пісьменніцкіх, літаратурных арганізацый. З аднаго боку, забаранілі Чобата — вельмі таленавітага, нават геніяльнага паэта. А з іншага боку, можа, гэта распаўсюдзілася і на мяне — важна было неяк забараніць канцэрт. У любым выпадку, нават калі доказы не патрэбны, як у сучаснай Беларусі, такія забароны вымушаны праходзіць пэўныя бюракратычныя працэсы. Сяргей Будкін (беларускі журналіст, прадзюсар, кіраўнік Беларускай рады культуры — заўв. рэд.) падаў запыт у Мінгарвыканкам — маўляў, на якой падставе вы забараняеце канцэрт? У адказ прыйшла папера, дзе чорным па беламу, ужо афіцыйна — з прозвішчамі прадстаўнікоў культуры, якія сядзелі ў камісіі — было акрэслена, што канцэрт забаронены па прычыне нізкага мастацкага ўзроўню. У мяне нават гонар з’явіўся — я стаў першым «дыпламаваным баранам».
Алесь Дзянісаў падчас канцэрта. Фота: Budzma.by
— Ці з’яўлялася жаданне з’ехаць з краіны, бо паўнавартасна выступаць на радзіме было амаль немагчыма?
— Я працаваў на Belsat — спачатку журналістам, потым аператарам. Ясна было, што ў любы момант могуць прыйсці. Так што задумвацца пра нейкія перашкоды яшчэ і з гэтага боку было недарэчна. Маючы гістарычную адукацыю, я ўжо напрыканцы 1990-х разумеў, да чаго ўсё ідзе: былі відавочныя прычынна-следчыя сувязі. Аўтарытарная, ды ўвогуле любая ўлада мімікрыруе, перараджаецца ў таталітарызм, калі яна не мае кантролю з боку грамадства.
— Зараз абмяркоўваюць затрыманне Nizkiz. Некаторыя асуджаюць музыкантаў за тое, што яны засталіся ў Беларусі нягледзячы на рызыку. Што вы думаеце на гэты конт?
— Я б усім крытыканам проста нагадаў, што галоўныя іх апаненты, на якіх валяцца асуджэнні, абвінавачанні ў інфантылізме, зараз знаходзяцца за кратамі. Таму трэба проста закрыць рот.
Потым, калі людзі апынуцца на волі, можаце ім сказаць, якімі яны былі інфантыламі. Вось толькі тады пачынайце сваю крытыку. Як па мне, тупа весці зараз такія размовы. Тупа і несумленна — гэта брудныя гульні. Дзе сядзяць тыя, хто іх распачынае? У Вільні, у Варшаве? А Nizkiz сядзяць за кратамі.
— Чаму вы абралі гістарычную тэматыку для многіх песень? Адкуль з’явіўся інтарэс да гісторыі?
— Шмат вершаў на гістарычную тэматыку напісаў Дзяніс Жыгавец — потым яны перарабляліся ў тэксты для песень. Я асабіста вершы не пішу — пішу тэксты, бачу паміж імі розніцу. У мяне ўсё прывязана да музыкі. Прычым бывае так, што спачатку ўзнікае яна, а ўжо потым — тэкст. І Дзяніс, і я маем гістарычную адукацыю — хацелі паказаць альтэрнатыўную гісторыю, у тым ліку, часоў антыбальшавіцкіх паўстанняў, БНР. Пры гэтым мы не нацыяналюгі кшталту беларусы — наперад, мы шчыльнымі радамі зараз усё змяцем на сваім шляху. Да гэтага моманту існавала толькі лукашэнкаўская прапаганда ды выходзілі злобныя металісты — нешта такое пафаснае часалі.
Ніхто не спрабаваў. Нам падалося, што панк-рок для гэтага пасуе — нягледзячы на тое, што гэта стыль, які цяпер адыходзіць.
У моладзі зараз іншая музыка папулярная, а я не ўмею сачыць за моднымі фішкамі. Я раблю тое, што магу рабіць.
Алесь Дзянісаў з музыкантам Сяргеем Башлыкевічам
— Ці можна граць панк-рок, калі не адчуваеш сябе панкам? То-бок, ці магчыма казаць штосьці са сцэны, а жыць зусім іншым жыццём?
— Складана было, калі я працаваў настаўнікам у школе — яна абавязвала апранаць кашулю пад пінжак. Але завушніцы я ніколі не здымаў, насіў доўгія валасы, заўсёды хадзіў у джынсах, хаця на мяне шыкалі. Думаю, у першую чаргу трэба заставацца проста харошым чалавекам і старацца рабіць менш гадасці. Вельмі складана знайсці той крытэрый — панк ты ці не. Ясна, што калі расфарбаваныя моднікі ў заклёпках нешта там гарлапаняць, а жывуць па-іншаму — гэта выглядае трошачкі так сабе.
Усё залежыць ад таго, што ты кажаш са сцэны, за што нясеш адказнасць. Напрыклад, нам можна прад’явіць: вось у вас ёсць песня — кавер на Захара Мая «Калі нашыя танкі заедуць у Менск».
Раней я заўсёды аджартоўваўся, што нашыя танкі заедуць з кветкамі і цукеркамі — будзем раздаваць балонікі дзецям, жанчынам. Але зараз я ўжо думаю — ну якія балонікі пасля ўсіх гэтых падзей? Вітольд Ашурак казаў, што беларус беларусу беларус. Я разумею, што ён меў на ўвазе — Вітольд быў вельмі рамантычным, светлым чалавекам. Але пры гэтым я не магу лічыць тых беларусаў, якія закатавалі яго да смерці, сваімі братамі.
— Ці змянілася стаўленне да гісторыі Беларусі і вашых песень пасля падзей 2020?
— Велізарная колькасць людзей, і я спадзяюся, што мы таксама да гэтага прыклалі руку, пачала цікавіцца гісторыяй. Але справа ў тым, што існуе адарванасць ад шырокіх колаў.
Возьмем, напрыклад, Лявона Вольскага. Нават ён не меў такога моцнага ўплыву на масы. Таму што яго няма ў тэлевізары, няма на папулярным радыё — няма магчымасці ўплываць на большасць беларусаў. Але між тым у значнай часткі людзей — у першую чаргу людзей адукаваных, якія ўмеюць рабіць высновы, якія выхавалі ў сабе крытычны погляд, якія ўмеюць крытыкаваць, браць інфармацыю з розных крыніц — назіраецца ідэйнасць.
Але для таго, каб ацэньваць ці крытыкаваць, трэба мець аднолькавыя ўмовы і плюралізм — каб мы маглі спрачацца, мелі роўныя магчымасці, каб людзей не саджалі ў турму за погляды толькі таму, што яны адрозніваюцца ад іншых. І не таму, што яны хочуць галаву камусьці знесці, а проста таму, што па-іншаму бачаць развіццё сваёй краіны, яе любяць, любяць свой народ, сваю культуру.
— Як можна аб’яднаць беларусаў у эміграцыі? Ці можа музыка гэтаму паспрыяць?
— Гэта мы бачым у Польшчы і Літве па нізавых ініцыятывах. Калі ў людзей ёсць жаданне траціць на ўдзел у іх час, сілы, яны будуць штосьці рабіць. Калі чалавек па дурасці выйшаў на пратэсты, і яму не цікава ўся гэта беларушчына, ён лічыць галоўным выжыць за мяжой і зарабіць як мага больш грошай, яму не будзе патрэбна ніякае аб’яднанне.
Алесь Дзянісаў з сябрамі
— Якія ў вас планы на будучыню?
— Я вырашыў больш увагі аддаваць акустычным выступам — сольным ці гуртом кшталту «Людзей на балоце». Было б добра паралельна вярнуцца да гэтага фармату, таму што мне асабіста яго бракуе. Вельмі бесіць, што мяне асацыіруюць толькі з гуртом DZIECIUKI. Ніхто, зразумела, не памятае пра гурт «КальЯн», пра «Людзей на балоце» ўжо даўно забылі. У мяне ёсць два сольныя альбомы, ёсць шмат песень на ўласныя тэксты і на вершы шмат каго, але яны не падыходзяць гурту.
Гурт DZIECIUKI мусіць быць, але шмат песень ўжо забытыя ці неактуальныя. Таму ў нас нядаўна і выйшаў альбом толькі з трох песень. Увогуле запісалі пяць, канцэптуальна дзве з іх да альбома не пасавалі. Нават кліпы зробленыя — прычым змантаваныя яны былі раней, чым запісаныя песні. У кліпах здымаліся людзі, якія засталіся ў Беларусі. І ўжо думаеш: калі выкласці гэтыя кліпы, што будзе з гэтымі людзьмі? Сітуацыя такая, што пачынаеш разважаць не толькі пра свае асабістыя інтарэсы.
Таццяна Краўчанка, Budzma.org
Фота аўтаркі і з асабістага архіва Алеся Дзянісава