Птушкай наступнага года выбрана патрыётка Палесся, паляшучка — белая сініца (рус. — белая лазоревка) — невялікая прыгожая пеўчая птушка, якая жыве ў нас толькі на Палессі. Менавіта за яе кандыдатуру прагаласавалі сябры грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ). Яна змяніла леляка — птушку 2021 года.
Да гэтага яна перамагла ў «птушыных праймерыз» — анлайн-галасаванні, у якім мог удзельнічаць любы чалавек. Так яна стала адной з трох кандыдатак на званне птушкі года, астатнімі былі скапа і звычайная туркаўка.
Фота: Андрэй Шэўчык
У лютым падчас штогадовага З’езду АПБ прадстаўнікі груп падтрымкі кожнай птушкі-кандыдата правялі агітацыйныя выступы, паказалі прэзентацыі пра сваіх абранніц і прывялі аргументацыю, каб пераканаць сябраў АПБ прагаласаваць менавіта за «сваю» птушку.
Пасля З’езду ўсім сябрам арганізацыі былі разасланыя бюлетэні з пячаткай, які яны запаўнялі і адсылалі назад. Фармат «паштовага» галасавання быў выкарыстаны ўпершыню. «Яўка» выбаршчыкаў парадавала — прагаласавала 643 чалавекі. Белая сініца перамагла з вялікім адрывам. Больш інфармацыі ў відэа.
Відэа — як лічылі галасы
Што ж гэта за птушка? 10 фактаў пра яе.
Белая сініца мае яшчэ адну назву — князёк, сапраўдны князёк сярод сініц! Гэта адзін з сямі відаў сініцавых у Беларусі.
Від уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі яшчэ з першага выдання. Колькасць у Беларусі апошні раз ацэньвалася ў 2015 годзе ўсяго ў 500-800 пар.
Птушка меншая за вераб’ёў: вага да 16 г, размах крылаў да 21 см. У кладцы да 11 яек. Два тыдні птушкі іх наседжваюць і столькі ж выкормліваюць птушанят.
Гняздуе ў Беларусі і Украіне толькі ў Палессі і нават узімку не пакідае яго. Птушкі канцэнтруюцца вакол Прыпяці і на яе прытоках. Тут белая сініца ўтварае ізаляваную папуляцыю. Асноўны ж арэал расцягнуўся паласой ад Масквы да Японскага мора.
Фота: Андрэй Шэўчык
Для гнездавання птушцы патрэбны дубровы, чорнаалешнікі і старыя вербалозы, якія ўвесну заліваюцца вадой падчас паводкі. Таму менавіта вакол Прыпяці птушкі і жывуць і нідзе болей на захад, поўнач ці поўдзень. Пры ўтварэнні пары самец робіць адмысловы рытуал — корміць самачку.
У красавіку, калі ў белай сініцы пачынаецца гнездавы сезон, яе лёгка заўважыць: самец вельмі актыўна спявае на сваім участку. А вось падчас выкормлівання птушанят белыя сініцы паводзяцца як партызаны — хаваюцца.
Гняздо робіць, як і іншыя сініцавыя, у дупле, вядомыя выпадкі гнездавання ў шчылінах дамоў. Не цураецца людзей і часта селіцца ў населеных пунктах. З задавальненнем займае сінічнікі — штучныя дуплянкі. Гнёзды часта робіць нізка, часам усяго на паўметра ад зямлі!
Фота: Андрэй Шэўчык
Узімку яе можна пабачыць у густых зарасніках трыснягу па поймах рэк. Яна расшчапляе моцнай дзюбай цвёрдыя сцёблы трыснягу і парасонавых раслін, адшукваючы схаваных там лічынак казурак. Узімку можа есці і насенне.
Белая сініца — адзін з самых папулярных відаў беларускіх птушак за мяжой, шмат турыстаў прыязджае да нас на Палессе, каб пабачыць менавіта яе.
Нацыянальную кампанію «Птушка года» АПБ праводзіць з 2000 года, каб прыцягнуць увагу людзей да дзікіх птушак Беларусі іх праблемаў і неабходнасці захавання тых месцаў, дзе яны жывуць.
Павел Пінчук, арнітолаг нацыянальнага парку «Прыпяцкі»:
— Асноўныя пагрозы для белай сініцы — меліярацыя пойм палескіх рэк і забалочаных лясоў, веснавыя палы ў поймах. Яшчэ адна з пагроз — недахоп месцаў гнездавання праз вырубку старых дрэў, акрамя таго, шмат птушанят гіне ў гнёздах, якія недастаткова абаронены ад драпежнікаў (у першую чаргу ў вёсках — ад катоў). Выраб адмысловых сінічнікаў мог бы дапамагчы ў павелічэнні папуляцыі птушкі 2022 года. Акрамя таго, біялогія гэтага скрытнага віду кепска даследавана ў Беларусі, як і ва ўсім арэале. Кальцаванне дапаможа атрымаць больш інфармацыі пра перамяшчэнні белых сініц.
Цягам года арнітолагі будуць адлоўліваць і пазначаць белых сініц каляровымі кольцамі. Паназіраць за працэсам кальцавання можна будзе ў Тураве на першай у Беларусі станцыі кальцавання. Глядзіце ўважліва на ногі сустрэтых князькоў — ці няма там кольца? — і фатаграфуйце іх!
Фота: Андрэй Шэўчык
Каб удакладніць трэнды беларускай папуляцыі князькоў, у Палессі АПБ плануе правесці адмысловыя ўлікі ў месцах іх гнездавання і закласці маршруты для будучага маніторынгу. Магчыма, атрымаецца даць новую ацэнку колькасці віду ў краіне.
Узімку ў межах кампаніі з дапамогай леснікоў і школьнікаў плануецца зрабіць і развесіць сотні дамкоў для белай сініцы на Палессі. Ляток у такіх дамках павінен быць 28 мм — далучайцеся! Вясной спецыялісты і аматары-птушкары правераць, хто пасяліўся ў гэтых сінічніках.
Каб нават з Аўстраліі кожны мог паназіраць за нашымі князькамі, АПБ паспрабуе зладзіць анлайн-трансляцыю з кармушкі ў Палессі, куды яны могуць прылятаць паласавацца семечкамі сланечніка. Калі вы жывяце недалёка ад поймы Прыпяці — пастаўце кармушку, і князькі прыляцяць і да вас!
Як і штогод, у 2022 годзе для дзяцей і дарослых будуць праводзіцца конкурсы і акцыі. За іх анонсамі можна сачыць на сайце ptushki.org і ў акаўнтах АПБ у сацсетках.
З надыходзячым 2022 годам, беларусы, годам белай сініцы!
Даведка: У мінулыя гады сімваламі Беларусі былі: белы бусел, белая пліска, авяльга, дамавы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга, вялікі кулён, чорны свіргуль, удод, звычайная зязюля, вушатая сава, жаўрук-смяцюх, шчыгел, вялікі арлец, глушэц. 2021 год праходзіць пад крыламі леляка.