5–7 верасьня 2026 году ў Нью-Ёрку адбылася 36-я Сустрэча Беларусаў Паўночнай Амэрыкі — найстарэйшы рэгулярны форум Беларускай дыяспары ЗША і Канады. Адным з галоўных яе вынікаў стаў зварот да Беларускіх арганізацыяў і супольнасьцяў розных краінаў з прапановай распачаць супольную працу над стварэньнем Сусьветнага Беларускага Кангрэсу.
Беларускае Радыё Рацыя атрымала матэрыял ад арганізатараў Кангрэсу (захаваны правапіс арыгіналу).
Катэдральны сабор Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Малітва за Беларускі Народ. 6 верасьня 2026 г.
Сёлетняя Сустрэча, арганізаваная Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньнем і Згуртаваньнем Беларусаў Канады, прайшла ў грамадзкай залі Катэдральнага Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў Брукліне. У ёй узялі ўдзел каля ста чалавек.
Акрамя Беларусаў ЗША і Канады, на форум прыехалі прадстаўнікі Беларускай дыяспары Вялікай Брытаніі і Польшчы. Злучаныя Штаты былі прадстаўленыя ўдзельнікамі з Нью-Ёрку, Вашынгтону, Мінэсоты, Флорыды, Пэнсыльваніі ды іншых рэгіёнаў, Канада — з Таронта, Атавы ды іншых гарадоў. У Сустрэчы брала ўдзел кіраўніцтва Згуртаваньня Беларусаў Вялікай Брытаніі. Такая геаграфія дазволіла пачуць розныя погляды на становішча Беларускай дыяспары і магчымыя шляхі яе далейшага супрацоўніцтва.
Традыцыю Сустрэчаў Беларусаў Паўночнай Амэрыкі заклалі ў 1952 годзе Беларусы паваеннай хвалі эміграцыі ў ЗША і Канадзе. Больш як сем дзесяцігодзьдзяў гэты форум застаецца адной з найстарэйшых формаў арганізаванага супрацоўніцтва Беларусаў замежжа.
Сёлетні форум меў выразную грамадзка-палітычную і нацыянальную скіраванасьць. Падзеі ў Беларусі і сьвеце, пагрозы Беларускай дзяржаўнасьці, новая хваля эміграцыі і значнае пашырэньне Беларускай прысутнасьці ў розных краінах паставілі перад удзельнікамі пытаньне ня толькі пра захаваньне традыцыйных асяродкаў, але і пра новыя формы супольнага дзеяньня і адказнасьці за будучыню Беларусі.
Праграма была пабудаваная вакол дзьвюх асноўных тэмаў: сучаснага стану і пэрспэктываў арганізаванай Беларускай дыяспары ў Паўночнай Амэрыцы і яе супрацоўніцтва зь Беларусамі ў іншых частках сьвету. Абмяркоўваліся каардынацыя паміж арганізацыямі, фінансаваньне супольных праектаў, міжнародная адвакатура Беларускіх інтарэсаў, інфармацыйная прастора, незалежныя Беларускія мэдыя, культура, кнігавыданьне, навука і захаваньне нацыянальнай тоеснасьці.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла звяртаецца да ўдзельнікаў Сустрэчы
Удзельнікі цёпла віталі Старшыню Рады БНР Івонку Сурвілу, якая адмыслова прыехала на Сустрэчу. Было агучана прывітаньне кіраўніка нацыянальна-вызвольнага руху «Вольная Беларусь» Зянона Пазьняка, якое зачытаў дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі XII скліканьня Юры Беленькі, адзін з удзельнікаў гістарычных падзеяў 1991 году. Удзельнікі таксама праслухалі відэазварот Паўла Севярынца, выступ Павала Шурмея, у мінулым камандзіра ПКК.
Асаблівае ўражаньне зрабіў відэазварот Першага Герарха Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, Архіяпіскапа Сьвятаслава, з Украіны. У гэты час ён знаходзіўся ў Чарнігаве, дзе незадоўга да Сустрэчы пацярпеў падчас расейскай атакі бесьпілётніка. Ягоны зварот з ваюючай Украіны набыў для прысутных асаблівае гучаньне.
Старшыня Парафіяльнай рады Парафіі Катэдральнага сабору Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне Аляксандар Хомчанка вітае ўдзельнікаў сустрэчы.
У нядзелю ў Катэдральным Саборы адбылася Багаслужба і малітва за Беларусь. Побач зь Бел-Чырвона-Белым Сьцягам стаялі сьцягі ЗША і Канады — краінаў, у якіх некалькі пакаленьняў Беларусаў змаглі стварыць і захаваць свае нацыянальныя асяродкі.
Адной з цэнтральных тэмаў стала кансалідацыя Беларускай дыяспары і стварэньне сталага мэханізму сувязі паміж Беларускімі арганізацыямі розных краінаў.
Гэтаму быў прысьвечаны Круглы стол № 1 «Кансалідацыя і каардынацыя дзейнасьці Беларускай дыяспары дзеля захаваньня дзейснай Беларускай прысутнасьці ў сьвеце і падтрымкі незалежнасьці і дэмакратычнага разьвіцьця Беларусі».
Удзельнікі канстатавалі: Сусьветная Беларуская Супольнасьць мае значны чалавечы, прафэсійны і арганізацыйны патэнцыял, аднак рэгулярныя сувязі і абмен інфармацыяй паміж яе асяродкамі застаюцца недастатковымі.
У выніковых высновах Круглага стала адзначана:
«Супрацоўніцтва ад выпадку да выпадку ўжо не адпавядае сучасным патрэбам. Патрэбны сталы мэханізм камунікацыі і каардынацыі».
Пры гэтым быў сфармуляваны прынцып: каардынацыя — гэта не падпарадкаваньне. Існыя Беларускія арганізацыі павінны захоўваць поўную самастойнасьць, а супольная структура — дапамагаць рабіць разам тое, чаго цяжка дасягнуць паасобку.
Ідэя стварэньня Сусьветнага Беларускага Кангрэсу не была прынятая без абмеркаваньня. Падчас дыскусіі гучалі розныя меркаваньні: ці патрэбная ўжо цяпер агульная структура, ці варта найперш разьвіваць гарызантальныя сувязі паміж існымі арганізацыямі.
Прыхільнікі больш сыстэмнага падыходу адзначалі, што гарызантальнае супрацоўніцтва неабходнае, але само па сабе не вырашае пытаньняў, якія патрабуюць агульнага прадстаўніцтва, каардынацыі і аб’яднаньня рэсурсаў.
Абмяркоўвалася і міжнароднае прадстаўніцтва. Зварот да дзяржаўнай ці міжнароднай інстытуцыі ад імя асобнай арганізацыі, якая прадстаўляе сотні ці тысячы чалавек, мае адну вагу; голас прадстаўнічай структуры, за якой стаіць шырокая Сусьветная Беларуская Супольнасьць, можа гучаць на іншым узроўні.
Пры гэтым гаворка не ідзе пра стварэньне «кіраўніцтва над дыяспарай». Прапанаваны мэханізм мусіць быць міжнародным, шырокім і плюралістычным, абапірацца на аўтарытэтных прадстаўнікоў розных асяродкаў і захоўваць самастойнасьць арганізацыяў.
Сучасныя тэхналёгіі дазваляюць стварыць такую сталую пляцоўку без неабходнасьці частых і фінансава затратных асабістых сустрэчаў.
У выніку ўдзельнікі Круглага стала палічылі мэтазгодным вынесьці ідэю Сусьветнага Беларускага Кангрэсу на шырокае абмеркаваньне Беларусаў сьвету.
Пытаньне пра неабходнасьць больш шырокай сусьветнай каардынацыі ўздымалася яшчэ два гады таму, падчас 35-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі ў Канадзе. Тады яно заставалася пераважна на ўзроўні ідэі.
За наступныя два гады вывучаўся ранейшы Беларускі досьвед, у тым ліку дзейнасьць Згуртаваньня Беларусаў Сьвету «Бацькаўшчына», а таксама формы сусьветнай самаарганізацыі іншых народаў — Украінцаў, Палякаў, Эстонцаў, Чэхаў. Адбываліся кансультацыі і сустрэчы з Беларускімі грамадзкімі і палітычнымі дзеячамі.
36-я Сустрэча стала наступным этапам: ад абмеркаваньня самой патрэбы ў такой структуры — да прапановы распачаць адкрыты працэс яе супольнага фармаваньня.
Гэта не азначае, што мадэль Кангрэсу ўжо вызначаная. Наадварот, прынцыпы прадстаўніцтва, структура, паўнамоцтвы і формы дзейнасьці павінны стаць прадметам шырокага абмеркаваньня Беларускіх арганізацыяў і супольнасьцяў розных краінаў.
Гэтая думка знайшла адлюстраваньне ў агульнай Рэзалюцыі 36-й Сустрэчы.
У дакумэнце адзначаецца, што ва ўмовах, калі мільёны Беларусаў пазбаўленыя магчымасьці свабодна ўдзельнічаць у грамадзкім і палітычным жыцьці сваёй краіны, асаблівую вагу мае Беларуская дыяспара як неад’емная частка Беларускай Нацыі.
Удзельнікі зыходзяць з непазьбежнасьці дэмакратычных пераменаў у Беларусі і лічаць важным ужо цяпер захоўваць і разьвіваць чалавечы, інтэлектуальны, прафэсійны і арганізацыйны патэнцыял Беларусаў замежжа як адзін з нацыянальных рэсурсаў будучай дэмакратычнай Беларускай дзяржавы.
Веды, прафэсійны досьвед і міжнародныя сувязі, набытыя Беларусамі ў дэмакратычных краінах, павінны служыць аднаўленьню прававой дзяржаўнасьці, разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці, навукі, адукацыі, культуры, нацыянальнай эканомікі і мясцовага самакіраваньня.
Адзін з прынцыповых тэзісаў Рэзалюцыі:
«Беларускія арганізацыі ў розных краінах сьвету складаюць адзіную Сусьветную Беларускую Супольнасьць, незалежна ад месца свайго знаходжаньня».
Практычным вынікам абмеркаваньня стаў асобны Зварот-заклік ад імя ўдзельнікаў 36-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі.
Яго адпраўны пункт — гістарычная рэальнасьць: войны, імпэрскія акупацыі, палітычныя рэпрэсіі і новыя хвалі вымушанай эміграцыі раскідалі мільёны Беларусаў па розных краінах і кантынэнтах. Але месца жыхарства не адмяняе прыналежнасьці да адной Нацыі:
«Дзе б мы ні жылі, мы застаёмся адной Беларускай Нацыяй. Ніводная Беларуская супольнасьць на чужыне ніколі ня можа стаць заменай Беларусі. Нашая Бацькаўшчына — у Беларусі».
Адным з інструмэнтаў такога яднаньня прапануецца зрабіць Сусьветны Беларускі Кангрэс (СБК) — прадстаўнічы і каардынуючы орган, здольны яднаць Беларускія арганізацыі і Беларусаў розных краінаў, спрыяць міжнароднаму прадстаўніцтву Беларускай Нацыі і каардынаваць супольныя дзеяньні ў яе інтарэсах.
Прынцыповае палажэньне Звароту:
«СБК не пераймае і не абмяжоўвае функцыі іншых Беларускіх структураў у замежжы».
Такім чынам, 36-я Сустрэча ня стварыла Сусьветны Беларускі Кангрэс, але ўзяла на сябе ініцыятыву даць першы арганізаваны штуршок працэсу яго магчымага стварэньня — зьвярнуцца да Беларусаў сьвету і запрасіць іх да супольнай працы.
Ідэя Сусьветнага Беларускага Кангрэсу абапіраецца на пераемнасьць Беларускай дзяржаўніцкай традыцыі — ад Полацкага Княства і Вялікага Княства Літоўскага праз нацыянальна-вызвольныя паўстаньні XVIII–XIX стагодзьдзяў, Беларускае Нацыянальнае Адраджэньне і БНР 25 сакавіка 1918 году — да аднаўленьня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі 25 жніўня 1991 году.
Неад’емнай часткай гэтай гісторыі была і застаецца Беларуская Дыяспара. На працягу дзесяцігодзьдзяў яна захоўвала Беларускую дзяржаўніцкую ідэю, Мову і Культуру, стварала грамадзкія, рэлігійныя, навуковыя і культурныя інстытуцыі, падтрымлівала міжнародную прысутнасьць Беларусі.
Новая хваля вымушанай эміграцыі XXI стагодзьдзя значна пашырыла Беларускую прысутнасьць за межамі краіны і адначасова павялічыла адказнасьць Беларусаў замежжа за захаваньне нацыянальнага патэнцыялу.
Удзельнікі Кангрэсу
Канцэпцыя Кангрэсу таму грунтуецца на некалькіх асноўных задачах: яднаньні Беларускай Нацыі, прадстаўніцтве яе інтарэсаў у сьвеце, каардынацыі супольнай дзейнасьці, захаваньні нацыянальнай тоеснасьці, абароне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, падтрымцы Беларускай Мовы, Культуры, адукацыі, навукі, грамадзянскай супольнасьці і духоўных каштоўнасьцяў.
Сутнасьць гэтай ідэі сьцісла сфармуляваная ў прынятым Звароце-закліку:
«Незалежная дэмакратычная Беларусь — наша мэта. Сусьветная Беларуская Супольнасьць — форма нацыянальнага адзінства Беларусаў ва ўсім сьвеце. Сусьветны Беларускі Кангрэс — наш інструмэнт».
36-я Сустрэча Беларусаў Паўночнай Амэрыкі заклікала Беларускія арганізацыі, грамадзкія супольнасьці і Беларусаў розных краінаў далучыцца да абмеркаваньня і супольнай працы над гэтай ініцыятывай.
Нью-Ёрк, верасень 2026 году