Амерыканскі гурт уключыў у складанку песню «Песняроў»

21.10.2021 Музыка

Псіхадэлік-рок гурт Khruangbin уключыў у складанку «Late Night Tales» кампазіцыю «Песняроў» «Зачароўваю». У кампіляцыю ўваходзяць «вечаровыя» трэкі, якія натхнілі таго ці іншага выканаўцу.


Late Night Tales — праект, у межах якога розныя выканаўцы, музыкі, гурты, дыджэі складаюць плэйлісты з песнямі, якія паўплывалі на іх творчасць. За час існавання праекта ў ім паспелі паўдзельнічаць Jamiroquai, Four Tet, Air, Fatboy Slim, The Cinematic Orchestra, Metronomy, BADBADNOTGOOD, Bonobo, Оулавюр Арнальдс, Джон Хопкінс, Нільс Фрам і многія іншыя.

Khruangbin — калектыў з Х’юстана. Гурт вядомы за глабальны мікс музычных уплываў — ад класічных соула, даба, рока і псіхадэліі да традыцыйнай музыкі Тайланда, Іспаніі і Бліжняга Усходу. Цікава, што самі Khruangbin сталі вядомымі пасля таго, як у 2013 годзе іх у аналагічную Late Night Tales падборку ўключыў прадзюсар Bonobo. Гурт нават паспеў запісаць сумесны трэк з самім сэрам Полам Макартні.

Паслухаць трэк можна на «Яндэкс-музыцы» ці на Youtube.