90 гадоў таму адбыўся абмен палітвязнямі-беларусамі. Як гэта было?

«Бронюсь, куды ты ідзеш?» — скрушна запытаўся Францішак Аляхновіч у Браніслава Тарашкевіча, стоячы на памежным мастку. Пра самы вядомы абмен беларускімі палітвязнямі, піша Ганна Ермаковіч ў «Новым Часе».


Hazieta

«Палітычна мудры крок польскіх уладаў, якія за беларуса патрабавалі ад Саветаў беларуса-ж»

З газеты «Родны Край» (Вільня, 16 верасня 1933):

«У сумных, шэрых буднях нашага нацыянальнага жыцця нейкім ясным праменем сонейка паказалася вестка, для беларускага грамадзянства бадай зусім неспадзяваная.

У выніку паразумення між польскім і савецкім урадамі 6 верасня на граніцы паміж Польшчай і БССР адбылася замена палітычных вязняў: Польшча звольніла з вастрогу і пусціла ў Саветы выдатнага беларускага грамадскага дзеяча і навукоўца Браніслава Тарашкевіча; Саветы ўзамен за яго звольнілі з вастрогу і пусцілі ў Польшчу выдатнага беларускага драматурга і драматычнага артыста Францішка Аляхновіча.

Пад той час, як беларускае грамадзянства шчыра вітае ў мурах старое Вільні вернага сына яе Аляхновіча, такое ж свята спраўляе беларускі Менск, вітаючы Тарашкевіча.

Дзелючыся з нашымі чытачамі гэтай радаснай весткай аб павароце з вастрожных муроў да вольнага жыцця дзвух такіх цэнных культурных сілаў беларускіх, мы лічым сваім абавязкам адзначыць сапраўды шляхетны і палітычна мудры крок польскіх уладаў, якія за беларуса патрабавалі ад Саветаў беларуса-ж».

Branislaŭ Taraškievič
Браніслаў Тарашкевіч

«Наколькі выезд Тарашкевіча нікога не здзівіў, настолькі яго абмен на Аляхновіча ўсіх шакіраваў. Якая іронія лёсу! Даўнія старыя сябры сталі каля памежных слупоў, як прадстаўнікі варожых палітычны накірункаў. І абодва адначасова атрымалі свабоду пасля шматгадовай вязніцы...», — пісаў у 1933 годзе Антон Луцкевіч.

Сустрэўшыся на памежным мастку, яны прыўзнялі капелюшы, і Аляхновіч скрушна прамовіў: «Куды ты, Бронюсь, ідзеш?».

Чытайце яшчэ: Францішак Аляхновіч: чалавек, які раскрыў страшную праўду пра «самую шчаслівую краіну на Зямлі»

Францішак Аляхновіч добра ведаў, на якія пакуты выракае сябе Тарашкевіч...

«Ён iз вастрогу пойдзе туды, дзе ўвесь вялiзарны край — гэта адзiн вялiкi вастрог, дзе думка чалавечая сьцiсьненая ў вабцугох савецкага абсурду, дзе ня толькi дзеяць i гаварыць, але й думаць i дыхаць трэба паводле аднаго, для ўсiх абавязковага шаблёну.

Ён пойдзе ў край белага нявольнiцтва, голаду, нэндзы, людаедзтва, а я — кiруюся на Захад, да «капiталiстычных» гаспадарстваў, дзе буду прынамсi спаць спакойна, ведаючы, што ўначы госьцi з ГПУ не пастукаюцца да мае гасподы», — пісаў Аляхновіч.

Francišak Aliachnovič
Францішак Аляхновіч

Ён падрабязна апісаў ва ўспамінах гістарычную сустрэчу:

«Наперадзе йшоў нейкi высокi мужчына ў цывiльнай вопратцы. Зь iм — з двума палiцыянтамi па бакох — той, каго польскi ўрад абменьваў на мяне: Бранiслаў Тарашкевiч. У гэты мамэнт я адчуў ня толькi духовы, але й фiзычны кантраст памiж намi. Вязень «капiталiстычнага гаспадарства» меў на сабе прызваiты фiльцовы капялюш, добра скроенае восеньскае палiто, беззаганна вычышчаныя боты... Савецкi вязень iшоў у старэцкiм падзёртым кажуху на салавецкiм бушлаце...

Гэтулькi гадоў ня бачыўшы, з зацiкаўленьнем углядаўся я на гэтага чалавека, якi, хоць у добрай веры, усё-ж гэтулькi зламаў чалавечых жыцьцяў, кiруючы вочы сваiх землякоў на мiраж за межавымi слупамi...

Цырымонiя абмену. Адданьне чэсьцi, паклон капялюшом, сьцiсканьне рук, падпiсаньне акту абмену. I мы, калiшнiя прыяцелi, а цяпер — чужыя сабе людзi, шляхi якiх разыходзяцца ў процiлежныя бакi, падалi сабе рукi».

Краязнаўца Кастусь Шыталь адзначаў: «Браніслаў Тарашкевіч пайшоў у СССР. Спачатку то яму магло здацца, што ён на волі, бо вакол не было турэмных кратаў. Затое адразу ён убачыў, як камуністы знішчылі ягоную найважнейшую працу для Беларусі — беларускі правапіс».

8 студзеня 1938 г. Тарашкевіч быў прыгавораны да расстрэлу. Пад нечалавечымі катаваннямі падпісаў даносы на 249 (!) чалавек. Даследчык Леанід Маракоў выказваў меркаванне, што Браніслаў Тарашкевіч не быў расстраляны, а загінуў падчас катаванняў, якія доўжыліся дзевяць месяцаў.

«Камуністычная сістэма — смяротна небяспечная і знішчыла шмат беларусаў. Гэтаксама смяротна небяспечнымі ёсць сістэмы, якія выраслі на спадчыне камунізму», — падкрэсліў спадар Шыталь.

Францішку Аляхновічу было наканавана пражыць яшчэ 11 гадоў пасля вызвалення. Ягоная кніга «У капцюрох ГПУ», напісаная на волі, сталася адным з першых сведчанняў пра жахі ГУЛАГу.

«Францішак Аляхновіч быў забіты ў Вільні ў сваёй кватэры 3 сакавіка 1944 г. Хто яго забіў — чырвоныя партызаны ці АК, невядома да нашага часу. Але перад забойствам Аляхновіч як рэактар газеты «Беларускі голас» пачаў друкаваць спісы беларусаў, забітых АК-аўцамі ў Лідскім павеце», — пісаў гісторык Леанід Лаўрэш.

Чытайце яшчэ: «Дзядзька Тарас! Што чуваць у Вас з беларускай граматыкай?»