Аб тым, што «распачынаюцца працы па рэканструкцыі» закрытага 2,5 гады таму Чырвонага касцёла ў Мінску, паведаміў 16 сакавіка падчас святой Імшы пробашч парафіі святога Сымона і святой Алены ксендз Франц Рудзь, піша katolik.life.
Навіна выглядае нечаканай, бо літаральна месяц таму афіцыйна было заяўлена, што яшчэ адбываецца «дапрацоўка дакументацыі». А цяпер працы распачынаюцца настолькі раптоўна, што ўжо 17 сакавіка парафія павінна вывезці з храма рэчы. Акрамя таго, тэндар па пошуку падрадчыка не праводзіўся, працы, запланаваныя ў касцёле, тры крыніцы называюць цалкам рознымі фармулёўкамі.
Паводле святара, «у бліжэйшы час распачнецца другая частка рэканструкцыі Чырвонага касцёла», сказаў ён падчас вячэрняй службы. А на Імшы днём канкрэтызаваў, што ўжо выдзеленыя фінансавыя сродкі, і праз «некалькі тыдняў падрыхтоўкі» пачнуцца «рэстаўрацыйныя працы ў сярэдзіне касцёла».
Па-іншаму 14 сакавіка падало інфармацыю дзяржпрадпрыемства «Мінская спадчына», якому належыць касцёл. Было заяўлена, што запланаваны «комплекс рамонтна-аднаўленчых работ», якія ўключаюць замену і рамонт унутраных і вонкавых інжынерных сетак і аднаўленчыя аздобныя працы. На прадпрыемстве дадалі, што была распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя, якая прайшла адпаведную дзяржаўную экспертызу.
У той жа час Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак месяц таму — 13 лютага — заяўляў, што Чырвоны касцёл зачынены, бо «па выніках экспертызы былі дадзены заўвагі па праектнай дакументацыі, таму адбываецца яе дапрацоўка». Пры гэтым будучыя работы Румак назваў «капітальным рамонтам» храма.
Вядома, што пасля зацвярджэння праектна-каштарыснай дакументацыі неабходны час для наступных фармальных працэдур. Таксама неабходна правесці тэндар на выбар падрадчыка для правядзення прац.
Так «Мінская спадчына» і зрабіла ў сітуацыі з іншым касцёлам — Узвышэння Святога Крыжа ў Мінску. На пляцоўцы дзяржзакупак прадпрыемства абвяшчала тэндары па пошуку падрадчыкаў для прац на гэтым аб’екце. А ў Інвестыцыйнай праграме Мінска было прапісана выдзяленне сродкаў на працы. Але фінансавання рамонту Чырвонага касцёла ў праграме няма.
Усё гэта можа казаць пра тое, што аб’ем прац у храме сапраўды зусім невялікі і «Мінская спадчына» плануе іх выканаць уласнымі сіламі — без прыцягвання падраднай арганізацыі. А калі ўсё ж будзе абвешчаны тэндар на выбар падраднай арганізацыі, то пачатак прац будзе ссунуты.
Што немалаважна — на перыяд рамонту парафіі неабходна вызваліць ўнутраныя памяшканні. Гэта пачнуць рабіць ужо ў панядзелак, 17 сакавіка. Парафіяне выказалі неўразуменне ў сувязі з гэтым — калі з касцёла неабходна вывезці цалкам усе рэчы, то «і дзесяці грузавікоў не хопіць».
Але галоўнае — калі плануецца толькі замена праводкі і аздобныя працы, то навошта дзеля гэтага вывозіць усе рэчы? Парафіяне хвалююцца, што працы, якія могуць быць толькі фармальнымі, бо на самой справе агнём была пашкоджана невялікая плошча і святыня не патрабуе маштабнага рамонту, — гэта падстава для вызвалення будынку. А пасля гэтых прац парафіі могуць выставіць дадатковы рахунак. Нагадаем, цяпер «Мінская спадчына» налічыла парафіі 148 тысяч рублёў доўгу.