Мастак Сярожа Савіч стварыў серыю малюнкаў, прысвечаную сімвалам Мінска. У падборку трапілі сталічнае метро, кафэ «Хутка Смачна» і мікрараён Шабаны. CityDog.io паглядзеў, якія прыгожыя малюнкі атрымаліся ў Сярожы.
Малюнак "Шабаны". Аўтар: Сярожа Савіч
Сярожа нарадзіўся ў Жодзіне — і ўжо з дзяцінства пачаў маляваць. Пасля заканчэння школы хлопец пераехаў у Мінск і паступіў на юрыста. У адным з інтэрв’ю Сярожа ўзгадвае, што па адукацыі ніколі не працаваў.
Прафесійна на мастака беларус таксама не вучыўся. Але браў падпрацоўкі як дызайнер. Паралельна Сярожа дапамагаў у арганізацыі вечарынак у мінскіх клубах. Ладзіў тусоўкі на вуліцы Кастрычніцкай у клубах, які цяпер ужо закрыты: Hide, ОК16, Squat і Lo-Fi.
Малюнкі Савіча — прыклад наіўнага, прымітыўнага мастацтва, дзе яркія колеры спалучаюцца з простымі формамі і сюжэтамі. Мастак абавязкова дапаўняе свае работы назвамі. Часам іранічныя, сумныя або філасофскія подпісы робяцца часткай мастацкага выказвання.
Малюнкі Сяргея прадаюцца ў розных беларускіх анлайн-галерэях, а ў 2019 годзе мастак упершыню паўдзельнічаў у выставе сучаснага беларускага мастацтва «Восеньскі салон».
Найбольш гучна пра Сярожу пачалі казаць у 2020 годзе — тады мастак атрымаў штраф у 540 руб. за старое графіці каля гатэля «Пекін». Беларусы менш чым за суткі сабралі грошы на аплату штрафу.
Са жніўня ў сваіх сацсетках Сяргей пачаў публікаваць малюнкі, прысвечаныя Мінску. Так у серыю трапіла работа «Наступны прыпынак „Шабаны“» і «Станцыя „Каменная горка“, канцавая. Цягнік далей не ідзе, калі ласка, пакіньце вагоны».
Станцыя “Каменная горка”, канцавая. Цягнік далей не ідзе, калі ласка пакіньце вагоны. Малюнак Сярожы Савіча
На днях з’явіліся новыя малюнкі. Іх мастак прысвяціў сімвалу эпохі канца дзевяностых — сетцы стрытфуду «Хутка Смачна». А таксама аднаму з хітоў кафэ — запяканцы «златка».
Кафэ «Хутка Смачна». Малюнак мастака Сярожы Савіча.
«Златка». Малюнак мастака Сярожы Савіча.
«Магчыма, калі-небудзь гэты кіёск увекавечаць у выглядзе інсталяцыі ці як экспанат у музеі горада, але я пакуль вырашыў зрабіць гэта на палатне», — напісаў у Threads Сярожа.
Кіёскі «Хутка Смачна» пачалі з’яўляцца ў Мінску ў канцы 90-х і амаль адразу сталі папулярнымі. Сетка была адным з першых айчынных стрытфудаў. Спачатку там прадавалі хот-догі, а пасля з’явілася і знакамітая «златка».
З цягам часу ў Мінску з’яўлялася ўсё больш кафэ — і прыватных, і сеткавых. Мясцоваму стрытфуду было ўсё складаней змагацца з канкурэнцыяй, і пункты паступова закрываліся. Ужо ў 2017-м кіёскі «Хутка Смачна» зніклі з горада. Засталіся толькі два абноўленыя павільёны — на Нямізе і на вуліцы Якуба Коласа. На Якуба Коласа кафэ перафарматавалі ў чарговую шаўрму. А ў 2021-м з Нямігі звезлі апошні кіёск «Хутка Смачна».
У каментарыях пад публікацыяй мастака беларусы спрабуюць адшукаць кропкі стрытфуду, якія ўсё яшчэ засталіся.
«А іх дакладна ўжо няма? Здаецца, быў некалі побач з трамвайным прыпынкам „Багдана Хмяльніцкага“», — пытаецца mih.334.
Па словах Савіча, цяпер там працуе шаўрмічная.
Каментатары дадаюць, што «Хутка Смачна» ёсць у Ваўкавыску. Кафэ там сапраўды працуе — у ім падаюць піцы, бургеры і хот-догі. Але адшукаць тую самую «златку» ў нас не атрымалася.