Вуліца Навальнага ў Беларусі? Давайце дзве. Першая і Другая. А яшчэ плошчу і праезд. Перпендыкулярна — вуліцы Нямцова і Шэндэровіча. А ў бліжэйшай школе — музейчык «расійскай дэмакратыі» пад трыкалорам. Мы ж сябры, праўда? Праўда?..
Сяргей Ціханоўскі выказаўся пра тое, што ў Беларусі паўстануць вуліцы (і не адна!) Навальнага. Сто адсоткаў. Гэта пытанне часу, бо ён так бачыць. Ці ён так бачыць, бо гэта пытанне часу... Няважна. Важна, што гэта пытанне мінулага часу. Бо так ужо было.
Аляксей Навальны. Фота: Sefa Karacan / Anadolu Agency via Getty Images
Я вырас у Гродне, і там была цэлая плошча Дзекабрыстаў. Праз яе ішлі тралейбусы, плошчу аб’яўлялі — вось і запомніў. Пра тое, што ад плошчы адыходзіць вуліца Дзекабрыстаў, я шчыра не ведаў. А яшчэ праезд Дзекабрыстаў. Побач: вуліцы дзекабрыстаў Рылеева і Пестэля. Вывучэнне дзекабрыстаў і міні-музей існавалі ў адной са школ.
Дзекабрысты — гэта «харошыя рускія» ХІХ ст. Таму ў СССР іх шанавалі. Роўна як Чарнышэўскага, Герцэна, Пугачова і Сцяпана Разіна. Вуліца Разіна ў Гродне таксама была, дарэчы. На ёй стаяла ўсяго пару дамкоў, таму да з’яўлення навігатараў гэта быў тэст для таксістаў: «Вязіце на Разіна». Не ўсе ведалі. А я дагэтуль не ведаю, навошта яна нам патрэбная, вуліца Разіна? Як і плошча Дзекабрыстаў.
Навальны — гэта Пестэль і Рылееў ХХІ стагоддзя. Справа нават не ў яго абразлівых цытатах пра беларускую мову. Расійскі імперскі праект не жалезабетонны. Ён змяняецца. Знешне. Ёсць час Суворава, час дзекабрыстаў, час Леніна, час Ельцына... А вынік той самы. Гэта іхная валтузня між сабой, хто там галоўны. Бо імперыя застаецца імперыяй.
І кожны «харошы рускі» застаецца «харошым» да той пары, пакуль не сядае за рычагі кіравання. Пакуль знаходзіцца ў ролі ахвяры ці пакутніка. Пасля, сеўшы ў Крамлі, ён стае... не, не «дрэнным рускім». Звычайным. Бо імперыя мае свае механізмы і, каб ёй кіраваць, трэба адпавядаць. Сярод Раманавых было шмат таленавітых немцаў, а ўсё адно сталі — звычайнымі рускімі.
Хто ведае, каб у Троцкага з Леніным нічога не атрымалася, а царская ўлада іх зніштожыла на катарзе ці ў Бутырскай турме... мы б таксама іх лічылі зараз свяціламі дэмакратыі. А Сталін дый наогул пакутнік, з катаргаў не вылазіў, смелы і творчы чалавек. Але — яны прыйшлі да ўлады і паказалі сябе. Сталі «звычайнымі».
Да чаго гэтая размова? Не наша справа разбірацца ў хітрых перапляценнях барацьбы за ўладу ў Расіі. Навошта яно нам? А тым больш, навошта гларыфікаваць нейкіх персанажаў адтуль? Вось для чаго? Каб Латыніна пахваліла ў эфіры?.. Так, напрыклад, у Львове ёсць вуліца Дудаева. У Вільні — сквер Дудаева. Але Дудаеў змагаўся за свабоду супраць Расіі. Навальны — змагаўся за Расію. Адчуваеце розніцу?
Занураючыся ва ўсіх гэтых дзекабрыстаў і навальных, мы падкрэсліваем, што з Расіяй мы надалей — разам. Мы адна прастора. Мы маем супольны лёс. Нам — туды.
Калі ж наша справа адбудоўвацца ад гэтай прасторы, то ніякага Навальнага, Рылеева і Пестэля ў нашых гарадах быць не павінна. А нашым дзеткам наогул не абавязкова ведаць, хто гэта такія. Адбудавацца ад іх — гэта ў тым ліку права НЕ ведаць іхных пісьменнікаў, паэтаў і палітыкаў. А ведаць і памятаць — сваіх. Дзякуй Богу, у нас іх дастаткова.
Алесь Кіркевіч, Budzma. org