Раней у некаторых школах на Падляшшы катэгарычна забаранялі вучням размаўляць на «простай мове». Паступова беларускія гаворкі пачалі адыходзіць з ужытку. Аднак сёлета Сухавольскі гмінны цэнтр культуры, спорту і турызму на Беласточчыне вырашыў адрадзіць і «выпусціць» у свет «простую мову», піша «Польскае радыё для замежжа». Дырэктарка Цэнтра Анна Рэната Жыўна кажа, што гаворка — гэта дасканалая рэклама рэгіёну.
Традыцыйнае шаткаванне капусты ў вёсцы Сухаволя на Беласточчыне. Крыніца: facebook.com/punkt.inf.turystycznej.suchowola
Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму асноўнай мовай хатніх зносін на памежнай з Беларуссю Сакольшчыне (Беласточчына) была «простая мова», якую навукоўцы адносяць да беларускіх гаворак. Разам з тэлевізіяй, афіцыйнай адукацыяй ды і проста праз меркаванне, што на гэтай мове размаўляць не выпадае, «простая мова» адыходзіла.
Знайсці суразмоўцаў на Сакольшчыне журналістам было цяжка. Аднак сёлета ў «Фэйсбуку» Пункт турыстычнай інфармацыі ў вёсцы Сухаволя пачаў публікаваць відэа, дзе мясцовыя жанчыны на камеру распавядалі пра традыцыі і штодзённасць, карыстаючыся мясцовай беларускай гаворкай.
Адрадзіць і «выпусціць» у свет «простую мову» вырашыў Сухавольскі гмінны цэнтр культуры, спорту і турызму. Яго дырэктарка Анна Рэната Жыўна кажа, што гаворка — гэта дасканалая рэклама рэгіёну.
Яна расказала пра пачаткі адраджэння мясцовай гаворкі.
— Пачалося ўсё з двух міністэрскіх праектаў, якія мы рэалізавалі дзякуючы гранту Нацыянальнага цэнтра культуры Польшчы. Гэта былі «Гаворка з-за плоту» і «Звычаі з-пад страхі». Мы да канца не мелі дакладнага плану, як гэта будзе выглядаць, але, паколькі ў нас жыве шмат пажылых людзей, усё вырашылася падчас размоў з імі. Мы пачалі ад відэаматэрыялаў, і мясцовая гаворка паступова пачала з’яўляцца ў сеціве.
Калі гэтыя фільмы трапілі ў сацыяльныя сеткі, яны сталі выдатнай крыніцай рэкламы: людзі хацелі іх слухаць і глядзець. Таксама старыя абрады, звязаныя з палявымі працамі, хатнім жыццём, святамі. Мы пачалі вяртацца да гэтых крыніц і аказалася, што гэта вельмі зацікавіла людзей! Фільмы мелі велізарныя прагляды. Агулам — мільён! Гэтая лічба нас уразіла. Мы зусім такога не чакалі, калі пачыналі гэтую тэму. І так яно пайшло ў свет. Была неймаверная колькасць каментароў.
Ад людзей, з якімі мы на штодзень не маем ніякага дачынення: і з-за мяжы, і з розных куткоў Польшчы. Яны нават пра Сухаволю не чулі, але гэтая атмасфера выклікала ў іх настальгію і жаданне вярнуцца ў дзяцінства. Безумоўна, былі і такія меркаванні, маўляў, каму гэта патрэбна, але яны не асабліва распаўсюдзіліся, а стварэнне гэтых рэкламных матэрыялаў дазволіла пераламаць стэрэатып. Гэта таксама была адна з мэтаў праектаў: паспрабаваць абвергнуць няправільнае ўяўленне, што трэба саромецца сваёй лакальнасці, сваёй мовы. Бо, калі ўспомніць гады маладосці, у школе гэтую гаворку часта выкаранялі. Некаторыя дзеці прыходзілі ў школу і так размаўлялі, а настаўнікі, на жаль, прымушалі ад яе адмаўляцца.
Жыхарка вёскі Сухаволя Марыля Галэмбеўская кажа, што ў ранейшыя часы ў школе забаранялі гаварыць на «простай мове».
— У малодшых класах у нас быў дырэктар школы, які не звяртаў увагі на гэтую гаворку, а потым прыйшоў дырэктар, які катэгарычна яе забараніў. А дзеці, як дзеці — бегалі і ўсё адно размаўлялі «па-свойму». І ён імкнуўся знішчыць гэтую «простую мову». Напрыклад, былі пакаранні за яе выкарыстанне: трэба было напісаць сто ці дзвесце разоў «не буду гаварыць «па-просту». Аднойчы хлопчык, які вельмі часта так гаварыў, атрымаў пакаранне — напісаць цэлы сшытак «ніколі не буду гаварыць «па-просту». Тады яшчэ не было вольных суботаў, трэба было пісаць у нядзелю. Дырэктар нават сам купіў яму сшытак, бо сям’я была небагатая. У панядзелак хлопец прынёс сшытак, увесь запісаны. Дырэктар адкрыў — і раптам крык: «Гжэгаж! Што гэта?!» Аказалася, што ён напісаў не «ніколі не буду гаварыць «па-просту», а «ніколі не буду гаварыць па-польску». І так увесь сшытак!
Анна Рэната Жыўна кажа, што маладыя пакаленні, якія пражываюць у рэгіёне, ужо не ведаюць мясцовай гаворкі.
— Цяпер засталося адно-два пакаленні дзядоў і бацькоў, якія яшчэ могуць дапамагчы нам адрадзіць гэтую гаворку. Маё пакаленне, і тым больш нашых дзяцей, ужо зусім гэтага не ведае і нават не разумее — нібыта мы гаворым на нейкай замежнай мове. Гэта крыху сумна, бо гэта наша мясцовая, падляская спадчына. Польская гаворка горцаў ці сілезская гучаць паўсюль — гэта ўспрымаецца як нешта цікавае, прыгожае. А чаму наша гаворка горшая? Я лічу, што яна не горшая. Гэта прыгожая, меладычная мова. Словы ў ёй — непаўторныя, у іншых частках Польшчы іх няма. Гаворка і не мусіць быць усім зразумелай. Гэта элемент нашай мясцовай ідэнтычнасці.
Пасля таго, як у Польшчы і за яе межамі стала вядомая творчасць падляскага дуэту Sw@da i Niczos, які спявае «па-свойму» і які прымаў удзел у польскім адборы на «Еўрабачанне», пачалі шмат гаварыць пра гаворкі на Беласточчыне. І прыклад Сухаволі пацвярджае гэты трэнд.