Мастацкае і літаратурнае журы Прэміі Цёткі вызначылі кароткія спісы для дзвюх намінацый, у якіх выдаецца прэмія. Сёлета ў іх увайшло па 6 кніг.
Такім чынам, на званне «Найлепшай кнігі для дзяцей і падлеткаў» прэтэндуюць:
1. Святлана Аўдзейчык. Кніга здольных. Спадкаемцы Сакрума 1. Мінск, Галіяфы, 2020
2. Тамара Бунта. Сад з матылькамі. Мінск, Мастацкая літаратура, 2020
3. Ева Вайтоўская. Гарэзлівы пацалунак. Мінск, Янушкевіч, 2020
4. Вольга Гапеева. Адна шкарпэтка і іншыя гісторыі. Мінск, Галіяфы, 2020
5. Ганна Янкута. Кот Шпрот і зніклы мышамабіль. Мінск, Янушкевіч, 2020
6. Надзея Ясмінска. Сподачак для цмока. Мінск, Кнігазбор, 2020
У кароткі спіс намінацыі «Найлепшае мастацкае афармленне» ўвайшлі:
1. Лілія Давыдоўская — Ганна Янкута. Кот Шпрот і зніклы мышамабіль. Мінск, Янушкевіч, 2020
2. Вольга Дзятко — Алесь Пальчэўскі. Рэкс і Казбек: апавяданні: для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Мінск, Мастацкая літаратура, 2020
3. Андрэй Пакроўскі — Марыя Мартысевіч. Як пазбыцца Маматута. Мінск, Koska, 2020
4. Лізавета Пастушэнка — Уладзімір Караткевіч. Старая казка. Мінск, Народная асвета, 2020
5. Валерый Славук — Вядзьмар, які рабіўся ваўком: Беларускія чарадзейныя казкі. Мінск, Янушкевіч, 2020
6. Стася Сакалоўская — Стаселька Кірыл. Пімкі. Мінск, Галіяфы, 2020
У складзе літаратурнага журы ў гэтым годзе працуюць Вера Жыбуль (Бурлак), Наста Грышчук, Наталля Мядзвездь, Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская, Ціхан Чарнякевіч.
У мастацкае журы ўвайшлі Кацярына Дубовік, Павел Татарнікаў і Ігар Юхневіч.
Неўзабаве ў кожнай намінацыі будзе абвешчаны адзін пераможца.
Прэмія Цёткі ўручаецца з 2016 года. За гэты час пераможцамі прэміі рабіліся Надзея Ясмінска і мастачка Кацярына Дубовік з кнігай «Сем ружаў», Уладзімір Арлоў і Павел Татарнікаў з кнігай «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі», Валеры Гапееў з кнігай «Мая мілая ведзьма» і Лізавета Лянкевіч з ілюстрацыямі да кнігі Рыгора Барадуліна «Азбука. Вясёлы вулей», Вера Бурлак з кнігай вершаў «Фантазюркі» і Кацярына Дубовік з ілюстрацыямі да кнігі Надзеі Ясмінскай «Чаму Меша не мае хаты».
У 2020 годзе лаўрэаткамі сталі Зараслава Камінская з кнігай «Калядны стол» і Вераніка Шпак, якая аформіла кнігу Генадзя Аўласенкі «Як зубраня «Зубраня» наведала».
паводле прэс-рэлізу