Абвешчаны набор на польскую стыпендыяльную праграму «Gaude Polonia»

Нацыянальны культурны цэнтр у Варшаве абвесціў прыём заявак на 24-ю стыпендыяльную праграму міністра культуры і нацыянальнай спадчыны «Gaude Polonia» на 2025 год.


«Gaude Polonia»

На атрыманне стыпендыі могуць прэтэндаваць дзеячы культуры і творцы з Беларусі, Украіны і іншых краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і постсавецкіх дзяржаў, якія прадстаўляюць наступныя сферы дзейнасці:

  • кіно (уключаючы гісторыю кіно і кінакрытыку),
  • выяўленчае мастацтва (уключаючы фатаграфію і мастацкую крытыку),
  • ахова культурнай спадчыны (уключаючы захаванне твораў мастацтва і музейную справу),
  • літаратура (уключаючы пераклад),
  • музыка (уключаючы гісторыю і музычную крытыку),
  • тэатр (уключаючы тэатральную крытыку) і танцы.

Як падаць заяўку?

Прыём заявак працягнецца да 15 кастрычніка 2024 года.

Заяўку на атрыманне стыпендыі па праграме «Gaude Polonia» трэба падаць асабіста або адправіць па пошце па наступным адрасе:

Нацыянальны культурны цэнтр
вул. Плоцка 13
01-231 Варшава

Заяўка павінна змяшчаць не менш як дзве рэкамендацыі ад прызнаных у дадзенай галіне аўтараў. Да дакументаў павінна прыкладацца флэшка з музычнымі запісамі ці партфоліё прац кандыдата. У выпадку паштовага адпраўлення вырашальнае значэнне мае дата паштовага штэмпеля.

Умовы ўдзелу ў конкурсе

  • грамадзянства Беларусі, Украіны і іншых краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і краін постсавецкай прасторы
  • узрост да 40 гадоў (у выключных выпадках да 45 гадоў)
  • вышэйшая адукацыя
  • дасягненні ў галіне, якую прадстаўляе кандыдат
  • стыпендыяльны праект.

Усе дакументы, якія тычацца праграмы Gaude Polonia 2024, можна знайсці па спасылцы.

Стыпендыяльная праграма міністра культуры і нацыянальнай спадчыны «Gaude Polonia» прызначана для маладых дзеячаў культуры і перакладчыкаў польскай літаратуры з Беларусі і Украіны, а таксама іншых краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і постсавецкіх краін, якія маюць значны і дакументаваны паслужны спіс у сваіх галінах дзейнасці. Сярод умоў атрымання стыпендыі — цікавая канцэпцыя праекта, станоўча ацэненая камісіяй і хаця б камунікатыўнае веданне польскай мовы. Польшча на паўгода дае магчымасць замежным стваральнікам пазнаёміцца з польскай культурай, рэалізаваць свае ўласныя праекты і палепшыць творчыя навыкі ў культурных і навуковых установах пад апекай прызнаных польскіх мастакоў, стваральнікаў, навукоўцаў.