Ад ідэі да справы: як зрабіць фестываль, цікавы кожнаму? Дыскутуем у Докшыцах ужо сёння!

Сёння ўсё тое, што па-за Мінскай колавай, многія называюць правінцыяй. І часта сэнс гэтага слова мае адмоўнае адценне. Але ж у кожнага правінцыйнага горада і мястэчка ёсць патэнцыял, ёсць цікавае і адметнае, чаго няма ў сталіцы і дзеля чаго там варта жыць і наведваць. Дык як стварыць пазітыўны вобраз свайго роднага горада і пераўтварыць яго з правінцыі ў не менш як культурную сталіцу?

dok

Гэтым разам кампанія “Будзьма беларусамі!” выпраўляецца на Віцебшчыну ў горад Докшыцы, каб разабрацца, што цікавіць мясцовых жыхароў, чым разнастаіць культурнае жыццё раёна і зрабіць гэта якасна і цікава для кожнага.

19 красавіка запрашаем ініцыятыўных жыхароў і работнікаў установаў культуры прыняць удзел у адкрытай дыскусіі-майстар-класе“Ад ідэі да справы: як зрабіць фестываль, цікавы кожнаму?”.

Не проста пагаворым, але і падзелімся практычным і паспяховым (!) досведам. Госці з розных куткоў Беларусі распавядуць, дзе ўзяць свежыя ідэі для павелічэння турыстычнага патэнцыялу, якія нюансы і асаблівасці трэба ўлічваць у арганізацыі таго ці іншага мерапрыемства, дзе знайсці сродкі і каманду, а таксама як эфектыўна вырашаць шэраг тэхнічных пытанняў.

Сустрэча адбудзецца Гарадскім цэнтры культуры г. Докшыцы, вул. Ленінская,14.
Пачатак у 14:00.

Госці сустрэчы:

– Вольга Маханенка, арганізатар фестывалю “У Госці да Лепельскага цмока” (г. Лепель);

– Мацвей Сабураў, каардынатар фестывалю “SPRAVA (Чашніцкі раён).

Вядучы Уладзімір Булаўскі, арганізатар музычных і літаратурных сустрэч у Віцебску.

Уваход вольны!

Даведкі: (025) 9133876, www.budzma.by.