Беларускі Берлін: куды пайсці, каб адчуць беларушчыну?

Берлін, не зважаючы на сваю драматычную гісторыю, заўсёды быў горадам свабоды і руху. Многія месцы нямецкае сталіцы маюць сцежкі, што вядуць да Беларусі і беларускай гісторыі, і апошнім часам Берлін займеў больш выразнае беларускае адценне. Калі вы шукаеце гэтыя сцежкі да Беларусі, мы склалі для вас спіс лакацый, якія робяць гэты нямецкі мегаполіс крыху бліжэйшым да Радзімы.

brln1 (1).jpgБерлін

Шпіталь Шарытэ

На ціхай вулцы Große Hamburger Straße месціцца шпіталь святой Ядзвігі, які быў заснаваны ў сярэдзіне ХІХ ст. Першапачаткова будынак служыў шпіталем для невялікай каталіцкай грамады Берліна, якая ў той час налічвала каля 20 тысяч чалавек. Будаўніцтва фундаваў князь Багуслаў Радзівіл. Радзівілы былі шчыльна павязаныя з нямецкай сталіцай, нават знакамітая і ўжо няісная рэзідэнцыя Гітлера была колішнім радзівілаўскім палацам.

02-szpital_szarite.pngШпіталь Шарытэ. Выява: berlinstadtservice.de

У шпіталі функцыянавалі тэрапеўтычнае і хірургічнае аддзяленні, а таксама дзіцячы дом. Працавалі ў ёй не толькі лекары, але і каталіцкія сёстры.

На працягу наступных дзесяцігоддзяў будынак бальніцы перабудоўваўся і пашыраўся: ягоны першасны неагатычны стыль убіраў у сябе новыя рысы. Суровы прыгожы будынак цяпер ёсць помнікам гісторыі.

Галерэя Алеся Родзіна

Галерэя «Тахелес» — колішні гандлёвы цэнтр, збудаваны ў 1908 годзе, здолеў перажыць ліхалецці ХХ ст., аднак не перажыў эканамічныя складанасці. Апынуўшыся на тэрыторыі Усходняга Берліна, «Тахелес» паступова прыходзіў у заняпад, а сам будынак стаў не прыдатным для эксплуатацыі. У 1990-м яго планавалі знесці. Аднак праз грамадскую ўвагу, перадусім тутэйшых мастакоў, яго захавалі і зрабілі помнікам архітэктуры.

03-tacheles.jpgБудынак Тахелес 

04-tacheles_znutry.jpg
«Тахелес» знутры. Выява: chrismon.de 

«Тахелес» ператварыўся ў арт-прастору ў стылі лофт з выставамі, майстэрнямі і арт-пляцоўкамі. Адну з іх з 2000 года займаў вядомы беларускі мастак-авангардыст Алесь Родзін. Для яго работ у «Тахелесе» вылучылі асобны паверх.

Алесь Родзін жыў і працаваў у Берліне на працягу дзесяці гадоў. Менавіта тут ён пачаў працаваць над «Міфалагемай тысячагоддзя» — адной з самых вялікіх паводле памераў карцін у Еўропе. Мастак жыў у Берліне да пачатку 2010-х гадоў, потым вярнуўся ў Беларусь, дзе памёр у 2022 годзе.

05-Ales_Rodzin_na_fonie_svajoj_karciny.jpgАлесь Родзін на фоне свайго найвядомейшага твора — «Міфалагема тысячагоддзя». Выява: belsat.eu

Як цэнтр мастацтва «Тахелес» праіснаваў да 2012-га, потым будынак выкупіў банк, мастакоў выселілі адтуль. Нягледзячы на пратэсты і вялікую ўвагу да «Тахелеса» нямецкай прэсы, цэнтр у выніку быў зачынены.   

«Мінск» у Патсдаме

Калісьці ва Усходнім Берліне працаваў рэстаран «Мінск», над якім працавалі дызайнеры з БССР (а ў Мінску ў адказ быў створаны рэстаран «Патсдам»). На пачатак 2000-х гг. колішняя культавая ўстанова пуставала, і ёй пагражаў знос. Але «Мінску» пашчасціла, ён быў адноўлены на грошы мясцовага мільярдэра Хаса Плятнэра. Але ўжо не як рэстаран, а як музей, з фокусам на мастацтва НДР, якім цікавіўся Плятнэр. Пасля праведзенай у 2022 годзе рэнавацыі месца мае назву «Das Minsk Kunsthaus in Potsdam».

06-galereja_minsk.jpgБудынак галерэі. Выява: cimam.org

07-galereja_minsk_znutry.jpegГалерэя знутры. Выява: tagesspiegel.de

Дакладны адрас — Max-Planck-Straße 1, Патсдам.

Місія БНР у Берліне

У Берліне з 1919 года пачала працаваць дыпламатычная місія Беларускай Народнай Рэспублікі. Яна дамагалася прызнання БНР і адкрыцця першай афіцыйнай амбасады ў нямецкай сталіцы, а таксама займалася пытаннямі палонных беларусаў — да канца Першай сусветнай вайны ў нямецкіх табарах знаходзілася каля 60 тысяч беларусаў. Урад БНР планаваў сфармаваць з іх вайсковыя аддзелы, якія маглі б стаць асновай нацыянальнага войска.

Місія арганізоўвала сустрэчы з нямецкімі палітыкамі, журналістамі, спрабавала кантактаваць з бізнесоўцамі і чыноўнікамі. Арганізоўвала культурніцкія і асветніцкія лекцыіі й сустрэчы. Нямецкі ўрад зарэгістраваў місію ў 1919-м, што дазволіла ёй выдаваць пашпарты БНР, з якімі можна было свабодна жыць і перамяшчацца па Еўропе.

За ўвесь час існавання Місіі было выдадзена каля 2 тысяч пашпартоў БНР.

Першая дыпмісія БНР прапрацавала ў Берліне больш за шэсць гадоў. У 1925-м было пастаноўлена ліквідаваць урад БНР. За два гады да гэтага, у 1923-м, Нямеччына ўстанавіла афіцыйныя дачыненні з БССР.

08-miesca_misii_bnr.jpgАдрас, дзе раней месцілася місія БНР у Берліне. Выява: bel.wikipedia.org

Будынак дыпмісіі БНР знаходзіўся на Motzstraße 21, а Беларускае прэс-бюро — на Kaiserallee 209 (цяпер — Bundesallee).

Месца, дзе праходзіла выстава Шагала ў Берліне

Марк Шагал — славуты мастак родам з Віцебшчыны, які здабыў славу ў Парыжы. Але ёсць у ягонай біяграфіі і берлінская старонка. У Берліне ў 1913 годзе ў яго адбылося першае знаёмства з Нямеччынай — у авангардысцкай галерэі Der Sturm, якая калісьці размяшчалася на Potsdamer Straße.

Выдавец і галерыст Герварт Вальдэн выставіў усяго тры працы Шагала — побач з творамі ў стылі футурызму, кубізму, экспрэсіянізму і іншых плыняў. Нямецкія мастацкія крытыкі прынялі творы мастака досыць пазітыўна.

valden.jpg
Герварт Вальдэн, выдавец і галерыст, які выставіў работы Шагала. Выява: herwarthwalden.de 

А ў наступным, 1914 годзе, адбылася ўжо персанальная выстава Шагала ў той жа галерэі Der Sturm. На ёй былі прадстаўлены 34 карціны алеем і больш за 100 малюнкаў і акварэляў, якія пазней апынуліся ў прыватных калекцыях.

Апошні раз у Берліне Шагал быў у 1930-м, пасля чаго больш ніколі не вяртаўся ў Нямеччыну. Але трагедыя Другой сусветнай вайны і змрочныя ператварэнні ў Нямеччыне адбіліся на ягонай творчасці: тэма Халакосту стала прысутнічаць у творчасці Шагала.

Цяпер на месцы галерэі стаяць жылыя дамы. Дакладны адрас — Potsdamer Straße 180.

Ю. К., Budzma.org