Дыяментам зыркім заззяе на паліцах беларускіх чытачоў кніга, якая выйшла ў снежні ў выдавецтве «Логвінаў» — калі вышэйпамянёныя чытачы задбаюць, каб набыць і паставіць на згаданыя паліцы, час ад часу даставаць, мацаючы дыхтоўную вокладку, разглядаючы наймілейшыя ілюстрацыі і перачытваючы найулюбенейшыя цытаты з кнігі цудаў і хаджэнняў, рамана «Падарожжы Беньяміна III» пра выбітнага ваяжора і яго адданага збраяносца, аўтарства Мэндэлэ Мойхер-Сфорыма ў перакладзе Паўла Касцюкевіча, піша Ульяна Імша для @by_culture.
фота: lohvinau.by
Гэтыя двое, аўтар і перакладчык, робяць дадзенае выданне ўнікальным.
Аўтар, Шолам-Янкеў Абрамовіч, які назваў сябе Мэндэлэ Мойхер-Сфорымам, нарадзіўся ў 1836 годзе ў Капылі. Правільна — чарговы наш зямляк, які пісаў не па-беларуску. І які задаў традыцыю, падтрыманую нашымі сучаснікамі, што пры неабходнасці ўласнаручна перакладаюць свае творы з адной мовы на другую. Ён пісаў то на іўрыце, то на ідыш, то зноў на іўрыце, фактычна ўласнаручна стварыўшы дзве літаратурныя мовы. Іўрыт яго маладосці быў біблійным, не для адлюстравання жыццёвых драбніцаў, таму ён перайшоў на больш народную мову ідыш, але потым, у пошуках балансу паміж традыцыяй і прагрэсам, пачаў ствараць свой іўрыт, пры неабходнасці проста прыдумляючы новыя словы. Напрыклад, пераклаўшы нямецкую «Гісторыю прыродазнаўства», ён вынайшаў назвы для птушак і раслін. І гэтай мовай актыўна карысталіся габрэйскай пісьменнікі да сярэдзіны XX стагоддзя.
фота: lohvinau.by
Многія яго творы (у тым ліку і «Падарожжа Беньяміна III») вельмі іранічныя, калі не казаць саркастычныя. Настолькі саркастычныя, што ягоныя паслядоўнікі называлі яго габрэйскім саманенавіснікам. Сам вінаваты — аднойчы, паслухаўшы як моладзь абмяркоўвае антысеміцкія настроі тагачаснага грамадства, ён паблажліва сказаў:
«Эх, маладыя людзі, нічагусенькі вы не разумееце ў антысемітызме. На свеце ёсць толькі два сапраўдныя антысеміты — Госпад Бог і я».
То бок можна было б выкарыстаць любімую метафару традыцыйнай беларускай крытыкі і сказаць, што Мойхер-Сфорым біў «шыбы ў бацькоўскай хаце». Але ж Шалом-Алейхем абдарыў яго ганаровым тытулам «дзядулі габрэйскай літаратуры», таму гэтая мэтафара будзе выглядаць тут троху недарэчна, бо складана ўявіць дзядулю, які б’е шыбы ў бацькоўскай хаце.
Большасць перакладаў «Падарожжа Беньяміна III» носіць назву «Габрэйскі Дон Кіхот», што падказвае еўрапейскаму чытачу кантэкст прачытання. Хаця арыгінальная назва адсылае да значна глыбейшых асацыяцый, ды яны бачныя толькі начытанаму ў габрэйскай літаратуры. Тым не менш, упэўненая, кожнаму штосьці ды адгукнецца.
фота: lohvinau.by
Адзін з маіх суразмоўцаў пачуў у апісанні вандровак Беньяміна алегорыю накшталт «Гісторыі аднаго горада» Салтыкова-Шчадрына. І сапраўды — Дармаедаўка, Апівудавічы, Цемрава, Абалдуйск — гэтымі назвамі пярэсцяць старонкі. Другая суразмоўніца казала, што, на яе думку, без прыгод валацугаў Мойхер-Сфорыма, не з’явіўся б удалы ваяка Швейк. І яна мае рацыю — у адным з раздзелаў герояў рэкрутуюць у войска і служаць яны там не менш смешна, чым Швейк. Мне самой у падарожжы Беньяміна і Сандэрле ўбачыліся нават не Дон Кіхот з Санча Пансам, а іх літаратурныя паслядоўнікі, створаныя Чарльзам Дыкенсам — Сэмюэль Піквік і Сэм Уэлер. І як я радавалася сваёй праніклівасці, калі дазналася, што Мойхер-Сфорым сапраўды вельмі любіў Дыкенса. Тлустай рысай, якая падкрэслівае слушнасць усіх гэтых разважанняў, на прэзентацыі беларускага перакладу прагучала фраза амерыканскага знаўцы габрэйскай літаратуры Міхаіла Курцікава: «Усё, што мы можам вычытаць у ягоных творах, там ёсць!»
Шолам-Янкеў Абрамовіч не здарма назваў сябе Мэндэлэ Мойхер-Сфорымам, Мэндэлэ-кніганошам. Гэта традыцыйны для нашых тэрыторый вобраз — габрэй-кніганоша, гандляр асветай, які кантрабандай правозіць веды: сакральную мудрасць, свецкія забаўляльныя кнігі і таксама проста творы, забароненыя для распаўсюду на тэрыторыі тагачаснай Расійскай імперыі, не абавязкова, дарэчы, габрэйскія. Пра што сведчыць яшчэ адзін небеларускамоўны творца родам з беларускіх земляў Адам Міцкевіч. У сваім варыянце «Exegi monumentum» ён пісаў пра габрэя, які «нягледзячы на пагрозы цара і назло мытнікам, кантрабандай перавозіць ў Літву (і ўсе мы разумеем — куды, бо і родны мэндэлеў Капыль знаходзіцца на землях Lite, Літвы па-габрэйску) томікі маіх (гэта значыць ягоных, міцкевічавых) твораў».
фота: lohvinau.by
Калі прасачыць за дзейнасцю пісьменніка і перакладчыка Паўла Касцюкевіча, то складаецца ўражанне, што ён атаясамляе сябе з такім вось валацугам і кніганошам. Ці ж дарма — што б ён ні ўзяўся перакладаць, гэта гісторыі пра падарожжы? Напрыклад, «Аўтаспынам па Галактыцы» Дугласа Адамса ці «Трое ў чоўне і пёс з імі» Джэрома. Ці ж дарма тры гады таму з ініцыятывы «Кнігарні Логвінаў» і пры актыўным удзеле Паўла па дарогах Беларусі, выконваючы свае асветніцкія функцыі, катаўся бусік з шыльдай «Вандроўная кнігарня»?
«Падарожжа Беньяміна III» было напісанае спачатку на ідыш, потым Мойхер-Сфорым, імкнучыся пракласці шлях ад местачковасці да ўніверсальнасці, перакладае ўласны твор на іўрыт. Што тычыцца еўрапейскіх моваў, першы пераклад быў здзейснены на польскую. І ён, і руская з украінскай версіі былі зробленыя з ідышу. А Павал Касцюкевіч зрабіў пераклад з іўрыцкае версіі. І мы атрымалі твор, адрозны ад тых, што чытаюць нашыя суседзі. Даследчыкі зацята сцвярджаюць, што ўмоўная краіна, па якой вандруюць героі Мойхер-Сфорыма, гэта ўкраінская глыбінка, валынская губернія. Пазіцыя перакладчыка — дзеянне адбываецца ў Беларусі. І ўвогуле іўрыцкі пераклад-арыгінал больш універсальны, чым арыгінал на ідыш, і тэрытарыяльна не прывязаны да пэўных земляў.
Але ж беларускі пераклад да беларускіх земляў цалкам сабе прывязаны. Прывязаны праз асаблівасці перакладчыцкай манеры Паўла Касцюкевіча, якая пазнаецца проста з першых старонак, праз выкарыстанне архаізмаў і наватвораў, прыдуманых Паўлам, накшталт слоўца «ахвярабраўца». Там-сям можна сустрэць ненавязліва ўплеценыя ў тэкст алюзіі і цытаткі. І Беньямін імкнецца «на прастор, на шырокі прастор», а ў адной з частак расказвае пра «таемныя спружыны сусветнай палітыкі». Ды што там, нават Алесіка Македонскага адзін з герояў называе «ідыётам самым сапраўдным».
А яшчэ Касцюкевіч, па добрай перакладчыцкай звычцы, з галавой занурыўшыся ў сацыякультурны кантэкст эпохі, не вытрымаў і вырашыў падзяліцца сваімі ведамі. І зрабіў гэта па сваёй, касцюкевіцкай завядзёнцы, не без выкрунтасаў. Там, дзе нармальны перакладчык зробіць занудную спасылку, Павал піша камэнтары, якія вельмі арганічна ўпісваюцца ў тэкст твора.
Так што віншую вас, шаноўныя беларускія чытачы. «Падарожжа Беньяміна III» Мэндэле Мойхер-Сфорыма заняла сваё пачэснае месца на вялікай ўяўнай паліцы разам з іншымі творамі аўтараў, народжаных на Беларусі, якія — ну, так здарылася — пісалі не па-беларуску.