У дзень памяці Канстанціна Тышкевіча, славутага беларускага археолага, краязнаўца, гісторыка і заснавальніка музея старажытнасцяў, «Будзьма» вырашыла успомніць яго жыццё і навуковую дзейнасць.
Канстанцін Тышкевіч
Плятэры, Радзівілы, Агінскія
Беларускі род Тышкевічаў вядомы ў ВКЛ яшчэ з XV стагоддзя, а сярод яго прадстаўнікоў былі дзяржаўныя дзеячы Рэчы Паспалітай і ВКЛ. На беларускіх землях рэзідэнцыяй Тышкевічаў стаў Лагойск, якім род валодаў амаль чатырыста гадоў.
Палац Тышкевічаў у Лагойску. Малюнак Напалеона Орды, 1870-я гг.
Бацькам Канстанціна быў граф Пій Тышкевіч — буйны землеўласнік, барысаўскі павятовы маршалак. Праз маці, графіню Агусту, чый бацька быў дынабургскім павятовым маршалкам і браслаўскім маршалкам Таргавіцкай канфедэрацыі, Тышкевічы мелі сваяцтва з такімі вядомымі беларускімі родамі, як Плятэры, Радзівілы і Агінскія.
Бацькі стварылі спрыяльную і творчую атмасферу для выхавання сыноў, якія пазней зрабілі неацэнны ўнёсак у вывучэнне беларускай культуры і гісторыі. Так, у сямейным палацы рэгулярна адбываліся музычныя вечарыны, была велізарная бібліятэка, збор жывапісу, калекцыі манет і зброі.
Пасля атрымання хатняй адукацыі Канстанцін навучаўся ў Забельскім дамініканскім калегіуме і не менш знакамітым Полацкім езуіцкім калегіуме, пасля чаго паступіў на юрыдычны факультэт Віленскага ўніверсітэта.
На службе міністра фінансаў і дзяржавы
Ва ўзросце дваццаці двух гадоў дзякуючы сувязям сваяка Людовіка Плятэра, які быў сенатарам і генеральным дырэктарам скарбовых лясоў, Канстанцін Тышкевіч трапіў на працу ў канцылярыю міністра фінансаў Каралеўства польскага, дзе служыў восем гадоў.
Канстанцін Тышкевіч з жонкай і сынам Оскарам у Дрэздэне, 1860-я гг. Малюнак, зроблены па фатаграфіі
Пазней Канстанцін быў абраны ў Мінску на пасаду межавога суддзі ў Мінскі губернскі межавы суд. У 1863 годзе ён быў прызначаны канцылярскім службоўцам Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу, а ў 1841 годзе — дэпутатам Барысаўскага павета па раскладцы земскіх павіннасцяў.
У 1853 годзе павятовае дваранства абрала Канстанціна Тышкевіча барысаўскім павятовым маршалкам (але па фармальных нагодах ён не быў зацверджаны губернатарам). А ў 1858 годзе ад Барысаўскага павета ўвайшоў у склад мясцовага камітэта па падрыхтоўцы сялянскай рэформы.
Заснавальнік банка і сябра Лонданскага інстытута археалогіі
Яшчэ пасля заканчэння працы ў міністэрстве, па вяртанні ў Лагойск у 1831 годзе, Тышкевіч заняўся ўладкаваннем гаспадаркі, у прыватнасці заснаваў цукровы завод, майстэрню па пераплаўцы жалезнай руды, палатняную мануфактуру і нават ашчадны банк для мяшчан і сялян. Але пераважная частка яго намаганняў была звязаная з даследчыцкай, навуковай дзейнасцю.
Так, ён займаўся вывучэннем археалагічных помнікаў, сялянскага побыту, гісторыі беларускіх мясцін, ладзіў навуковыя вандроўкі. Разам з братам Яўстахам яны правялі археалагічныя раскопкі каля двухсот курганоў, замчышчаў і гарадзішчаў. У 1842 годзе браты Тышкевічы заснавалі ў Лагойску першы ў Беларусі музей старажытнасцяў, у якім экспанаваліся іх археалагічныя знаходкі, калекцыі старажытных кніг і рукапісаў, манет і медалёў, зброі і твораў мастацтва, а пазней заснавалі і Віленскі музей старажытнасцяў.
Надзвычай адметнай стала экспедыцыя Тышкевіча па рацэ Віліі, дзеля якой ён адмыслова пабудаваў флатылію з чатырох караблёў. Маштабная навуковая вандроўка — у якой ён сабраў багата падрабязных матэрыялаў па прыродзе краю, фальклоры, этнаграфіі і краязнаўстве, зрабіў апісанні касцёлаў, цэркваў і замкаў — ахапіла ўсю раку ад вытоку да вусця (а гэта амаль каля пяцісот кіламетраў), каля трохсот населеных пунктаў і працягвалася каля чатырох месяцаў.
Замалёўка тыпаў сялян падчас экспедыцыі па Віліі
Варта адзначыць, што даследчыцкая дзейнасць Канстанціна Тышкевіча не насіла аматарскага характару і была прафесійнай навуковай, а ён сам належаў да шэрагу навуковых таварыстваў, у тым ліку быў сябрам этнаграфічнага таварыства Усходняй Амерыкі, Парыжскага геаграфічнага таварыства, Лонданскага інстытута археалогіі, Каралеўскай акадэміі навук Швецыі, расійскай Імператарскай акадэміі навук і іншых. Акрамя таго, у Беларусі Тышкевіч лічыцца заснавальнікам навуковай археалогіі.
Кірыл Стаселька, budzma.by