Здавалася б, пакутніцтва – звыклы стан для нашага грамадства, але мінулы год нават для звышцярплівых беларусаў стаўся сапраўдным выпрабаваннем. Дзве хвалі пандэміі, масавыя хваробы і смерці блізкіх, усё мацнейшы эканамічны крызіс, палітычная турбулентнасць і жорсткія рэпрэсіі ўладаў супраць мірных грамадзян.
Падзеі, якіх лёгка хапіла на дзесяцігоддзе, спрэсаваліся ў 366 дзён. Атрымалася сапраўдная бомба, выбух якой аказаўся і невыносным, і ачышчальным не толькі для простых людзей, але і для айчыннай кінапрасторы. Беларускае кіно як мастацкая з’ява і бізнес-актыўнасць публічна памерла і амаль адразу адрадзілася анлайн, шукаючы новыя магчымасці для існавання ва ўсё больш таксічным асяродку.
Паспрабуем азірнуцца на тое, чым адзначыўся 2020 год для нашых кінематаграфістаў.
Падзея года. Часовае прыпыненне працы кінатэатраў
Як бы ні ўпэўнівала афіцыйная прапаганда ў тым, што Беларусь – самадастатковая краіна, якой не патрэбныя зносіны з іншым цывілізаваным сусветам (акрамя «братэрскай» Расіі), кавід і рыначныя зносіны хутка расставілі ўсё на свае месцы. Прыватныя і дзяржаўныя ўладальнікі кінатэатраў, якія спачатку праігнаравалі хваробу сумесна з уладай, увесну непазбежна пачалі прыпыняць сваю дзейнасць. І ўсе праз амаль татальную адсутнасць (да 90% ад былой колькасці) гледачоў.
Частка аўдыторыі, якая спалохалася за сваё здароўе, засталася сядзець дома, а іншым, смялейшым, папросту не было чаго глядзець. Буйныя прэм’еры з ЗША, Еўропы і Расіі перасунуліся на іншы год. Тое ж напаткала і большасць кінафестываляў. З восені кінатэатры зноў адчынілі дзверы, але аднаўленне былых паказчыкаў кінапрагляду адбудзецца яшчэ не хутка.
Тэндэнцыя года. Журналісты прыходзяць у палітычную дакументалістыку
Медыйная супольнасць заўжды жыве па прынцыпе «чым горш – тым лепш». Рэалізуючы яго, журналісты ў мінулым годзе ўсё часцей звярталіся да відэафармату, здымаючы паўнавартасную тэле- і кінадакументалістыку. Паспрыяла працэсу з’яўленне пару гадоў таму відэааддзелаў пры найбуйнейшых анлайн-СМІ (TUT.by, Onliner.by, Радыё Свабода і інш), вялікі запыт аўдыторыі і, безумоўна, падзеі 2020 года. На іх аснове былі створаныя цікавыя працы, прысвечаныя перадвыбарчаму перыяду і яго героям, паслявыбарчаму супраціву грамадства і крыважэрнасці ўлады, жыццю беларусаў падчас пандэміі і іншай набалелай сацыяльшчыне. Такой колькасці цікавых прац не з’яўлялася амаль дзесяць гадоў, з моманту выбараў 2010 года.
Найлепшы кінарэжысёр. Мітры Сямёнаў-Алейнікаў
Творчую кар’еру рэжысёра і кліпмэйкера Мітрыя Сямёнава-Алейнікава так і цягне назваць узорнай. Адвучыўшыся ў БДАМ на актора, хлопец атрымаў адукацыю пастаноўшчыка ў маскоўскім УДІК, паспеў зняць фестывальна паспяховую кароткаметражку «Адной крыві», папрацаваць над відэаграфіяй Макса Каржа, Вадзіма Галыгіна і нават плённа пасупрацоўнічаць з «Беларусьфільмам», для якога была знятая таксама ваенная кароткаметражка «Франка». Наступным крокам мусіла быць праца над поўнаметражным дэбютам. Так і сталася – ім стаў прыгодніцкі рэтра-трылер «Забароненая зона», якую Мітры здымаў з расійскімі серыяльнымі зоркамі на прыватнай студыі Mediacube. Праект адразу рэалізаваны на расійскім рынку (анлайн-стрымінг Мegogo і шырокі пракат). Вядома, стваральнікам не пашанцавала з момантам пракату (стужка некалькі разоў пераносілася ў Расіі і Беларусі: то праз каранавірус, то праз мітынгі), у мастацкім плане засталіся пытанні да якасці сцэнару, але ў Мітрыя і яго каманды атрымаўся якасны прыклад супрацы прыватнай студыі з дзяржавай. Бюджэтныя грошы пайшлі на стварэнне патэнцыйна цікавага для масавай аўдыторыі праекта. Гэта мноству аўтараў бывае не пад сілу.
Найлепшы кінапрадзюсар. Віктар Лабковіч
Бізнесмен і генеральны прадзюсар «Першай кінавідэакампаніі» Віктар Лабковіч у мінулым годзе, не зважаючы на каранавірус, працаваў больш за астатніх. І высілкі мелі сэнс: дзякуючы яму быў дазняты прыгодніцкі міні-серыял «Сляды апосталаў – 2», свет пабачыла поўнаметражная дакументальная стужка «Цемра звонку» Анастасіі Мірашнічэнка і – галоўнае – пачаліся здымкі біяграфічнага серыяла пра лідара гурта «Песняры» Уладзіміра Мулявіна, стварэнне якога прафінансаваў Мінкульт, а набыццём зацікавіўся расійскі Першы канал. Не пашанцавала толькі з адаптацыяй іранічнага рамана «Радзіва “Прудок”» Андрэя Горвата, які атрымаў і адразу страціў грошы на здымкі, але пра гэта будзе крыху ніжэй.
Кінафестываль года. ArtDocFest 2020
У гэтым годзе да нацыянальнага кіно была пільная ўвага з боку мясцовых фестываляў. Беларускія стужкі паказвалі на Smartfilm, «Нефільтраваным кіно», Watch Docs Belarus, «Лістападзе» і ўпершыню – на «Паўночным ззянні», праграму для якога зрабіў кінакрытык Антон Сідарэнка. Таксама беларускія стужкі то тут, то там усплывалі ў праграмах расійскіх і еўрапейскіх фестываляў. Але, бадай, самым беларускаарыентаваным атрымаўся латвійска-расійскі ArtDocFest, стваральнікам якога з’яўляецца знаны расійскі дакументаліст Віталь Манскі. Для беларускіх удзельнікаў стварылі адмысловую секцыю «Жыве Беларусь», у якой, паводле задумы стваральнікаў, гаворка ідзе «аб нядаўнім мінулым краіны, што стварыла тую Беларусь, якую мы нядаўна пазналі: нязломную, вынаходлівую, вольную». Таксама беларускіх удзельнікаў можна знайсці у секцыі «Асяродзе. Анлайн» і асноўным конкурсе. Такой увагі да беларускай дакументалістыкі раней дакладна не было. І хоць фестываль перанеслі на 2021 год, такой увагі да беларускай дакументалістыкі раней дакладна не было.
Учынак года. Раптоўная адмена «Лістапада» і яго паўпартызанскае правядзенне
Хваля масавага гвалту і жорсткіх рэпресій, што абрынулася на мірных беларусаў адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў, не пакінула абыякавым нікога. У тым ліку прадстаўнікоў культурнага асяродку. Прагу людзей да зменаў падтрымаў і цэнтр «АРТ Карпарэйшн», супрацоўнікаў якога можна было сустрэць на вуліцах, у ланцугах салідарнасці і нават у спісах затрыманых. Партызанскі супраціў дырэкцыя «Лістапада» працягнула і ў арганізацыі «Лістапада», адмовіўшыся ад чытання ўступнага слова прэзідэнта і яго традыцыйных узнагарод за духоўнасць. Мінкульт, для якога правядзенне падзеі было жыццёва неабходнай мэтай, спачатку вагаўся, але за дзень да адкрыцця па загадзе зверху вераломна адмяніў падзею. Кінааматараў гэта навіна шакавала, але каманда фестывалю стрывала ўдар і правяла паказы па-за межамі фэсту: дэманстрацыі актуальных фестывальных стужак, рэтраспектыў, нацыянальнай праграмы ў выглядзе Фестывалю беларускага кіно. Атрымалася культурная партызаншчына як яна ёсць.
Расчараванне года. Брудная барацьба кінематаграфістаў за дзяржфінансаванне
Грошай шмат не бывае. Асабліва калі гаворка ідзе пра айчынную кінаіндустрыю, дзе атрымаць падтрымку ад дзяржавы пад праекты прыватных кінастудый далёка не так проста. Мінулай вясною склалася ўнікальная сітуацыя – збанкрутаваны «Беларусьфільм» з арыштаванымі рахункамі не змог паўдзельнічаць у Рэспубліканскім конкурсе кінапраектаў Мінкульта, даўшы шанец іншым доўгачаканым праектам здзейсніцца. Што і адбылося – дапамогу атрымалі экранізацыя рамана «Радзіва “Прудок”» Андрэя Горвата і біяграфічны фільм для падлеткаў «Дзесяць жыццяў Мядзведзя» (праекты «Першай кінавідэакампаніі»), а таксама кінаадаптацыя рамана «Сфагнум» Віктара Марціновіча (студыя «Дэмарш-фільм»). Такі расклад не спадабаўся іншым удзельнікам конкурсу – «Без Буслоў Артс» і «Телевізійнаму прадзюсарскаму цэнтру», чыя ўладальнікі паскардзіліся на пераможцаў у Міністэрства антыманапольнага рэгулявання. І ўсе праекты завочна адмяніліся. І хоць у канцы года «Дзесяць жыццяў Мядзведзя» зноў выйгралі конкурс, гэта не пазбавіла адчування кіслотнасці адносін паміж гульцамі на кінарынку.
Кінатэатр года. З’яўленне некалькіх аўтакінатэатраў
Кінатэатры кшталту drive in упершыню з’явіліся ў ЗША падчас Вялікай дэпрэсіі. Уладальнікі аўтамабіляў прыязджалі на паркоўку, куплялі білет – і глядзелі кіно седзячы ў салоне, слухаючы гаворку пра радыёпрыёмнік. У беларускай пракатнай гісторыі аўтакінатэатры таксама былі, але закрыліся праз недахоп гледачоў. Але падчас каранавіруса магчымасць глядзець кіно ў бяспецы стварыла падмурак для з’яўлення такіх кінапляцовак, якія адкрылі ўладальнікі сетак Silver Screen, Falcon Club Cinema і дзяржаўны Палац Рэспублікі. Гэта дапамагло кампаніям неяк звесці канцы з канцамі ў галодныя часы.
Трагедыя года. Гібель здымачнай каманды «Невядомай Беларусі»
У сярэдзіне мая на шашы Мінск – Гомель у аўтакатастрофе разбіліся маладыя кінематаграфісты: рэжысёрка Любоў Зямцова, прадзюсар Уладзімір Міхайлоўскі і гукарэжысёр Максім Гаўрыленка. Яны вярталіся з рабочай камандзіроўкі – здымак працы валанцёраў ініцыятывы ByСovid19, якая мусіла стаць чарговай серыяй новага дакументальнага праекта «Невядомая Беларусь», запушчанага тэлеканалам «Цяперашні час» у пачатку 2020 года. У адзін момант беларуская культура страціла апантаных візуальным мастацтвам аўтараў, якія толькі-толькі пачыналі свой творчы шлях. Трагедыя такога маштабу напаткала беларускае кіно апошні раз 40 гадоў таму, калі рэжысёрка Ларыса Шапіцька, што атрымала ўзнагароду на Берлінскім кінафестывалі за «Узыходжанне» паводле Васіля Быкава, з часткай здымачнай каманды разбілася падчас здымак стужкі «Мацера».
Скандал года. Падзеі вакол драмы «Купала»
Магістральны праект для «Беларусьфільма» – біяграфічная драма «Купала» – стаў асноўнай інфанагодай у мінулым годзе. Спачатку стала вядома, што стужку зацвярджалі на самым высокім узроўні – сілавікі з КДБ і сам прэзідэнт. Пасля прэзідэнцкіх выбараў апазіцыйныя тэлеграм-каналы злілі ў сеціва чарнавы варыянт фільма, і аўтары запісалі адмысловы відэазварот, каб беларусы пачакалі афіцыйнай прэм’еры. Апафеозам інфашуму стаў паказ (лічыце – афіцыйная прэм’ера) «Купалы» не на вялікім фестывалі А-класа, пра які ў кожным інтэрв’ю дудоніў гендырэктар студыі Уладзімір Карачэўскі, а на прахадным фэсце краін СНД «Маскоўская прэм’ера», які прайшоў у сталіцы Расіі. Вось так кіно з антыімперскім пасылам праз палітычныя абставіны трапіла ў посткаланіяльную пастку.
Найлепшы поўнаметражны фільм. «Купала» Уладзіміра Янкоўскага
Можна доўга спрачацца, чым з’яўляецца стужка Уладзіміра Янкоўскага – аўтарскім творам ці ідэалагічным інструментам, пабачыў яе толкам беларускі глядач ці не (афіцыйнай прэм’еры у Беларусі пакуль так і не адбылося, але чарнавую версію дагэтуль можна спампаваць у тэлеграме), разважаць пра ўзровень яе мастацкіх якасцяў. Галоўным у фільме пра паэта і драматурга Янку Купалу стала тое, што фільм на пэўны момант аказаўся сімвалам цікавасці беларусаў да сваёй культуры, гісторыі і перш за ўсё – уласнага кіно. Далёка не ўсе з тых, хто хацеў, паглядзелі стужку, але розгалас пра яе аказаўся настолькі моцным, што лепшага піяру для айчыннай кінематаграфіі і яе незайздроснага стану цяжка сабе ўявіць.
Найлепшы поўнаметражны дакументальны фільм. “Цемра звонку” Анастасіі Мірашнічэнка
Пасля выхаду расійскага спартовага блакбастара «Рух уверх» беларуская культурная бюракратыя зашумела: маўляў, трэба і нам пра ўласнае пераможнае мінулае зрабіць адмысловы блакбастар. Але пакуль ішлі спрэчкі, такі фільм зняла дакументалістка Анастасія Мірашнічэнка. Таксама пра спорт, але не пра мінулае, а пра сённяшні дзень, без прапаганды дзяржаўных каштоўнасцяў, ідэалагічнага пафасу і субсідый Мінкульта.
Усяго гэтага цемрашальства ў поўнаметражнай «Цемры звонку», прысвечанай зборнай Беларусі па футболе сярод невідушчых, няма, але дакументальная стужка знятая па ўсіх правілах драматычных спаборніцтваў. Тут вам і прыватная драма аднаго з вядучых гульцоў, дрэннае здароўе якога не дазволіла паехаць на важны чэмпіянат, і напружаны пошук фінансаў для адпраўкі каманды за мяжу, і саспенс от футбольнага матча, дзе нашу каманду дапякае іншаземны рэферы. Стужка зробленая на мяжы назіральнай дакументалістыкі і постдакументальнай пастаноўкі, і ад гэтага спалучэння глядзець яе стала значна цікавей.
Найлепшы фільм на беларускай мове. «Мне трэба поціскаў» Андрэя Куцілы
2019 год стаў для дакументаліста Андрэя Куцілы ўрадлівым – свет пабачылі дзве яго поўнаметражныя стужкі, «Сума» і «Стрыптыз і вайна», якія атрымалі шмат узнагарод на міжнародных кінафорумах. Мяркуючы па ўсім, 2020-ы мусіў стаць для рэжысёра прахадным, але яго напаткала нечаканасць. Падчас працы над іншым телерэпартажам аўтар выпадкова завітаў у хату да незнаёмай старой жанчыны, каб распытаць пра свае справы. Так ён стаў сведкам яе жыцця з паралізаванай дачкой. Раней тая магла размаўляць і нават пісала прыгожыя вершы, якія Куціла ўплёў у тканіну свайго фільма, прасякнутага знешнім адзіноцтвам і бездапаможнасцю – і унутранай свабодай і любоўю да жыцця. Гатовы вынік атрымаўся настолькі па-мастацку дасканалым, што працягнуў фестывальны трыумф стужак рэжысёра.
Найлепшы кароткаметражны фільм. «Царства зор» Івана Гапіенкі
У размовах пра кіно вельмі часта гаворка ідзе пра ігравыя і дакументальныя стужкі і амаль не згадваецца анімацыя. І дарэмна, тым больш што ў мінулым годзе на вялікія экраны трапіла неверагодна прыгожая праца «Царства зорак» Івана Гапіенкі, выпускніка Акадэміі мастацтваў. Хлопец вучыўся на факультэце дызайну віртуальнага асяродку, засвоіўшы стварэнне анімацыі ў 2D і 3D. Усе напрацоўкі бліскуча ўвасобіліся ў яго дыпломным праекце, які па змесце і эстэтыцы нагадвае змрочную казку ў духу стужак Тэры Гіліяма і Гільерма Дэль Тора, толькі ў намаляваным выглядзе. Але больш усцешвае тое, што «Царства» – дыпломны праект Івана, а значыць, мастака чакае вялікая творчая будучыня. Усе напрацоўкі бліскуча ўвасобіліся ў яго самастойным праекце, які хлопец зрабіў самастойна, без падтрымкі з боку Акадэміі. «Царства» па змесце і эстэтыцы нагадвае змрочную казку ў духу стужак Тэры Гіліяма і Гільерма Дэль Тора, толькі ў намаляваным выглядзе. Але больш усцешвае тое, што праца – першы вялікі праект Івана, а значыць, мастака чакае вялікая творчая будучыня.
Найлепшы кінапраект. Kinemo
Пандэмія і палітыка за паўгода здушылі амаль усю арт-менеджарскую актыўнасць у кінапрасторы. Мноства праектаў перанеслася, адмянілася ці было прымусова адмененае (больш за ўсё пацярпеў «Лістапад»), сыходзіла ў анлайн. Пераадолелі абставіны і прабіліся да жывых гледачоў толькі некалькі шчасліўчыкаў: «Нефільтраванае кіно» (прайшоў да першай хвалі пандэміі), звышпалітызаваны па змесце Watch Docs Belarus і раптоўны Фестываль беларускага кіно (ён жа – нацыянальная праграма адмененага «Лістапада»). Лепш за ўсіх у цяжкіх умовах трымаліся арганізатары «Кінэмо» – кінапраекта, які кожнае лета праходзіць у дворыку Музея Азгура на жывым паветры, з удзелам жывых беларускіх і замежных музыкаў, пад прагляд нямых стужак. Камедыі з Бастэрам Кітанам, раннія трылеры Альфрэда Хічкока, дацкая фантастыка пра палёт на Марс ды іншыя дапамаглі забыцца на кавід, але хутка адмяніліся, калі ў краіне пачаўся міліцэйскі гвалт супраць грамадзян.
Найлепшы замежны блакбастар у кіно. «Довад» Крыстафера Нолана
Адразу пасля закрыцця кінатэатраў з прычыны пандэміі і пераносу галівудскіх прэм’ер на пазнейшы час пачаліся спрэчкі ў экспертнай суполцы: што зможа вярнуць гледачоў у залы, калі хвароба адступіць? Амаль усе сыходзіліся на ўтапічным меркаванні, што перазапусціць пракатную індустрыю атрымаецца ў «Доваду» – самага дарагога і інтрыгоўнага фантастычнага блакбастара ад аматара неверагодных сцэнарных канцэптаў Крыстафера Нолана. Фільм адзін з нямногіх не быў перанесены на 2021 год. Стужка пра ратаванне свету з дапамогай машыны часу аказалася звышскладанай для ўспрыняцця масавым гледачом, не перазагрузіла кінпракатную індустрыю і ўвогуле стала камерцыйным расчараваннем. Але – трэба аддаць ён належнае – карысталася вялікім попытам у аўдыторыі чатыры месяцы, не зважаючы на справядлівы жах гледачоў перад кавідам.
Найлепшы замежны аўтарскі фільм у кіно. «Дарагія таварышы» Андрэя Канчалоўскага
Пястун найбуйнешых еўрапейскіх фестываляў, Андрэй Канчалоўскі свой на дадзены момант апошні ігравы праект «Дарагія таварышы» прысвяціў малавядомай савецкай трагедыі – расстрэлу ўладамі працоўнага мітынгу ў Новачаркаску ў 1962 годзе. Гэтая ганебная старонка савецкай гісторыі стала вядомая толькі падчас перабудовы, а ахвяраў рэабілітавалі толькі ў 1996 годзе. «Дарагія таварышы» паказалі, як улада на самай справе ставіцца да свайго народа і за апошнія 60 гадоў амаль нічога не змянілася. Канчалоўскі рабіў пастаноўку з прыцэлам на расійскі палітычны кантэкст, але фільм трапна рэзаніраваў менавіта для беларускага гледача, які пабачыў на экране ўласны досвед стаўлення нашых беларускіх чыноўнікаў да мірнага пратэсту.
Тарас Тарналіцкі, budzma.by