21 кастрычніка ў зэльвенскіх школах №2 і №3 прайшлі сустрэчы з паэтам Міхасём Скоблам і спявачкай Таццянай Матафонавай. Паэтычна-музычныя імпрэзы былі асвечаныя двума імёнамі – Ларысы Геніюш (якая жыла ў Зэльве) і Максіма Багдановіча (чыё 120-годдзе адзначаецца сёлета ў снежні).
Міхась Скобла расказваў пра сваё падарожжа ў Ялту і наведванне магілы беларускага класіка, а таксама чытаў верш “Зэльвенская каса ў музеі М. Багдановіча”. Таццяна Матафонава скарыла прысутных майстэрскім выкананнем “Зоркі Венеры”, а таксама песні на словы Уладзіміра Дубоўкі “О Беларусь, мая шыпшына”, у тэкст якое вельмі натуральна ўплеценае славутае чатырохрадкоўе Л. Геніюш: “Адзінай мэты не зракуся, і сэрца мне не задрыжыць. Як жыць – дык жыць для Беларусі, а без яе – зусім не жыць!” Дарэчы, ва ўсіх трох школах вучні пажадалі вывучыць гэтыя словы на памяць. Мінскім гасцям на сустрэчах былі зададзеныя дзясяткі пытанняў, аўтары найцікавейшых з іх атрымалі сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”