З’есці дранік на хуткасць, сэлфі ў вышыванцы, конкурс чытанкі. 13 чэрвеня адбудзецца «Адэльскі фэст»

Імпрэза пройдзе ў Гродзенскім раёне, паведамляе Белта.


svadba1.jpg

«Адэльскі фэст» адзначаюць у аграгарадку 13 чэрвеня. Свята прысвечана дню памяці святога Антонія Падуанскага, які з’яўляецца абаронцам Адэльска. У яго гонар тут пабудавалі касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі. Святога можна ўбачыць на гербе аграгарадка.

Акрамя рэлігійнай часткі свята ў Адэльску ўжо шмат гадоў праводзяць народныя гулянні. Пасля службы ў касцёле будзе арганізавана вялікая забаўляльная і музычная праграма. Будзе працаваць кулінарная пляцоўка з дэгустацыяй страў нацыянальнай кухні: бабка, кішка, хатні хлеб, клінковыя сыры, мясныя і бульбяныя стравы. Мясцовыя падзеляцца рэцэптам бігаса, усе жадаючыя змогуць паспаборнічаць у паяданні дранікаў на хуткасць.

Можна прагуляцца па музеі пад адкрытым небам, пабываць на выставе аднаго дня «Адэльскія двары» і выбраць лепшы ўпрыгожаны двор, разгледзець дываны, створаныя па тэхналогіі падвойнага ткацтва. Для дзяцей будзе арганізаваны гульні, літаратурны дартс. Будзе працаваць фотазона «сэлфі ў вышыванцы», пройдзе фотакрос «Адэльск чытае» і не толькі.

Усе жадаючыя змогуць навучыцца танцаваць старадаўнія танцы, прыняць ўдзел у майстар-класе па вырабу беларускай лялькі, выцінанкі і пляценні старажытных паясоў. Можна будзе пазнаёміцца з народным майстрам Беларусі па вырабе музычных інструментаў Мар’янам Скрамблевічам. Завершыцца «Адэльскі фэст» начнымі гуляннямі і феерверкам.

Аграгарадок Адэльск — адзіны ў Беларусі, дзе захаваныя два элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Гэта мясцовая традыцыйная рэгіянальная кухня і творчасць майстра па вырабе музычных інструментаў Мар’яна Скрамблевіча.