Агляд парушэнняў моўных правоў у Беларусі за першае паўгоддзе 2026 года сведчыць пра працяг сістэмнай дзяржаўнай палітыкі, вынікам якой становіцца далейшае звужэнне сферы выкарыстання беларускай мовы і ўмацаванне даміноўнага становішча расейскай мовы. Гэтая палітыка праяўляецца ў дзяржаўным кіраванні, адукацыі, інфармацыйнай і культурнай сферах, публічнай прасторы і сферы паслуг, а таксама ў ціску на людзей і інстытуцыі, звязаныя з захаваннем, развіццём, выкарыстаннем і папулярызацыяй беларускай мовы, піша bellit.info.
Асноўная ўвага ў дакуменце надаецца становішчу беларускай мовы. Разам з тым у агляд уключаны асобныя зафіксаваныя выпадкі абмежавання выкарыстання іншых моў, калі яны сведчаць пра больш шырокія дыскрымінацыйныя практыкі, і фактычнае навязванне рускай мовы ў якасці даміноўнай. Такія выпадкі разглядаюцца не як асобны маніторынг становішча моў нацыянальных меншасцяў, а як частка агульнай карціны рэалізацыі моўных правоў у Беларусі.
Асабліва трывожнай тэндэнцыяй першай паловы 2026 году стала ўзмацненне рэпрэсіўнага кампанента дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да беларускай мовы і культуры. Публічныя заявы пра ўшчамленне беларускай мовы міністр інфармацыі Марат Маркаў фактычна паставіў у адзін шэраг з дзейнасцю «не на карысць дзяржавы» і праявамі «экстрэмісцкіх ідэй». Адначасова працягваецца пераслед прадстаўнікоў беларускага кнігавыдання і кнігараспаўсюду, а выдавецтвы, кніжныя праекты і беларускамоўныя выданні трапляюць пад дзеянне антыэкстрэмісцкага заканадаўства.
Зафіксаваныя ў межах маніторынгу выпадкі дазваляюць вылучыць некалькі ключавых сфер, у якіх найбольш выразна праяўляюцца сістэмная дыскрымінацыя беларускай мовы, яе выцясненне з грамадскага жыцця, а таксама іншыя формы абмежавання моўных правоў:
Дзяржаўнае кіраванне і публічная прастора. Расейская мова захоўвае даміноўнае становішча ў справаводстве, дзейнасці дзяржаўных органаў і публічнай інфраструктуры. Беларуская мова, нягледзячы на яе дзяржаўны статус, у многіх выпадках застаецца фактычна неабавязковай для дзяржаўных устаноў і арганізацый.
Адукацыя. Звужэнне беларускамоўнай адукацыйнай прасторы суправаджаецца ўмацаваннем даміноўнай ролі расейскай мовы. Агляд фіксуе як асобныя выпадкі ціску з мэтай пераходу з беларускай на рускую мову ў навучальным працэсе, так і агульныя паказчыкі, якія сведчаць пра значны дысбаланс паміж дзвюма дзяржаўнымі мовамі.
Месцы пазбаўлення волі. Беларуская мова з’яўляецца дадатковай падставай для ціску і прыніжальнага абыходжання. Зафіксаваныя сведчанні пра патрабаванні пераходзіць на расейскую мову, абразы і спагнанні ў сувязі з выкарыстаннем беларускай.
Кнігавыданне і распаўсюд беларускай літаратуры. У першай палове 2026 года істотна ўзмацніўся ціск на незалежную кніжную інфраструктуру, якая адыгрывае ключавую ролю ў стварэнні і распаўсюдзе беларускамоўнай літаратуры. Адбыліся масавыя ператрусы і затрыманні прадстаўнікоў кнігавыдавецкай і распаўсюдніцкай сферы; выдавецкія і кніжныя ініцыятывы прызнаваліся «экстрэмісцкімі фармаваннямі», а кнігі, сайты і старонкі кніжных праектаў — «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Гэтыя меры дадаткова звужаюць магчымасці для выдання, распаўсюду і доступу да літаратуры на беларускай мове.
Публічная стыгматызацыя моўнага пытання. Асаблівую занепакоенасць выклікае з’яўленне ў афіцыйнай рыторыцы сувязі паміж заявамі пра ўшчамленне моўных правоў і «экстрэмісцкімі ідэямі». Такая рыторыка не толькі адмаўляе саму праблему няроўнага становішча беларускай мовы, але і стварае дадатковыя рызыкі для публічнага абмеркавання моўнай дыскрымінацыі і абароны моўных правоў.
Гэтыя тэндэнцыі неабходна разглядаць у больш шырокім кантэксце абмежавання культурных правоў і нацыянальнай ідэнтычнасці ў Беларусі. У дакладзе, прадстаўленым Радзе ААН па правах чалавека ў чэрвені 2026 году, Спецыяльны дакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Нілс Муйжнекс адзначае, што рэпрэсіі ў краіне ахопліваюць сістэмную перабудову культурнай прасторы, адукацыі, выкарыстання мовы і гістарычных наратываў. Беларуская культурная і нацыянальная ідэнтычнасць, а таксама моўная прыналежнасць усё часцей успрымаюцца як прыкметы палітычнай апазіцыйнасці.
Агляд ахоплівае перыяд з 1 студзеня па 30 чэрвеня 2026 года і падрыхтаваны Асацыяцыяй «Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў» на аснове аналізу адкрытых крыніц: публікацый незалежных СМІ, матэрыялаў беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый, а таксама дакументаў міжнародных арганізацый.
З прычыны працяглых рэпрэсій і рызык для людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі, бяспечны сістэматычны збор інфармацыі ўнутры краіны істотна абмежаваны. Таму зафіксаваныя ў дакуменце выпадкі не адлюстроўваюць поўнага маштабу парушэнняў моўных правоў, а ахопліваюць толькі тыя факты і тэндэнцыі, інфармацыя пра якія стала даступнай у адкрытых і вартых даверу крыніцах.
Мэта агляду — дакументаваць выпадкі і практыкі, якія абмяжоўваюць магчымасці выкарыстання беларускай мовы, выяўляць сістэмныя тэндэнцыі ў сферы моўных правоў і прыцягваць увагу беларускай і міжнароднай супольнасці да неабходнасці іх абароны як неад’емнай часткі культурных правоў чалавека.
13 студзеня 2026 г. Міністр інфармацыі Беларусі Марат Маркаў адхіліў прапанову павялічыць долю беларускамоўнага кантэнту на тэлебачанні да 45%. Ён заявіў, што не бачыць грамадскага запыту на ўвядзенне такіх квот, і выступіў супраць рэгулявання суадносін беларускай і расейскай моў у тэлевяшчанні.
У студзені 2026 г. былы палітычны зняволены папраўчай калоніі № 15 у Магілёве паведаміў праваабаронцам пра абмежаванні на вывучэнне замежных моў у калоніі. Паводле яго сведчання, адміністрацыя з асаблівай увагай ставілася да навучальнай літаратуры па польскай мове, якая лічылася «варожай». Наяўнасць падручніка польскай мовы магла стаць падставай для выкліку на прафілактычную гутарку і пакарання да дзесяці сутак у штрафным ізалятары. Пры гэтым стаўленне да навучальнай літаратуры па ангельскай мове было менш жорсткім. Сведчанне паказвае на дыскрымінацыйнае стаўленне да выкарыстання і вывучэння асобных моў у пенітэнцыярнай сістэме.
24 студзеня 2026 г. У Капыльскай дзіцячай бібліятэцы вокны былі аформлены партрэтамі і цытатамі расійскіх паэтаў Аляксандра Пушкіна, Сяргея Ясеніна і Міхаіла Лермантава. Беларускія літаратары ў экспазіцыі прадстаўлены не былі. Пры гэтым бібліятэка носіць імя беларускага паэта, перакладчыка і журналіста Анатоля Астрэйкі, ураджэнца Капыльшчыны; з рэгіёнам таксама звязаны беларускія літаратары Цішка Гартны, Адам Бабарэка і Алесь Адамовіч. Выпадак з’яўляецца прыкладам дамінавання расійскага культурнага кантэнту ў публічнай прасторы дзяржаўнай установы культуры.
29 студзеня 2026 г. Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі рашэннем № 2ЭК прызнала грамадскую культурніцкую кампанію «Будзьма беларусамі!» «экстрэмісцкім фарміраваннем». У адпаведны пералік былі ўключаны культурна-асветніцкі медыяпартал Budzma.org, старонкі кампаніі ў сацыяльных сетках і месенджарах, бот-афіша беларускіх мерапрыемстваў @Budzma_razam_bot і іншыя рэсурсы кампаніі. У рашэнні МУС таксама пазначаныя каардынатаркі кампаніі Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская як асобы, якія маюць дачыненне да «фарміравання». Інфармацыя пра рашэнне была ўнесена ў пералік МУС 3 лютага 2026 года.
30 студзеня 2026 г. Памочніца пракурора Глускага раёна Вольга Буткевіч у афіцыйным расейскамоўным каментары для мясцовай газеты выкарыстала беларускамоўнае словазлучэнне «пратэсны рух», тлумачачы ўнясенне Facebook-старонкі «В Центре Европы — Окраина Мира» ў спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Праваабарончы цэнтр «Вясна» звярнуў увагу на выкарыстанне беларускай мовы ў гэтым кантэксце і ацаніў яго як праяву грэблівага стаўлення да беларускай мовы.
31 студзеня 2026 г. «Наша Ніва» апублікавала матэрыял, заснаваны на сведчаннях беларускамоўных карыстальнікаў сацыяльнай сеткі Threads пра выпадкі дыскрымінацыі і негатыўнага стаўлення ў сувязі з выкарыстаннем беларускай мовы. У прыватнасці, жыхарка Віцебска паведаміла, што гінеколаг адмовілася яе прымаць і накіравала да іншага доктара, іншыя медыцынскія работнікі негатыўна рэагавалі на яе беларускамоўнасць, а на дзяржаўнай працы яе прымушалі перакладаць справаздачы на расейскую мову. Іншая ўдзельніца дыскусіі паведаміла, што ў дзіцячым садку ёй рабілі заўвагі за размовы з дзецьмі па-беларуску, а загадчыца патрабавала не размаўляць па-беларуску з калегамі ў прысутнасці дзяцей. Паводле ўдзельнікаў абмеркавання, выпадкі негатыўнага стаўлення да беларускамоўных найбольш часта ўзнікаюць у медыцынскіх і дзяржаўных установах, школах і дзіцячых садках, банках і сферы паслуг.
5 лютага 2026 г. У папраўчай калоніі № 4 у Гомелі супрацоўнік аператыўнага аддзела патрабаваў ад зняволенай грамадзянкі Латвіі Алы Сакаленкі не размаўляць з сынам па-латышску падчас спатканняў. Паводле сведчання Сакаленкі, супрацоўнік пагражаў зрабіць пераклад запісу іх размовы і заявіў, што мовай зносін у калоніі з’яўляецца расейская. Выпадак сведчыць пра практыку фактычнага навязвання расейскай мовы ў месцах пазбаўлення волі і абмежавання магчымасці карыстацца роднай мовай, адрознай ад расейскай.
10 лютага 2026 г. Стала вядома, што новыя транспартныя карткі «Аўтобуснага парка Гродна» выпушчаны на расейскай мове, хоць дызайн, які перамог у адкрытым конкурсе прадпрыемства, першапачаткова быў беларускамоўным. Аўтар дызайну Руслан Бубновіч паведаміў, што па патрабаванні заказчыка ў макет былі ўнесены моўныя змены, і ў выніковым варыянце беларуская мова была заменена на расейскую. У адказ на запыт грамадзяніна «Аўтобусны парк Гродна» заявіў, што прытрымліваецца «прынцыпаў роўнасці ў двухмоўі» і не лічыць выкарыстанне расейскай мовы ў дызайне картак праявай прыярытэту адной з дзяржаўных моў.
13 лютага 2026 г. Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў сведчанні пра негатыўнае стаўленне да выкарыстання беларускай мовы ў месцах пазбаўлення волі. Адзін з былых палітвязняў паведаміў, што беларускамоўная перапіска выклікала дадатковыя пытанні супрацоўнікаў, а адзін з іх раіў яму не размаўляць па-беларуску ў прысутнасці патрульных. Паводле сведчання палітвязня, за выкарыстанне беларускай мовы яго таксама называлі «фашыстам». Праваабаронцы адзначаюць, што беларуская мова ў месцах пазбаўлення волі часта ўспрымаецца як прыкмета нелаяльнасці і палітычнай пазіцыі.
14 лютага 2026 г. «Наша Ніва» апублікавала гісторыю грамадзяніна Кітая Сюя Байлуна, які вывучаў беларускую мову ў Кітаі, а затым прыехаў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, каб працягнуць яе вывучэнне. Паводле яго сведчання, ва ўніверсітэце яго накіравалі на расейскую філалогію, паколькі адаптаванай праграмы сістэматычнага вывучэння беларускай мовы для замежных студэнтаў не было, а беларуская выкладалася толькі факультатыўна — да трох гадзін на тыдзень. Некаторыя выкладчыкі патрабавалі здаваць іх прадметы толькі па-расейску, а адна з выкладчыц непасрэдна папрасіла Сюя адказваць па-расейску. Пасля звароту яго навуковай кіраўніцы да адміністрацыі студэнту дадалі заняткі па беларускай філалогіі; у выніку ён абараніў дыпломную працу на беларускай мове.
Сюй таксама паведаміў, што пры выкарыстанні беларускай мовы ў Мінску сутыкаўся са здзіўленнем, неразуменнем і насмешкамі. Сам ён ахарактарызаваў такое стаўленне як дыскрымінацыю беларускай мовы.
16 лютага 2026 г. Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» Gutenberg Publisher — беларускае выдавецтва, зарэгістраванае і легальна дзейнае ў Польшчы, якое спецыялізуецца на выданні кніг і настольных гульняў на беларускай мове. У пералік рэсурсаў, звязаных з «экстрэмісцкім фарміраваннем», былі ўключаны старонкі выдавецтва ў Facebook, TikTok, Instagram, Threads і Telegram. Інфармацыя пра рашэнне КДБ была ўнесена ў пералік МУС і стала публічна вядомай 23 лютага.
17–18 лютага 2026 г. У Мінску прайшла хваля ператрусаў і затрыманняў прадстаўнікоў беларускай кнігавыдавецкай і кнігараспаўсюдніцкай сферы. 17 лютага былі затрыманыя не менш за 10 чалавек, сярод іх — кіраўнік выдавецтва «Тэхналогія» Вацлаў Багдановіч, перакладчык і выдавец Зміцер Колас, кнігараспаўсюднік Алесь Яўдаха, а таксама члены сям’і Багдановічаў. Падчас ператрусу ў выдавецтве «Тэхналогія» было канфіскавана абсталяванне. Некаторыя з затрыманых былі пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі на 14–15 сутак. Пазней частка затрыманых не выйшла на волю пасля заканчэння адміністрацыйных арыштаў і стала фігурантамі крымінальнага пераследу.
18 лютага 2026 г. Рашэннем суда Партызанскага раёна Мінска ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў была ўключана беларускамоўная кніга Эліяша Барта «Джа: Легенда аб забраным сэрцы», выдадзеная выдавецтвам «Тэхналогія» ў 2023 годзе. Пра рашэнне стала вядома 26 лютага. Унясенне кнігі ў спіс цягне прававыя абмежаванні на яе выданне, распаўсюд і захоўванне і можа стаць падставай для прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.
22 лютага 2026 г. Міністр інфармацыі Марат Маркаў заявіў, што як тыя, хто гаворыць пра ўшчамленне беларускай мовы ў Беларусі, так і тыя, хто заяўляе пра ўшчамленне рускай мовы, «працуюць не на карысць дзяржавы» і «вельмі блізкія» да праяўлення «экстрэмісцкіх ідэй», паколькі, паводле яго слоў, спрабуюць унесці разлад у грамадства. Маркаў таксама заявіў, што «з тымі і з іншымі трэба змагацца» і што пазіцыя Міністэрства інфармацыі ў гэтым пытанні будзе «вельмі жорсткай».
22 лютага 2026 г. У сацыяльнай сетцы Threads бацькі беларускіх школьнікаў звярнулі ўвагу на тое, што прадмет «Гісторыя Беларусі» выкладаецца іх дзецям на рускай мове, і выказалі незадаволенасць такой практыкай.
27 лютага 2026 г. Студэнтка тэхнічнай ВНУ паведаміла ў сацыяльнай сетцы Threads пра ціск у сувязі з выбарам беларускай мовы для напісання дыпломнай працы. Паводле яе слоў, фармальнай забароны не было, аднак ёй настойліва прапаноўвалі пісаць дыплом па-расейску. Іншыя ўдзельнікі абмеркавання паведамілі пра падобныя выпадкі: патрабаванні перапісваць па-расейску дакументы, складзеныя па-беларуску, патрабаванні выкладчыкаў выконваць навучальныя працы на расейскай мове, а таксама перашкоды пры падрыхтоўцы і абароне беларускамоўных дыпломных прац.
2 сакавіка 2026 г. Павел Севярынец паведаміў Праваабарончаму цэнтру «Вясна», што падчас зняволення супрацоўнікі пенітэнцыярнай сістэмы патрабавалі ад яго размаўляць па-расейску. У прыватнасці, у папраўчай калоніі № 17 у Шклове аператыўныя супрацоўнікі і кантралёры сцвярджалі, што «нармальныя беларусы» размаўляюць па-расейску, а беларускамоўных нібыта «сапсавалі палякі», і патрабавалі ад Севярынца пераходзіць на расейскую мову.
3 сакавіка 2026 г. Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі рашэннем № 4/8-455 прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» так званую «кааліцыю друкаваных выдавецтваў». У пералік былі ўключаны фонд Kamunikat.org, Lohvinau Publishing House, Andrei Yanushkevich Publishing, выдавецтва «Зміцер Колас», а таксама іншыя выдаўцы і распаўсюднікі беларускіх кніг, якія дзейнічаюць у Беларусі і за яе межамі. Кіраўнік фонду Kamunikat.org Яраслаў Іванюк заявіў, што такой «кааліцыі друкаваных выдавецтваў» у рэальнасці не існуе. У рашэнні КДБ таксама згадваюцца Зміцер Колас, Вацлаў Багдановіч і Алесь Яўдаха, якія на той момант знаходзіліся пад вартай у Беларусі; паводле «Радыё Свабода», з дакумента вынікае, што супраць іх, верагодна, заведзены крымінальныя справы.
11 сакавіка 2026 г. Міністр адукацыі Андрэй Іванец заявіў пра гатоўнасць Беларусі актыўна падтрымліваць ініцыятывы па папулярызацыі і пашырэнні выкарыстання расейскай мовы і стаць пляцоўкай для правядзення адпаведных міжнародных мерапрыемстваў. Паводле Іванца, расейская мова з’яўляецца «такой жа роднай, як і беларуская», а таксама «ў многім нашым культурным кодам» і часткай агульнай культурнай і гістарычнай прасторы.
23 сакавіка 2026 г. Суд Партызанскага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайт і Instagram-старонку Knihi.by — інтэрнэт-крамы беларускай літаратуры, заснаванай кнігараспаўсюднікам Алесем Яўдахам. Яўдаха быў затрыманы 17 лютага падчас хвалі пераследу прадстаўнікоў беларускай кнігавыдавецкай і кнігараспаўсюдніцкай сферы. Пасля яго затрымання інтэрнэт-крама спыніла працу.
2 красавіка — 10 чэрвеня 2026 г. Міністэрства інфармацыі прыпыніла дзеянне пасведчання распаўсюдніка друкаваных выданняў выдавецтва «Тэхналогія» — першага прыватнага выдавецтва ў Беларусі, заснаванага ў 1988 годзе. Фармальнай падставай быў названы пропуск тэрміну падачы паведамлення аб змяненні звестак, якія падлягаюць уключэнню ў дзяржаўны рэестр. Раней, у лютым 2026 году, прадстаўнікі выдавецтва трапілі пад хвалю затрыманняў і ператрусаў у беларускай кніжнай сферы.
10 чэрвеня 2026 году Мінскі гарадскі эканамічны суд прызнаў выдавецтва «Тэхналогія» «экстрэмісцкай арганізацыяй».
6 красавіка 2026 г. Філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны абвясціў пра пашырэнне супрацоўніцтва з расійскім дзяржаўным фондам «Рускі мір», дзейнасць якога накіравана на прасоўванне расейскай мовы і культуры за межамі Расіі. Падчас візіту прадстаўніка фонду Сяргея Уліціна ва ўніверсітэт абмяркоўвалася адкрыццё на філалагічным факультэце спецыяльнай брэндаванай аўдыторыі «Рускага міру», а таксама была перададзена метадычная літаратура па расейскай мове як замежнай. Візіт праходзіў у межах «Дзён рускай мовы», якія ўключалі мерапрыемствы для студэнтаў і школьнікаў.
14 красавіка 2026 г. У Гомелі каля сквера імя Янкі Купалы быў усталяваны новы прыпынак грамадскага транспарту, назва якога на інфармацыйнай шыльдзе была пазначана выключна на расейскай мове. Выпадак з’яўляецца яшчэ адным прыкладам перавагі расейскай мовы ў афармленні публічнай гарадской інфраструктуры.
15 красавіка 2026 г. ФК «Нафтан-Наваполацк» у адказ на зварот праваабаронцы Ігара Случака адносна выкарыстання беларускай мовы ў дзейнасці клуба заявіў, што выкарыстанне клубам расейскай мовы не парушае правоў грамадзян.
17 красавіка 2026 г. Камянецкі райвыканкам у адказ на зварот праваабаронцы Ігара Случака адносна выкарыстання беларускай мовы на квітках грамадскага транспарту паведаміў, што выкарыстанне беларускай мовы на праязных дакументах у горадзе не плануецца.
22 красавіка 2026 г. Стала вядома, што мінскае кафэ Mon Nom, дзе раней наведнікам прапаноўвалі меню на беларускай, расейскай і ангельскай мовах, перастала выкарыстоўваць беларускамоўную версію меню. Супрацоўнікі ўстановы патлумачылі гэта адсутнасцю попыту на яе: паводле іх слоў, апошнім часам наведнікі беларускамоўнае меню не прасілі.
7 траўня 2026 г. Беларуская інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org, якая змяшчае больш за 70 тысяч беларускіх публікацый — кніг, газет, часопісаў, аўдыякніг, відэа- і аўдыяматэрыялаў, — стала аб’ектам маштабнай хакерскай атакі і часова спыніла працу. Паводле кіраўніка праекта Яраслава Іванюка, у выніку атакі серверы бібліятэкі былі фактычна вычышчаныя. Аднаўленне сайта заняло больш за месяц; да 19 чэрвеня бібліятэку ўдалося аднавіць амаль цалкам.
Іванюк выказаў меркаванне, што атака магла быць звязаная з беларускімі спецслужбамі. Раней сайт Kamunikat.org быў заблакаваны ў Беларусі, а 3 сакавіка 2026 года фонд Kamunikat.org быў уключаны КДБ у склад так званай «кааліцыі друкаваных выдавецтваў», прызнанай «экстрэмісцкім фарміраваннем». Пасля кібератакі польская служба барацьбы з кіберзлачыннасцю распачала крымінальную справу.
17 траўня 2026 г. Жыхары Брэста звярнулі ўвагу на тое, што на электронных інфармацыйных табло ў тралейбусах на некаторых маршрутах надпісы адлюстроўваюцца выключна на расейскай мове. Пасля публікацыі адпаведнага відэа ў сацыяльных сетках карыстальнікі выказалі незадаволенасць знікненнем беларускай мовы з элементаў гарадской транспартнай інфраструктуры.
18 траўня 2026 г. У Лепелі мова праязных дакументаў у грамадскім транспарце была зменена з беларускай на расейскую. У адказ на зварот адносна вяртання беларускай мовы на квіткі транспартнае прадпрыемства паведаміла, што аднаўляць беларускамоўны варыянт не плануе.
21 траўня 2026 г. На сайце Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа матэрыял да 115-годдзя беларускага пісьменніка Васіля Віткі быў апублікаваны выключна на расейскай мове, у тым ліку ў беларускамоўнай версіі сайта. У якасці ілюстрацый бібліятэка выкарыстала толькі расейскамоўныя выданні твораў пісьменніка, які пісаў па-беларуску. У Telegram-канале бібліятэкі імя аўтара было пададзена ў русіфікаванай форме «Василий Витка», а назва беларускага дзіцячага часопіса «Вясёлка», галоўным рэдактарам якога Вітка быў на працягу 17 гадоў, дадаткова перакладзена на рускую мову як «Радуга».
1 чэрвеня 2026 г. У Полацку да Дня горада на ключавых уездах былі ўсталяваны новыя ўязныя знакі, назва горада на якіх пададзена выключна на расейскай мове — «Полоцк». Новыя знакі афіцыйна прэзентаваліся як «візітная картка» найстарэйшага горада Беларусі, закліканая падкрэсліць яго гісторыю і культурную спадчыну. Адсутнасць беларускай мовы на новых знаках выклікала крытыку часткі жыхароў горада.
8 чэрвеня 2026 г. Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў апублікаваў вынікі цэнтралізаваных экзаменаў выпускнікоў 11-х класаў па дзяржаўных мовах. Беларускую мову для здачы экзамену выбралі 10 417 выпускнікоў (17,69%), расейскую — 48 456 (82,3%). Максімальныя 100 балаў па беларускай мове атрымалі 125 чалавек, па расейскай — 1301.
У параўнанні з 2025 годам вынікі па беларускай мове пагоршыліся: колькасць выпускнікоў, якія атрымалі 100 балаў, знізілася з 264 да 125, а сярэдні бал — з 65,62 да 63,85. Па рассейскай мове, наадварот, колькасць стобальнікаў павялічылася з 715 да 1301, а сярэдні бал вырас з 62,62 да 66,16.
30 чэрвеня 2026 г. Праваабаронца Ігар Случак паведаміў, што справаводства ў Магілёўскім райвыканкаме ў 2026 годзе вядзецца на расейскай мове. Паводле атрыманай ім інфармацыі, на беларускай мове прымаецца каля 10% прававых актаў райвыканкама.
Асацыяцыя «Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў» будзе і надалей ажыццяўляць маніторынг стану моўных правоў у Беларусі, фіксаваць новыя выпадкі іх парушэння і адсочваць тэндэнцыі ў гэтай сферы.
Мы просім паведамляць нам пра выпадкі дыскрымінацыі або абмежавання правоў у сувязі з выкарыстаннем беларускай ці іншых моў у Беларусі. Такая інфармацыя дапаможа больш поўна дакументаваць рэальную сітуацыю і ўлічваць выпадкі, якія не трапляюць у адкрытыя крыніцы.
Паведаміць пра выпадак можна па электроннай пошце: naszamova@gmail.com.
Уся атрыманая інфармацыя будзе выкарыстоўвацца з улікам патрабаванняў бяспекі і канфідэнцыяльнасці.