• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
24.08.2023 | Гісторыя

Як Адэса ледзь не стала цэнтрам арганізацыі беларускага войска

Сёння здаецца неверагоднай здатнасць да самаарганізацыі беларусаў за мяжой, якія не зважаючы на цяжкасці актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці і ахвяруюць не толькі ўласны час, але і грошы на дзейнасць. Аднак такая сітуацыя не ўнікальная і ўжо мела месца прыблізна сто год таму. Гаворка пра дзейнасць беларускіх суполак на поўдні сённяшняй Украіны. Дзе ў бурлівыя часы войнаў і рэвалюцый беларусы здолелі не толькі аб’яднацца, але і стварыць структуры, якія пры крыху іншых абставінах маглі б прывесці да зменаў на радзіме.


Яднанне падчас турбулентнасці

У часы злому царскай сістэмы на фоне Першай сусветнай вайны шмат беларусаў апынуліся на чужыне. Загнаныя ў расейскае войска альбо вымушаныя бегчы ад баявых дзеянняў.

Поўдзень сённяшняй Украіны стаўся тады адной з унікальных кропак на мапе, дзе спалучыліся памкненні цывільных уцекачоў і вайскоўцаў-беларусаў яднацца не толькі дзеля выжывання, але і з мэтай стварэння сур’ёзных арганізацыйных структураў з перспектывай пераносу дзейнасці на радзіму. Па падліках даследчыка М. Шчаўлінскага, толькі цывільнага беларускага насельніцтва ў Адэсе і акрузе ў 1917–1918 г. налічвалася каля 100 тыс.

Неабходнасць аб’яднання вынікала ў першую чаргу з патрэбаў беларускіх уцекачоў у гэтым рэгіёне ці вайскоўцаў беларускага паходжання, якія былі задзейнічаныя ў баявых дзеяннях на блізкім румынскім фронце. Спачатку ў імперскім войску, потым у падпарадкаваным часоваму ўраду ў Петраградзе, а пасля і ў бальшавіцкім.

Дзейнасць цывільных беларускіх актывістаў, аб’яднаных у суполку «Беларускі гай», мела вельмі рознабаковы характар. З-за недахопу медыцынскіх установаў у Адэсе, а таксама ў іншых населеных пунктах рэгіёна здзяйснялася валанцёрская медычная дапамога для цывільных, а таксама беларускіх вайскоўцаў, што знаходзіліся ў тылах. Акрамя культурных мерапрыемстваў і агітацыйных акцыяў сярод уцекачоў і вайскоўцаў былі спробы арганізацыі адукацыйнага працэсу дзяцей і моладзі.

Паміж некалькіх агнёў

Агульная вайскова-палітычная сітуацыя ў былой імперыі і ў зоне баявых дзеянняў наўпрост уплывалі на актыўнасць беларускіх арганізацый на поўдні Украіны. Пасля руйнавання самаўладдзя ў лютым 1917 года на франтах пачалі актыўна дзейнічаць вайсковыя рады, якія ў некаторых выпадках мелі большы ўплыў на ваенную сітуацыю, чым камандаванне.

Менавіта з гэтага моманту фактычна легальнай сілай становяцца нацыянальныя камітэты вайскоўцаў (польскія, украінскія, літоўскія, беларускія і інш.). Яны з рознай паспяховасцю вялі аўтаномную палітыку на франтах, працу сярод землякоў-жаўнераў. Меліся факты, калі буйныя злучэнні аб’яўлялі аб «нейтральнасці», ядналіся на розных палітыка-нацыянальных падставах.

З часам гэтая сітуацыя прывяла да паўстання пытанняў выкарыстання наноў створаных фармацыяў для арганізацыі нацыянальных войскаў.

Разам з наспяваннем падзеяў кастрычніка 1917 года сярод беларускіх вайскоўцаў на розных франтах узмацніліся памкненні да арганізацыі аўтаномнага беларускага войска. Падмуркам якога маглі выступаць камітэты на фронце, а таксама на радзіме:

«8–24 кастрычніка 1917 г. у Менску быў скліканы з’езд воiнаў-беларусаў Заходняга фронту. На ім прысутнічалі таксама дэлегаты Румынскага фронту і Балтыйскага флоту. Разгледзеўшы палітычнае становішча Беларусі і ўлічваючы наступствы дэмабілізацыі расійскага войска, з’езд прызнаў „стварэнне беларускага войска ў цяперашні час вельмі неабходным“».

Аднак больш арганізаваныя на той момант бальшавікі, якія кантралявалі частку Беларусі, не акупаваную нямецкімі войскамі, мелі сваё гледжанне на «беларускія пытанні». У адказ на зварот беларусаў бальшавіцкія ўлады прынялі наступнае рашэнне: 

«Створаныя на тэрыторыі Беларусі органы бальшавіцкай улады — Абласны выканаўчы камітэт Заходняй вобласці і фронту (Аблвыккамзах) і Рада Народных Камісараў — выступілі па шэрагу прычын супраць ідэі стварэння беларускіх вайсковых частак».

І гэта была не проста заява, але фактычнае абвяшчэнне пачатку рэальнага ўзброенага супрацьдзеяння арганізацыям беларускіх вайскоўцаў. Якія таксама мусілі варагаваць з польскімі ўзброенымі аддзеламі, што праяўлялі актыўнасць на тэрыторыі амаль усёй Беларусі.

Цяжкая сітуацыя на радзіме толькі падштурхнула да больш рашучай кансалідацыі беларускіх вайсковых згуртаванняў на Румынскім фронце. Ужо 1–7 снежня ў Адэсе адбыўся з’езд воiнаў-беларусаў, на якім былі абраныя кіраўнікі структураў, што меліся садзейнічаць правядзенню агітацыі сярод беларускіх вайскоўцаў і камунікаваць з камандаваннем фронту з мэтай фарміравання нацыянальных аддзелаў. Кіраўніком вайсковай рады быў абраны Сцяпан Некрашэвіч. Праз некалькі месяцаў ён стаў прадстаўніком БНР на поўдні Украіны, а пасля першым старшынём Інстытута беларускай культуры ў Мінску 1920-х.

Nekrashevich
Cцяпан Некрашэвіч

Нельга сказаць, што гэта было лёгкае рашэнне. Бо беларускія вайсковыя і цывільныя арганізацыі акрамя іншых акалічнасцяў вымушаныя былі прымаць ва ўвагу пазіцыю Цэнтральнай рады Украіны, якая часткова ўплывала на розныя аспекты жыцця на тэрыторыі сённяшняй Украіны і супрацьстаяла бальшавікам.

А таксама ўлічваць часам імгненную зменлівасць абстаноўкі і пераход тэрыторый пад кантроль розных, часам дыяметральна супрацьлеглых па ідэалогіях сілаў.

Гэта была абсалютна нестандартная сітуацыя для людзей у тыя часы, не адпавядала ніякім уяўленням мінуўшчыны. Таксама варта ўлічваць адсутнасць своечасовага доступу да інфармацыі ў нашым сучасным разуменні.

Адбітак накладала таксама немагчымасць вяртання ў Беларусь нейкай арганізаванаю калонаю, і нават невялікімі групамі. Па-першае, таму што тэрыторыя сучаснай Беларусі таксама была тэатрам баявых дзеянняў, а па-другое, з-за небяспекі сутыкнуцца з баявымі аддзеламі рознага падпарадкавання яшчэ на тэрыторыі Украіны. Вялікі ўплыў мела сітуацыя на фронце, якая за некалькі месяцаў магла хістацца ад зацішша, часовага перамір’я, масавага дэзерцірства, дэмабілізацыі да актыўных баявых дзеянняў.

Беларускія вайсковыя арганізацыі па прыкладзе іншых нацыянальных фармацыяў рабілі намаганні атрымаць зброю ва ўласнасць, што паскорыла б фармаванне буйных беларускіх злучэнняў і давала б шанц вярнуцца на радзіму арганізаванаю сілаю. Але амаль безвынікова, таму арганізаваць паўнавартаснае вайсковае з’яднанне як прататып беларускага войска было практычна нерэальна.

У архіўных дакументах, як азначаюць даследчыкі, актывісты вінавацяць асобных прадстаўнікоў беларускіх арганізацыяў на Румынскім фронце. Аднак, падаецца, што для арганізацыі дзеянняў такога кшталту некалькіх асобаў, відавочна, недастаткова. Для ціску на камандаванне неабходна была значная колькасць асабовага складу. Але, напэўна, крытычнага ўзроўню матывацыі беларускія жаўнеры не мелі і не бачылі неабходнасці ў атрыманні зброі для аўтаномнай вайсковый адзінкі.

Таксама ёсць узгадкі аб тым, што нават у некалькіх дробных беларускіх фармацыях сярод жаўнераў былі не заўжды адназначныя настроі. І пры першай магчымасці і абяцанках добрых заробкаў з боку бальшавіцкіх агітатараў, шмат беларускіх вайскоўцаў далучаліся да «арміі працоўных і сялянаў».

Пасля абвяшчэння БНР

Абвяшчэнне БНР стала чарговай хваляй матывацыі, якая магла не толькі дазволіць весці дзейнасць цалкам у легальным полі ва ўзаемаадносінах з украінскімі ўладамі. Але і дэ-факта больш актыўна ўплываць на беларускіх вайскоўцаў, яднаць у фармацыі.

У красавіку 1918-га на агульным сходзе беларусаў рэгіёна была абраная Беларуская Рада і Камісарыят, якія неўзабаве атрымалі права прадстаўляць інтарэсы ўрада БНР на поўдні Украіны.

З гэтага моманту беларускі актыў, які падтрымаў БНР, меўся не толькі ўлічваць палітыку ўрада новаабвешчанай рэспублікі на радзіме, але і ўважаць на дзейнасць ужо адназначна варожых сілаў — бальшавікоў, манархістаў. А таксама іншых удзельнікаў крывавых супрацьстаянняў у рэгіёне — розных фракцыяў анархістаў (Махно і многіх іншых), аўтаномных групаў у бальшавіцкіх войсках, прыхільнікаў некалькіх кірункаў украінскай нацыянальнай палітыкі, аўстра-нямецкіх і войскаў Антанты (французаў, грэкаў, румынаў). Варта таксама ўлічваць, што розныя ўзброеныя фармаванні падчас баявых дзеянняў нярэдка пераходзілі на бок праціўнікаў, ядналіся ў рознага кшталту часовыя хаўрусы супраць агульных ворагаў. Устойлівай карціны баявых дзеянняў не было. Некаторыя гарады часам былі падкантрольныя адразу некалькім варожым сілам.

Больш яскрава ў той момант праступілі і разломы ўнутры беларускай супольнасці. Бо частка спрабавала паспець за зменлівай кан’юнктурай у Беларусі, каб заняць месца на баку верагодных пераможцаў у супрацьстаянні паміж бальшавікамі, Радай БНР, створаным польскім войскам.

BNR-Adesa
Фота radabnr.org

Пасля захопу Мінска бальшавікамі ў беларусаў на поўдні Украіны было жаданне стварыць адзін з цэнтраў засяроджання дэмакратычных беларускіх сілаў у Адэсе. У тым ліку ў рэгіён накіравалася некалькі дзеячаў БНР. Але да 1919 г. усё ж паўнавартасны правобраз войска з беларускіх аддзелаў на Румынскім фронце да заканчэння Першай сусветнай створаны не быў.

У рэгіёне ўсё яшчэ заставалася вялікая колькасць былых вайскоўцаў і мужчынаў, здатных да здзяйснення як мінімум функцыяў абароны маёмасці беларускіх арганізацыяў у Адэсе. Тым больш, што ў віры супрацьстаянняў розных узброеных групаў на поўдні Украіны баяздольная нацыянальная адзінка была проста неабходнаю. Таму Некрашэвіч і іншыя актывісты шмат часу прысвяцілі перамовам з рознымі, часам антаганістычнымі сіламі. За два гады невялікія беларускія аддзелы з прэтэнзіямі на ўзброенае фармаванне некалькі разоў збіраліся, потым распускаліся з-за адсутнасці зброі, дастатковага фінансавання, добраахвотнікаў, па рашэнні чарговай часовай адміністрацыі.

За гэты час беларускія актывісты і арганізацыі неаднаразова сутыкаліся з сітуацыямі, якія пагражалі не толькі маёмасці, але і жыццям. Даследчык Шчаўлінскі цытуе архіўныя дакументы тых часоў:

«Напрыклад, 19 лютага 1919 года а 1-й гадзіне дня ў памяшканне Беларускага камітэта дапамогі пацярпелым ад вайны (створаны ў кастрычніку 1918 года пры арганізацыі „Беларуская гай“) з’явіўся ўзброены атрад ваеннай арганізацыі „Рускага сходу“ ў колькасці 25 чалавек, разагнаў беларускіх уцекачоў, якія знаходзіліся там, і заняў памяшканне».

Яскравы фінал на поўдні Украіны

Увядзенне ў рэгіён кантынгентаў Францыяй, Грэцыяй і Сербіяй, на якія абапіраліся белагвардзейцы, дало пэўны новы патэнцыял яднання беларускіх вайскоўцаў, што ўсё яшчэ ў вялікай колькасці знаходзіліся на тэрыторыях, блізкіх да былога Румынскага фронта. Перспектыўнай была магчымасць прадэманстраваць вайсковым сілам краінаў Антанты прагу беларусаў да стварэння свайго войска, няхай і на чужыне, што верагодна магло паўплываць на стаўленне ангельцаў і французаў да памкненняў БНР вызваліцца ад бальшавіцкай акупацыі.

У такіх варунках і паўстала 1-я беларуская брыгада. Якую ўзначаліў палкоўнік Павел Вент. За некалькі месяцаў вясны 1919 г. з 1000 байцоў фармаванне павялічылася да 10 000.

Pavel-Vent
Палкоўнік Павел Вент. Фота radabnr.org

Хутчэй за ўсё колькасць добраахвотнікаў расла пасля патрабавання французскага камандавання аб перадачы войскамі падкантрольнымі УНР часткі зброі яшчэ з царскіх складоў беларускім вайскоўцам. Верагодна, французскае камандванне разлічвала на беларусаў, як на сілу здольную далучыцца да абароны рэгіёна перад наступаючымі бальшавікамі.

Але падчас эвакуацыі французаў і белагвардзейцаў у красавіку 1919 і заняцця Адэсы бальшавікамі, большасць беларускай брыгады перайшла на бок чырвоных.

Матывацыя такіх дзеянняў камандавання не вельмі зразумелая. Вядома, што рэакцыя на такія дзеянні аднаго з заснавальнікаў падраздзялення — Некрашэвіча была вельмі негатыўнай. Магчыма, афіцэры-беларусы спадзяваліся на хуткую адпраўку брыгады на радзіму. Але чырвоныя мелі іншыя планы наконт лёсу беларускага аддзела.

А ўжо ў траўні 1919 г. у Адэсе выбухнула новае паўстанне. Гэтым разам унутры бальшавіцкіх структураў.

Беларускія вайскоўцы падтрымалі мяцежнага атамана Грыгор’ева — адну з ключавых фігураў у рэгіёне.

Цяжка цалкам зразумець абставіны далучэння Беларускай дывізіі ў Адэсе да бунту Грыгор’ева. Бо дыспазіцыя на травень 1919 г. была настолькі складаная, што нават гісторыкі не зусім дакладна разумеюць усіх акалічнасцяў тых падзеяў. Вядома толькі, што Грыгор’еў са сваімі войскам за 2 гады паспеў пабываць на баку амаль усіх удзельнікаў узброенай барацьбы на поўдні Украіны — на баку Рады УНР, аўстра-нямецкіх акупантаў і гетмана Скарапацкага, анархістаў-атаманаў, пазней далучыўся да бальшавікоў, вёў перамовы з расійскімі манархістамі. Чырвоныя нярэдка заплюшчывалі вочы на свавольствы і рабаўніцтва з боку «грыгор’еўцаў».

Але пасля першага паспяховага этапу паўстання, праз два месяцы бунт быў цалкам задушаны. Беларуская брыгада была расфарміраваная, некаторыя афіцэры і байцы трапілі пад трыбунал, іншыя рушылі на радзіму, рэшта далучылася да Чырвонай Арміі. Павел Вент праз некаторы час трапіў у войска Літоўскай Рэспублікі. У ім ён узначаліў беларускія нацыянальныя аддзелы.

Можна сказаць, што разам з усталяваннем бальшавіцкай улады на поўдні Украіны, дзейнасць беларускіх арганізацыяў як больш-менш аўтаномных адзінак скончылася.

Пасля некалькіх месяцаў на нелегальным становішчы Некрашэвіч патрапіў у Мінск, дзе заняўся культурна-навуковай дзейнасцю на карысць БССР. Але перажыць хвалю рэпрэсіяў 30-х не здолеў.

Усведамленне ўласнай гістарычнай адказнасці

Патэнцыял і дзейнасць беларусаў на поўдні Украіны ў 1917–1919 гг. мелі перспектыву да пераўтварэння ў буйны палітычны і вайсковы цэнтр. Такая акалічнасць магла б не толькі паўплываць на лёс беларускіх уцекачоў і вайскоўцаў, але і стаць полюсам да фарміравання новай палітычнай рэальнасці на радзіме.

Але шанц не быў выкарыстаны. Нельга сказаць, што ён быў змарнаваны выключна па віне непасрэдных удзельнікаў падзеяў. Збег абставінаў і знешнепалітычная кан’юнктура мелі вялікае значэнне ў той сітуацыі. Нават украінцы з нашмат большымі магчымасцямі не здолелі супрацьстаяць вялікім унутраным супярэчнасцям і ў выніку абараніцца ад бальшавікоў.

Магчыма, справа была ў недастатковым узроўні разумення сітуацыі і безапеляцыйнага памкнення вяртання на радзіму ў ролі згуртаванай вайсковай адзінкі. Але крытычнай колькасці актывістаў з усведамленнем гістарычнай адказнасці відавочна не хапіла.

Калі, напрыклад, у большасці польскіх і літоўскіх вайсковых і палітычных дзеячаў выявілася дастаткова матывацыі, дзеля таго каб дамаўляцца паміж сабою, не зважаючы на часам супрацьлеглыя каштоўнасныя ўстаноўкі, у беларускіх і ўкраінскіх дзеячаў гэта не зусім атрымалася.

У сваю чаргу ў Масквы атрымалася скарыстацца сваркамі сярод украінцаў і беларусаў, пераманіць на свой бок дастатковую колькасць актыву. Чаго хапіла, каб падпарадкаваць вялікія часткі этнічных тэрыторыяў Украіны і Беларусі. А потым праз рэпрэсіі разабрацца ў першую чаргу з нацыянальнымі дзеячамі, якія перайшлі раней на іхны бок.

А. Г., budzma.org

Чытайце яшчэ: У ягоны гонар была названа вядомае СІЗА ў Мінску: хто такі Рудольф Пішчала і чаму ён сам ледзь не стаў вязнем

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Сувораў напаў, парушыўшы рыцарскія традыцыі. Трагедыя бітвы пад Сталовічамі

23 верасня 1771 году ў бітве пад мястэчкам Сталовічы, як аказалася, вырашаўся лёс Рэчы Паспалітай. Тады яшчэ ніхто...

valiancina_shauchenka
Грамадства Літаратура

Навінка: выдавецтва Gutenberg Publisher выпусціла раман «Круглая Square» Вала Клемэнта

Калі дарослы чалавек, юрыст, эмігруе ў чужую краіну, з цалкам іншай сістэмай права, мовы якой не ведае — у яго...

valiancina_shauchenka
Навіны "Будзьма!" Гатуем з «Будзьма!»

Крышаны з бульбай і грыбамі. Гатуем сезонную палескую страву

Сезон збору ўраджаю шпарка ідзе да завяршэння, аднак сезон лясных грыбоў у самым разгары. У апошнія дні верасня...

valiancina_shauchenka
Музыка

Што паслухаць у апошнія цёплыя дні восені: эксперыментальная электроніка, міфалагічны рэп і змрочны эмбіент

У новым выпуску рубрыкі «Гітара Мулявіна» паразважаем пра ўстойлівыя вобразы вадзянікоў, лесавікоў і русалак, бо два...

Апошнія навіны

    Гісторыя
    Сувораў напаў, парушыўшы рыцарскія традыцыі. Трагедыя бітвы пад Сталовічамі
    Грамадства Літаратура
    Навінка: выдавецтва Gutenberg Publisher выпусціла раман «Круглая Square» Вала Клемэнта
    Навіны "Будзьма!" Гатуем з «Будзьма!»
    Крышаны з бульбай і грыбамі. Гатуем сезонную палескую страву
    Музыка
    Што паслухаць у апошнія цёплыя дні восені: эксперыментальная электроніка, міфалагічны рэп і змрочны эмбіент
    Культура Грамадства
    «Ідзём шляхам Паўночнай Карэі». Сяргей Будкін пра новыя патрабаванні да арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў у Беларусі
    Краіна
    Двое сяброў 10 гадоў падарожнічалі па краіне і выдалі кнігу пра неверагодна прыгожую Беларусь
    Вандруем разам
    Вандруем па Магілёўшчыне: што паглядзець у Мсціславе
    Грамадства Замежжа
    У Гданьску праходзіць 11 Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі
    Гісторыя
    Як Альгерд і Кейстут стварылі братэрскі хаўрус? Тлумачыць у відэа прафесар Алесь Краўцэвіч
    Культура
    Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэз на 23-24 верасня
    Культура Тэхналогіі
    Магчымасці для беларускіх дзеячаў культуры і айцішнікаў: можна падаць заяўку на анлайн-пітчынг праектаў да 27 верасня
    Культура
    Сёння Багач. Распавядаем, як адзначалі традыцыйна і як можна адсвяткаваць у сучасных умовах
    Кіно
    Варшаўскі кінафестываль запрашае да ўдзелу беларускіх рэжысёраў. Расказваем, як падаць заяўку
    Літаратура
    Журы літаратурнай прэміі «Дэбют» назвала імёны намінантаў. У шорт-ліст увайшло 10 аўтараў
    Грамадства
    Праваабаронца Алесь Бяляцкі ўганараваны «Залатымі лаўрамі»

Афіша

  • 23.09 — 08.10Восеньскі салон у Мінску
  • 23.09 — 19.11Фотавыстава Андрэя Логінава «CHAROMUSHKI ODYSSEY 1930-2023» у Познані
  • 23.09 — 24.09МІЖНАРОДНЫ КАНГРЭС ДАСЛЕДЧЫКАЎ БЕЛАРУСІ Ў ГДАНЬСКУ
  • 23.09Экалагічнае свята «Жураўлі і журавіны Мёрскага краю»
  • 23.09Фэст «Восень у Завоссі» пад Баранавічамі
  • 23.09Багач святкуюць у Дукоры
  • 23.09Вераснёўскі фэст у Жылічах

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • «Мне заўсёды быў чужы такі тупы беларускі нацыяналізм». Вялікая размова з Альгердам Бахарэвічам
    • Андрэй Дурэйка: «Філасофія калабарацыянізму — галоўная небяспека для беларускай культуры»
    • Беларусы прыдумалі класны каляндар на 2024-ы: адкрытая перадзамова
    • Кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі адкрыўся ў Варшаве. Чым запомніўся першы дзень
    • Ці быў выхад з СССР незаконным?
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип