22 верасня 2010 года а 17-й гадзіне ў галерэі “Ракурс” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбудзецца адкрыццё фотавыстаўкі “Нематэрыяльная спадчына Беларусі: кансервацыя ці развіццё?”. Дадзены выставачны праект падрыхтаваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУ культуры і мастацтваў, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і прымеркаваны да Дзён Еўрапейскай культурнай спадчыны ў Беларусі.
Выстаўка мае на мэце пазнаёміць шырокае грамадства з лепшымі здабыткамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, якія былі ўзятыя пад ахову дзяржавы, але патрабуюць да сябе пільнай увагі і адказных адносін кожнага з нас.
Нематэрыяльная культурная спадчына – гэта ўнікальны культурны рэсурс, які найбольш яскрава ўвасабляе духоўны патэнцыял нацыі, з’яўляецца выразнікам яе светапогляду, ментальных асаблівасцей і этычных норм. Да нематэрыяльнай культурнай спадчыны, згодна Канвенцыі ЮНЕСКА аб захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны, адносяцца: вусныя традыцыі і формы выражэння, уключаючы мову ў якасці носьбіта нематэрыяльнай культурнай спадчыны; выканальніцкія мастацтвы; звычаі, абрады, святы; веды і традыцыі, якія адносяцца да прыроды і сусвету; веды і навыкі, звязаныя з традыцыйнымі рамёствамі. Іншымі словамі, гэта – “жывая спадчына”, якая надзвычай безабаронная і практычна знішчаецца ў працэсе глабалізацыі і ўніфікацыі, не вытрымліваючы канкурэнцыі з боку больш агрэсіўных форм “масавай” культуры. Яна жыве, пакуль жывуюць яе носьбіты і існуе пераемнасць ад пакалення да пакалення.
Беларусь, нягледзечы на ўсе перашкоды на яе гістарычным шляху, захавала аўтэнтычныя формы нематэрыяльнага праяўлення культурнай творчасці чалавека і, самае галоўнае, культурны ландшафт, які яшчэ здольны гэтыя формы культывававаць і акумуляваць. Зважаючы на гэту акалічнасць, Рэспубліка Беларусь адна з першых еўрапейскіх краін ратыфікавала Канвенцыю ЮНЕСКА 2003 г. і прыняла актыўны ўдзел у дзейнасці Міжурадавага камітэту па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны. У рамках рэалізацыі Палажэнняў Канвенцыі Беларусь выпрацоўвае сваю ўласную стратэгію захавання элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны праз удасканаленне нарматыўнаўнай базы ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны і прывядзенне яе ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі і правіламі, а таксама праз стварэнне належнай сістэмы дзяржаўнай аховы на падставе ўзаемадзеення цэнтральных і рэгіянальных структур, сумеснай працы дзяржаўных і грамадскіх арганізацый.
На сённяшні дзень у Дзяржаўны Спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь уключана 18 элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія ўвасабляюць традыцыйную беларускую культуру і існуюць у рэальных жыццёвых абставінах. Сярод іх – абрад в. Семежава Капыльскага р-на Мінскай вобл “Калядныя цары” – першы беларускі элемент, занесены ў Сусветны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова.
НЕМАТЭРЫЯЛЬНАЯ КУЛЬТУРНАЯ СПАДЧЫНА
Мова, звычаі, традыцыі, веды і тэхналогіі,
якія перададзены нам продкамі
з рук у рукі,
з вуснаў у вусны,
ад сэрца да сэрца
скрозь час як мемарыяльныя каштоўнасці.
Яны могуць знікнуць назаўсёды.
Мы павінны іх зберагчы і захаваць,
перадаць сваім дзецям і ўнукам,
з рук у рукі,
з вуснаў у вусны,
ад сэрца да сэрца,
праз навучанне і практычнае ўвасабленне.