Адкрыццё рэспубліканскага мультыпраекта-выстаўкі «Вянок Максіму»

07.11.2011 Афіша

8 лістапада 2011 г. а 17-ай гадзіне ў галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (пр. Незалежнасці, 116, 2-гі паверх) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё рэспубліканскага мультыпраекта-выстаўкі «Вянок Максіму», які прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча.

Максім Багдановіч – недасяжная велічыня на небасхіле беларускай паэзіі, тонкі лірык, майстар еўрапейскага ўзроўню. Паэт, чый трагічны лёс  абарваўся ў 26 гадоў, а творчасць прамільгнула яскравай знічкай на досвітках нацыянальнага адраджэння. М. Багдановіч вядомы як паэт-наватар, празаік, цудоўны перакладчык, тонкі і ўдумлівы крытык, гісторык і тэарэтык літаратуры, публіцыст. Ягоная творчасць – гэта свет прыгажосці, гармоніі, лірыка балючага роздуму і трапяткіх пачуццяў, што натхніла і працягвае натхняць многіх паэтаў, мастакоў і музыкаў. На жаль, значэнне асобы Багдановіча далёка яшчэ не асэнсавана сучаснікамі, таму дадзены праект  – спроба рознабакова праліць святло на таямніцу Багдановіча, яго жыццё і творчасць.

Мультыпраект «Вянок Максіму» ўключае ў сябе шэраг асобных праектаў:

  • Рэспубліканская мастацкая выстаўка;
  • Фотабіяграфічная выстаўка «Максім Багдановіч»;
  • Юбілейная кніжная выстаўка «І зорка гарыць, і не вяне вянок…»;
  • Прэзентацыя мультымедыйнага выдання «Паэт красы і гармоніі»;
  • Прэзентацыя энцыклапедыі «Максім Багдановіч» выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі»;
  • Выстаўка «Я не самотны, я кнігу маю…» у Музеі кнігі НББ.

Мастацкая выстаўка будзе ўключаць каля 70 твораў жывапісу, графікі і фота беларускіх аўтараў, сярод якіх: А. Кашкурэвіч, У. Кожух, Р. Сітніца, Ю. Гаўрын, Б. Аракчэеў, Ю. Хілько, А. Бараноўскі, Ф. Ястраб і інш. На выстаўцы прадстаўлены творы з фондаў Літаратурнага музея М. Багдановіча ў Мінску, фондаў НББ і з асабістых калекцый мастакоў.

Асаблівую цікавасць уяўляе фотабіяграфічная выстаўка, на якой упершыню дэманструюцца сабраныя разам 48 фотаздымкаў, на якіх адлюстраваны бацькі, сябры, блізкія і родныя М. Багдановіча, мясціны, звязаныя з лёсам паэта.

Выстаўка будзе доўжыцца да 9 снежня 2011 г.

Кантактныя тэлефоны: 293 28 33, 293 27 66.