У Баранавіцкай гарадской бібліятэцы імя Валянціна Таўлая 18 лістапада адкрылася фотавыстава Ігара Січкара.
Ігар Січкар. Фота: Аляксей Белы
Інжынер лакаматыўнага дэпо, аматар падарожжаў Ігар Січкар заўсёды бярэ ў свае вандроўкі фотакамеру. Спачатку гэта быў просты фотаапарат, але пасля таго, як падчас аднаго падарожжа ён патануў у балоце, Ігар набыў сучасную фотатэхніку.
– Вядома, добрая фотакамера займае шмат месца, даволі важкая ды і каштуе нятанна, але без яе я ўжо абысціся не магу, – гаворыць фотамастак.
На выставе прадстаўлена 20 работ аўтара, аб’яднаных па сюжэтах у 10 кампазіцыях – горны эдэльвейс побач з беларускім васільком, храм у Дараве з храмам на Алтаі, узыход сонца на Белым моры і світанак на Нёмане…
– У нейкай ступені я абавязаны фатаграфіі сваім жыццём, сваім нараджэннем, – сказаў, выступаючы перад прысутнымі – навучэнцамі мастацкай школы, сябрамі, аднадумцамі – Ігар Січкар. – Мой бацька прыйшоў у фотастудыю, каб сфатаграфавацца, і пазнаёміўся з маёй мамай, якая там працавала.
Аляксей Белы, intex-press.by