Забабоны і павер’і суправаджаюць нас таксама, як і нашых продкаў 1000 год таму. З вялікай верагоднасцю яны перажывуць і нас. Чаму так? І што хаваецца за найбольш папулярнымі прыкметамі, якія ведае кожны?
Фота Міхася Раманюка
Амерыканскі пісьменнік і біёлаг Эдвард О. Уілсан пісаў: «Чалавек надалей мае эмоцыі на ўзроўні каменнага веку, інстытуцыі з Сярэднявечча, а тэхніку з боскімі магчымасцямі».
Кожная надзвычайная сітуацыя — ад жарсці кахання да вайсковага канфлікту — даводзіць: усё ў нашых дзеяннях, што мы завем цывілізаваным і культурным, насамрэч танюткі азонавы слой, пад якім бурляць хтанічныя эмоцыі.
Страх перад невядомасцю — галоўны рухавік для стварэння магічных і рэлігійных сістэмаў бачання свету. Няважна, ці перад табою смерць або ўсяго толькі цёмны лес. Адсюль — спробы патлумачыць рэальнасць, над якой ты не маеш улады.
Народныя прыкметы, вядомыя кожнаму з дзяцінства — добрая ілюстрацыя адвечнай прагі чалавека выжыць у варожым незразумелым свеце, абмінуць небяспекі ды не злаваць лішні раз жыхароў іншасвету.
«Не свісці — грошай не будзе»
Свіст лічыўся нехарактэрным для чалавека гукам. Яго часта прыпісвалі бесам ды нячысцікам. Таму, як і шэпт, свіст маглі лічыць спробай выклікаць кагосьці, навязаць кантакт з іншасветам. Падобнае стаўленне было і да малпавання гукаў розных жывёлаў.
Да слова ды любога гуку, які выдае чалавек, продкі ставіліся сур’ёзна, бо «усё мае сэнс». А сама забарона дайшла да нас ужо ў спрошчанай зразумелай форме: «бо грошай не будзе».
«Выносіць увечары смецце — нельга»
Цёмны час, ад захаду сонца да першых пеўняў, лічыўся нялюдскім. Гэта час дэманаў, пачвараў ці жывёлаў. Чалавеку там небяспечна. Таму, выносячы нешта з хаты, можна было наклікаць на сябе непрыемнасці.
Фота Яна Булгака
Забарона тычылася вялікага спектру дзеянняў: пасля захаду сонца не раілі пазычаць ці браць у доўг грошы, пачынаць працу. Гэта рэха старадаўняга ўяўлення пра дзень і ноч як антонімы. Удзень, калі свеціць сонца, праца пойдзе. А ўночы трэба завесіць вокны, зачыніцца ў доме — бяспечнай прасторы — і спаць. Апроч момантаў, калі ты свядома шукаеш сустрэчы з іншасветам.
«Жанчына з пустым вядром — на бяду»
Поўнае вядро сімвалізавала багацце, дабрабыт, здароўе. Пустое — голад і беднасць. Узгадайце таксама: «дом як поўная чаша». Жанчыну сімвалічна таксама асацыявалі з сасудам: даследчыкі бачаць жаночы след навад у міфе пра Грааль, кубак з містычным змесцівам.
Фота Юзафа Шыманчыка
Таму павер’е з вёдрамі і тычылася жанчыны. Бо «пустая» жанчына — без дабрабыту і здароўя. Гэта таксама знак сімвалічнага бясплоддзя… Таму, вяртаючыся з пустым вядром, жанчына яго прыкрывала накрыўкай: хітрык, каб падмануць магічную рэальнасць.
Была і больш экзатычная фобія перад падобнай сустрэчай. Вядзьмаркі, маўляў, часам выліваюць нешта на дарогу (раздарожжа), каб навесці бяду на таго, хто там праедзе. Таму жанчына з пустым вядром можа аказацца вядзьмаркай, якая вяртаецца пасля «працы».
«Зірнуць у люстэрка, калі па нешта вярнуўся»
Люстэрка, як і вада, лічылася парталам у іншасвет. Таму, уласна, на 9 дзён пасля смерці ўсе люстэркі ў доме памерлага завешвалі. Люстэркамі і вадой дзяўчаты карысталіся падчас варажбы. Калі глядзіш у разбітае люстэрка — будзе бяда на 7 год. Бо «разбіты» вобраз у адлюстраванні можа перанесціся на рэальнага чалавека… Бітых рэчаў нашы продкі сцерагліся, каб дэфект не перапоўз на тваё жыццё.
Навошта глядзецца ў люстэрка, вярнуўшыся па забытую рэч дадому? Так чалавек пакідае сімвалічнага сябе — «двайніка» — у будынку, каб вартаваў, каб добра вярнуцца самому. Тым больш, лічылася, што люстэрка, як і вада, памятае ўсё і ўсіх, хто ў ім адбіваўся.
«Тройчы папляваць праз левае плячо»
Сліна — гэта таксама вада, а вада — носьбіт інфармацыі. Як добрай, так і дрэннай. Таму, сказаўшы нешта нядобрае, лепш было гэтую інфармацыю «сплюнуць» — каб не збылося. Сімвалічнае ачышчэнне ад моўнага негатыву. Чаму тройчы? Сакральная лічба, «узаконеная» яшчэ і хрысціянскай царквой. Левае плячо, як і ўсё «левае», мела негатыўную канатацыю («падняцца з левай нагі»). Плюеш у левы бок, значыць — на нячысціка.
Генрых Вайсенгхоф «Прадчуванне», 1893
Да ўсіх выдзяленняў арганізму нашы продкі ставіліся сур’ёзна. Гэта тычылася сліны, поту, крыві, спермы, фекаліяў, валасоў. Маўляў, калі нешта выходзіць з чалавека, то праз гэта — магічным шляхам — да чалавека можна было дабрацца. Лічылася, што маючы «біялагічную пробу» ці нават адбітак нагі чалавека, ведзьма магла загаварыць ахвяру.
«Калі птушка насерыць — да грашэй»
Птушак традыцыйна лічылі пасланнікамі іншасвету. Тое, што яны лётаюць у вырай, дзе ніхто ніколі не быў, лічылася падарожжам у іншую рэальнасць, да продкаў. Таму і знак ад іх — на добрае. Але чаму фекаліі служылі маркіроўкай «шчасліўчыка»?
Гэта гульня супрацьлегласцяў. Бо ў іншасвеце ўсё дагары нагамі, наадварот. Таму, уласна, прысніць лайно — да грашэй. А прысніць грошы або ксяндза/папа — на бяду.
А вось калі птушка заляціць у вакно — нядобры знак, смерць. Варта дадаць, што вокны ў нашых продкаў былі мізэрных памераў і адчыняліся з цяжкасцю, таму падзея рэдкая. Як і сёння, пасля ўдару аб шкло птушка магла памерці, таму гэта асацыяцыі адпаведныя.
«Наступілі на нагу — наступі ў адказ»
Гэта гісторыя пра закон вяртання: кожнае дзеянне мае супрацьдзеянне, каб трымаць баланс. Павер’е добра вяжацца з першымі архаічнымі племяннымі законамі: «вока за вока, зуб за зуб». Кожную сітуацыю лепш вырашыць адразу — «разлічыцца». Інакш накопленая крыўда можа выліцца ў зацяжны канфлікт ці кроўную варажнечу…
Тое самае з пераступаннем чалавека, які ляжыць. У дзяцінстве казалі, што калі пераступіш, той, хто ляжыць, не вырасце. Даўней казалі — памрэ. Бо пераступіўшы, ты ставіш сімвалічны крыж на чалавеку. Таму і трэба перайграць сітуацыі назад: пераступіць яшчэ раз.
«Чорная котка перайшла дарогу — бяда»
Чорная котка — гэта «флэш-раяль». Колер мае сведчыць пра нешта дрэннае: ноч, цемра, смерць. Саму котку маглі лічыць ведзьмай, якая перакінулася ў жывёлу (перакідванні ў ваўка, мядзведзя, сароку — нармальная рэч).
Генрых Вайсенгхоф
Да коткі заўжды было асаблівае стаўленне. Жывёлка адрознівалася ад іншых розумам і статусам: жыла побач з людзьмі, спала з дзецьмі, хадзіла дзе хацела. Котку першай пускалі ў новую хату або клалі ў калыску перад тым, як пакласці дзіця. Каб усё дрэннае (калі ёсць) дасталося котцы.
«Пасядзець перад дарогай»
Звычай тычыўся менавіта дальняй дарогі. Тады трэба было пасядзець аднаму ці з сямейнікамі ў цішы нейкі час. Гэта сімвалічная просьба аб падтрымцы Дому ў метафізічным сэнсе. Бо ў прасторы нашых продкаў быў дом (бяспечнае, сваё) і рэшта свету (таямнічага, небяспечнага). Паміж імі — парог як сакральная мяжа.
Пра парог было безліч павер’яў і традыцыяў. Ад версіі, што пад парогам нібыта хавалі парэшткі продкаў, і да забароны «сядзець» на парогу ці перадаваць праз яго рэчы, вітацца. Недарма над парогам вешалі абярэгі ці крыж, а саму «памежную рысу» пасыпалі соллю ў абарончых мэтах.
«Упала лыжка — спяшаецца госць»
На Раство і Вялікдзень на стол падавалі стравы для памерлых. Калі з імі нешта адбывалася — гэта сведчыла пра прысутнасць «запрошаных». У дадатак у традыцыйнай сям’і кожны меў сваю лыжку і талерку. Канкрэтны прадмет меў «сувязь» са сваім уласнікам і яго дзеяннямі.
Генрых Вайсенгхоф, «Снег», 1884
Калі шырэй, то стол, дзе праходзілі сямейныя вячэры, гэта сакральны прадмет. Роўна як і вяршыня кургана, на якой сям’я некалі спраўляла трызну па продках. Таму на стол нельга было ставіць локці (непавага) ці пакідаць на ім нож на ноч (каб стол адпачыў). Сядзенне на куце стала таксама непажаданае, бо парушала парадак сусвету.
Пра падаючыя са стала прадметы таксама казалі: упала лыжка — прыйдзе жанчына, нож — мужчына.
«Нож нельга дарыць ды аблізваць»
Казалі, што нож нельга аблізваць, бо дзіцёнак вырасце «вострым на язык». Гэта пра падабенства: востры нож — востры язык. Тое ж бачым у забароне цяжарным пераступаць праз сякеру, бо дзіця народзіцца з рассечанай «заечай» губой. У абодвух выпадках сэнс рацыянальны: каб дзеці і цяжарныя жанчыны трымаліся далей ад вострых прадметаў.
Чаму нельга дарыць нож? Бо прымаючы, ты не ведаеш, «што» на гэтым нажы. Якое злачынства ці пракляцце. У дадатак нажы, як і прадметы з жалеза, не растуць у лесе. Іх робіць каваль з дапамогай агню — магічнай субстанцыі. Да справы мог спрычыніцца нячысты. І лепш, беручы, адразу заплаціць хоць капейку. Каб той пасля не «прызначыў» свой кошт: жыццё, здароўе, блізкага, г. д.
Было яшчэ адно ўяўленне: хваробу ці праклён маглі «закаваць» у жалезны прадмет. То-бок, запакаваць нешта негатыўнае у рэч. А каб пазбавіцца — выкідвалі на дарогу. Наіўны сквапны чалавек падбярэ і рэч, і негатыўны шлейф разам з ёй. Таму на дарогах, асабліва раздарожжах, стараліся нічога не браць.
Алесь Кіркевіч, budzma.org