Вольныя Купалаўцы, лабараторыі і канферэнцыя: чаго чакаць на беларускім тэатральным фестывалі ў Любліне

06.12.2025 Тэатр
З 8 па 14 снежня ў Любліне адбудзецца чацвёртая эдыцыя тэатральнага фестывалю «Блізкі Усход». Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны, але трэба ўзяць бясплатныя квіткі, і лепей з гэтым не цягнуць, бо ў некаторыя залы, якія налічваюць 50–70 гледачоў, немагчыма змясціць усіх ахвотных, кажа куратарка фестывалю Ірына Лаппо. Паразмаўлялі са спадарыняй Ірынай пра складанасці ў падрыхтоўцы, фестывальныя традыцыі і асаблівасці сёлетняга фестывалю.

passini-lappo-01.jpgРэжысёр і дырэктар фестывалю "Блізкі Усход" Павел Пассіні і куратарка фестывалю Ірына Лаппо


— Як узнікла ідэя стварэння фестывалю? З чаго ўсё пачыналася?

— Калі казаць пра пачаткі фестывалю, трэба вярнуцца ў 2020 год — калі вочы Еўропы, у тым ліку і Польшчы, звярнуліся да Беларусі. Вялікую ролю ў стварэнні фестывалю адыграў люблінскі рэжысёр Павел Пассіні і Беларускі Тэатральны Інстытут (БТІ), з якім мы арганізавалі супрацу.

БТІ — гэта супольнасць людзей тэатра, якія пасля пратэстаў і звальненняў засталіся працаваць у Мінску. Спачатку мы супрацоўнічалі анлайн, а пасля амаль усім ім прыйшлося выехаць і працягнуць працу ў эміграцыі. І вось, у размове з калегамі па тэатральнай дзейнасці і з Паўлам Пассіні з’явілася ідэя зрабіць беларускую праграму на фестывалі «Боская Камедыя» у Кракаве («Боская Камедыя» — польскі тэатральны фестываль, у які ў 2021 годзе ў знак салідарнасці ўключылі беларускія спектаклі). Мы сумесна распрацавалі праграму, але на «Боскай Камедыі» яна прайшла ў вельмі абмежаваным выглядзе. Тады мы вырашылі зрабіць усё, што мы запланавалі, у Любліне. Так паўстала першая эдыцыя фестывалю «Блізкі Усход».

— Назва «Блізкі Усход» — гэта пра што?

— Таварыства з такой назвай існуе ў Любліне ўжо шмат гадоў. Яно было скіравана на геаграфічны Блізкі Усход, але пасля 2020-га погляд павярнуўся ў бок Беларусі, на той Усход, які зусім блізка нам, і гэта з’явілася прыярытэтам.

Першы фестываль быў прысвечаны некалькім культурам — беларускай, літоўскай, украінскай і польскай. Тэатр чатырох краін. Гэта было на пачатку, зараз жа «Блізкі Усход» — гэта фестываль беларускага незалежнага тэатра.

— А чаму «Блізкі Усход» адбываецца ў Любліне? Як абіралі лакацыю?

— Так склалася, што шмат хто з нас жыве і працуе ў Любліне. Мы тут маем базу. Трэба разумець, што каб арганізаваць тэатральны фестываль, неабходныя не толькі фінансавыя сродкі, якія мы атрымліваем праз гранты, але і пляцоўка, тэхнічнае ўсталяванне, рэсурсы. Усё гэта ёсць у Любліне, бо менавіта тут знаходзіцца Цэнтр Культуры, дзейнасць якога накіравана на ўсход і дапамагае творцам з Украіны і Беларусі. Таму гэта вельмі натуральнае месца для правядзення фестывалю.

— Гэта ўжо будзе чацвёрты фестываль. Ці адчуваеце вы пэўную трансфармацыю? Што змянілася за гэтыя тры гады?

— Змянілася тое, што на пачатку была ідэя фестывалю чатырох культур — польскай, украінскай, літоўскай і беларускай. Але хутка стала відавочна, што перадусім гэта фестываль незалежнай беларускай культуры, якая існуе тут у выгнанні, побач з польскай. Мы заўсёды імкнемся запрасіць украінскія трупы да ўдзелу, але не з вялікімі праграмамі. Найважнейшыя — беларусы, у цэнтры фестывалю перадусім Беларусь. Ад другой эдыцыі на фестывалі пачала працаваць лабараторыя маладога тэатра, якая мае вельмі цікавы фармат. Яна звязаная з незалежнай культурай, у тым ліку кніжнай, якая перанеслася ў эміграцыю.

Лабараторыя трывае пяць дзён, падчас якіх маладыя творцы працуюць над пэўнай тэмай, якую задае беларускі інтэлектуал (Альгерд Бахарэвіч, Ева Вежнавец, Юлія Цімафеева, Уладзімір Лобач). Яны чытаюць лекцыю, акрэсліваюць тэму, і пазней тэатральныя групы — пяць груп, яны заўсёды розныя, у розных канфігурацыях — працуюць над гэтай тэмай. Развіваюць яе, імправізуюць, перакладаюць ідэю, мастацкі тэкст у своеасаблівае тэатральнае выказванне. І вечарам у прысутнасці гледача можна паглядзець гэты «пераклад», гэтыя тэатральныя эскізы, якія паўсталі цягам дня. А на наступны дзень усё пачынаецца спачатку: новы лектар, новая тэма, новы фінал.

blizki-uschod-02.jpgЗакрыццё 3 эдыцыі фестывалю "Блізкі Усход", 15 снежня 2024: фатограф Зміцер Вайноўскі, рэжысёр Пассінi, Ceмянюк, паэтка Юлія Цімафеева, куратарка Ірына Лаппо, сцэнаграфка Аляксандра Канарская, актор Купалавец Аляксандр Зелянко

— Ці ўзнікла на працягу існавання фестывалю нейкая асаблівая традыцыя? Штосьці такое, што вы штогод стараецеся рабіць? Што ўжо стала вашай фестывальнай «фішкай»?

— Мы з года ў год імкнемся не страціць кантакт з беларускімі пісьменнікамі, з выдаўцамі, з людзьмі кнігі — гэта важная частка нашага фестывалю, можна сказаць — традыцыя. А яшчэ такая традыцыя — што кожны год мы нешта дадаём новае.

Напрыклад, ад другой эдыцыі з’явілася лабараторыя, ад трэцяй — навуковая канферэнцыя, якая ўжо традыцыйна адкрывае наш фестываль. Там навукоўцы могуць зафіксаваць і асэнсаваць тое, што адбываецца ў беларускім тэатры ў эміграцыі. А яшчэ нашы валанцёры пачалі выдаваць фестывальную газету, якая называецца «Блізка». Яна выходзіць па-беларуску, па-англійску, па-ўкраінску і па-польску — на ўсіх мовах, якія чутны на фестывалі.

— З якімі складанасцямі ў падрыхтоўцы фестывалю вы сутыкаецеся? Можа, ёсць нешта такое, што няпроста даецца?

— Ну, што няпроста даецца... Нас мала, арганізатараў. Гэта ў асноўным толькі тры чалавекі — Павел Пассіні, рэжысёр і дырэктар фестывалю; я — куратарка; і Аляксандра Канарская, сцэнографка і яна ж прадзюсарка нашага фестывалю. Аляксандра дбае, напрыклад, пра фінансы. Гэта самая важная і самая цяжкая частка, таму што няма сталага фінансавання, ніякага. Мы год у год пішам гранты і ніколі не ведаем: будзе наступная эдыцыя ці не.

Вось такая традыцыйная праблема тэатральнага фінансавання. Бо тэатр — гэта такое мастацтва, якое патрабуе матэрыяльнага складніка: трэба памяшканне, трэба грошы на дэкарацыі, трэба плаціць людзям, увесь наш творчы праект патрабуе сур’ёзнага фінансавання.

blizki-uschod-03.jpgКуратарка Ірына Лаппо, журналістка Радыё Люблін Гражына Лютаслаўская, прадюсарка Аляксандра Канарская, дырэктар Павал Пассіні. Снежань 2025, 4 эдыцыя

— Што сёлета чакае гледачоў фестывалю? Распавядзіце трошкі пра праграму.

— Праграма фестывалю ў гэтым годзе будзе прысвечана Вольным Купалаўцам. Сёлетні фестываль завершыць спектакль «Дзяды», адзін з першых творчых праектаў Вольных Купалаўцаў у Польшчы, а пачынаем — прэм’ерным паказам спектакля «Wilcy». То-бок такая трошкі перавернутая праграма: ад канца да пачатку. Праглядаем асноўны рэпертуар Купалаўцаў, створаны за чатыры сезоны ў Польшчы, аж да «Дзядоў», з якіх усё пачалося.

Першы дзень — «Ваўкі» ў рэжысуры Паўла Пассіні і пяць акцёраў-купалаўцаў на сцэне. А на наступны дзень будзе спектакль «Па што ідзеш, воўча?» польскай рэжысёркі Монікі Дабраўлянскай. «Ваўкі» — больш пластычны спектакль з яркай, цікавай сцэнаграфіяй, касцюмамі, незвычайнымі маскамі, лялькамі. А другі спектакль — паводле бестселера Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» — ён больш моўны, там эксперыменты з мовамі. Граецца на беларускай, украінскай, рускай і нямецкай мовах.

І яшчэ шмат цікавых, яркіх спектакляў чакае гледачоў на працягу гэтых сямі тэатральных дзён у Любліне.

— А як можна трапіць на спектаклі? І ці ўваход вольны?

— Так, уваход бескаштоўны, але перад спектаклем неабходна ўзяць уваходны квіток. Гэта можна зрабіць у касе цэнтра культуры (ul. Peowiaków 12, Lublin). Раю браць квіткі на спектаклі загадзя, таму што, на вялікі жаль, у некаторыя залы, якія налічваюць 50–70 гледачоў, мы не ў стане пасадзіць усіх ахвотных. Тут трэба дзейнічаць хутка.

Праграму можна пабачыць па спасылцы.

Наста Пабягунская, Budzma.org
Фотаздымкі з асабістага архіву Ірыны Лаппо