«Падымі мяне па-над зямлёю!» Лявон Вольскі пра метэаралагічныя балёны з кантрабандай і Беларусь як тэатр парадоксу

03.12.2025
«"Падымі мяне, паветраны шар!", — сьпявала кантрабандная цыгарэта, якая ляцела ў мэтэаралягічным балёне, набліжаючыся да віленскага аэрапорту. Вось сымбаль твой, забыты краю родны. РБ ўсё болей і болей асацыюецца з чорнай камэдыяй, тэатрам парадоксу, абсурдызмам». Піша Лявон Вольскі.

Lavon Volski Лявон Вольскі. Фота: Darya Kaliada 

У паламаным сьвеце РБ нічога ня дзіўна

«Ніколі Беларусь ня будзе пляцоўкай для нападу на іншую краіну!». Так? Дык яна ж была гэтай пляцоўкай у лютым 2022-га, і што, зноў «ня будзе»? Альбо: «Валодзя Зяленскі чамусьці на мяне ўзьеўся, незразумела, чаму». Сапраўды, чаму? Можа быць, таму, што ты вырабляеш зброю для Расеі, якая напала на Украіну? Ці таму што зьяўляесься расейскім сатэлітам і хаўрусьнікам? А, магчыма, таму, што ты называў яго, Зяленскага, «гнідай»? Ну, ці ня дзіўна — абражаць такімі словамі прэзыдэнта суседняй дзяржавы, зь якой, чамусьці, дагэтуль не перарваліся дыпляматычныя стасункі? Не. 

У паламаным сьвеце РБ нічога ня дзіўна. Там судзяць даўно памерлых людзей і абвяшчаюць ім прысуды, а рэальных катаў ды забойцаў узнагароджваюць мэдалямі, званьнямі і пасадамі. Маўляў, яны ратавалі краіну. Яны выйшлі, узброеныя, да мірных пратэстоўцаў і пакалечылі-зьнявечылі шмат людзей. А кагосьці й забілі. І вось цяпер яны (каты й забойцы) — героі, а зьнявечаныя і забітыя імі людзі — злачынцы.

Забарона «няправільнай» творчасьці

У РБ забараняюць выставы і канцэрты таленавітых творцаў, а ў дзяржаўным мастацкім музэі праводзяць выставу жанчыны, вырабы якой ня маюць ніякага дачыненьня да мастацтва і ў параўнаньні з карцінамі савецкіх мастакоў-прапагандыстаў выглядаюць, як самадзейная (у вольны ад асноўнае працы час) творчасьць мастака-афарміцеля Будтрэсту № 1. І належнае для іх мейсца — гэта ДК гэтага трэсту, але ў РБ ўсё дагары нагамі — «мастачка» ўганароўваецца выставай у дзяржаўным мастацкім музэі. 

Творы сусьветна вядомых беларускіх пісьменьнікаў забараняюць і зьнішчаюць наклады (спальваюць?). Гэтым творцамі дзяржаве варта было б ганарыцца, але (якое там!) «літаратуразнаўцы ў цывільным» знайшлі ў іхных кнігах прыкметы «экстрэмізму» і пацягнулі гэтыя творы на шыбеніцу. 

У турмах РБ сядзяць музыкі, якія дазволілі сабе сьпяваць «няправільныя песьні». У гэтых музыкаў нават канфіскавалі інструмэнты — гітары, бас, бубны — як «сродак зьдзяйсьненьня злачынства»! Цікава, дзе іх падзелі, гэтыя «злачынныя» інструмэнты — выставілі ў краму «Канфіскат» на продаж ці спалілі разам з забароненымі кнігамі?

Улады РБ пакрыўдзіліся

Улады РБ вельмі пакрыўдзіліся на Эўразьвяз за тое, што пасьля 20-га году ім скасавалі шматмільённыя гранты — на дарогі, гарадзкую інфраструктуру, праекты БРСМ і дзяржаўных прафсаюзаў. На ўсё гэта цяклі фінансавыя плыні з Эўропы ў рэчышчы «Усходняга партнэрства», і вось, пасьля задушэньня народнага паўстаньня і асабліва пасьля прымусовае пасадкі эўрапейскага самалёту грашовыя рэкі зьмялелі, а потым і цалкам высахлі. 

Адказам на гэты эўрапейскі дэмарш былі шматгадовыя масавыя атакі мігрантаў на межы эўрапейскіх краінаў-суседак Беларусі. 

Яшчэ ўлады РБ пакрыўдзіліся на тых, хто не захацеў сядзець на радзіме ў турме і зьехаў за мяжу (а гэта былі сотні тысячаў, калі не мільён). Спачатку нязьменны РБшны лідэр скептычна прымружваў вочы: «Ой, ды нічога ў іх там не атрымаецца, яны там, на Захадзе, чужыя (меркаваў, натуральна, па сабе), празь месяц прыпаўзуць назад на каленях!». Ні празь месяц, ні праз год ніхто назад не прыпоўз, і тады пачалі падключаць «помсьлівы крэатыў».

З пэўнага моманту консульскія аддзелы РБ скасавалі паслугі для беларусаў за мяжой — цяпер, каб атрымаць новы пашпарт, трэба ўжо ехаць непасрэдна ў РБ, за мяжой гэта зрабіць немагчыма. І калі хочаш прадаць кватэру — таксама трэба ехаць у Сінявокую, угоды па даверанасьці забаранілі.

Межаў гэтаму «крэатыву» няма

Malunak Lavona VolskahaМалюнак Лявона Вольскага

І — вось цікава! — ці існуе там нейкі «крэатыўны аддзел», які займаецца ўсімі гэтымі «вынаходкамі», ці ўсё прыдумляе і за ўсім сочыць адзін чалавек, які проста раздае падначаленым загады: пасадзіце гэтых музыкаў, правядзіце выставу гэтае таленавітае асобы ў сьвятая-сьвятых — мастацкім музэі, скасуйце выдачу пашпартоў за мяжой, хай едуць сюды, адмяніце продаж кватэраў па даверанасьці, хай вяртаюцца, правядзіце групоўку мігрантаў да мяжы, і хай кідаюць камянямі ў польскіх памежнікаў, накіруйце аэрастаты ў бок віленскага аэрапорту, сёньня вецер нам спрыяе... 

І вось ужо кінуліся выконваць найвышэйшы загад службовыя асобы — падымаюць у паветра паветраныя шары з цыгарэтамі...

Ну, вы ж ня думаеце, што гэта сапраўды нейкія некантраляваныя кантрабандысты ладзяць свой бізнэс? Пры такой колькасьці і спрактыкаванасьці сілавых структураў у РБ гэта проста немагчыма — ужо назаўтра цябе высачаць, падпільнуюць і прыедуць браць пэрсанажы з аўтаматамі ў бронекамізэльках.

А так — паступіў загад — і, як яны гавораць, «трэба выканаць пастаўленую задачу», і тыя ж самыя пэрсанажы са структураў — з аўтаматамі і ў камізэльках запускаюць з памежнага лесу мэтэазонды з прадукцыяй, якая шкодзіць вашаму здароўю. І (можа быць) у размовах міжсоб яны выказваюць лёгкае незадавальненьне гэтай пастаўленай задачай, але — што зробіш? — загад ёсьць загад, трэба выконваць. 


Балён з цыгарэтамі, запушчаны з Беларусі, у Літве. AP Photo / Служба аховы дзяржмяжы Літвы

І вось — лятуць і лятуць балёны з цыгарэтамі і паралізуюць працу віленскага аэрапорту, і эўрапейскія палітыкі думаюць, як змагацца з гэтай навалаччу, а ў «крэатыўным аддзеле» (ці то ў галаве аднае вядомае асобы) нараджаюцца ўсё новыя і новыя ідэі — як напаскудзіць, як нагадзіць, як падкласьці сьвіньню...

І трэба быць да ўсяго гатовымі, бо межаў гэтаму «крэатыву» няма, і на падыходзе новыя «шэдэўры».

Лявон Вольскі, Budzma.org