Са старажытных часоў людзі намагаліся ўладкаваць сваё жыццё, прывесці да нейкай сістэмы. Назіраючы за рытмічнасцю Сусвету: нараджэнне — росквіт — згасанне — смерць — новае нараджэнне, нашы далёкія продкі намагаліся гарманізаваць і сваё існаванне, суаднесці яго з Сусветнай цыклічнасцю. І канечне, «узяць пад кантроль» гэтыя рытмы. Так з’явіліся календары, якія «прадказвалі» змены пораў года. Знакавыя кропкі адзначалі рытуальнымі і абрадавымі дзеяннямі, каб «дапамагчы» прыродным з’явам ісці адпаведным чынам.
Каляндарных сістэм існуе багата. У іх аснову пакладзены рух нябесных цел: Сонца і Месяца. У сонечным календары 365 альбо 366 дзён, у месячным — 354 ці 355. Больш папулярнай з’яўляецца сонечная сістэма адліку, бо абапіраецца на рух Зямлі вакол Сонца і амаль ідэальна супадае са зменамі пораў года.
Адной з асаблівасцей беларускага народнага календара з’яўляецца двайное святкаванне амаль усіх свят. Розніца паміж імі складае 13 дзён. Чаму так? Давайце разбірацца.
Напрыканцы І ст. да н. э. рымскімі астраномамі быў разлічаны сонечны каляндар з гадавым цыклам у 365,25 сутак. Такім чынам, раз на 4 гады прыходзіўся т. з. высакосны год — у 366 дзён. Гэты каляндар быў названы ў гонар Юлія Цэзара — Юльянскім.
Але невялікая (падаецца на першы погляд) розніца хіба за некалькі стагоддзяў прывяла да змяшчэння дня веснавога раўнадзенства, па якім вылічвалі дату Вялікадня, аж на 10 дзён! І ў XVI ст. Рымскі Папа Грыгорый ХІІІ ажыццявіў пераход на новую каляндарную сістэму. Адпаведна з ёй, год складаецца з 365,2425 содняў. Такім чынам, на 400 год прыходзіцца не 100 высакосных (як у юльянскім календары), а толькі 97. Пры гэтым змяшчэнне каляндарнай кропкі веснавога раўнадзенства на 1 суткі адбудзецца прыкладна праз 3280 год. У папярэднім календары такое змяшчэнне адбывалася ўсяго за 128 год.
Для пераходу на новы каляндар (новы стыль) трэба было «скокнуць» наперад на 10 дзён. Што і зрабіў Папа Грыгорый ХІІІ у сваёй рэформе: пасля 4 кастрычніка 1582 года наступіла адразу 15 кастрычніка. Да нашых дзён розніца паміж календарамі складае ўжо 13 сутак.
Папа рымскі Грыгорый XIII з японскім паслом, 1585 год. Ілюстрацыя: Roman painter. Pontifical Gregorian University, wikimedia.org
Сёння грыгарыянскі каляндар з’яўляецца міжнародным стандартам. З цягам часу яго прынялі амаль усе краіны (хаця шмат дзе захоўваюцца і традыцыйныя календары, даты ў такіх краінах пішуцца падвойна).
Канечне, каляндарная рэформа не ўсімі была прынята адразу. Шмат дзе людзі бунтавалі супраць новаўвядзення. Былі зафіксаваны пагромы цэркваў і нават гінулі людзі. Было і такое, што, перайшоўшы на новы стыль, пасля дзяржава вярталася да старога. Натуральна, што блытаніны з датамі было багата. Напрыклад, часта можна прачытаць, што У. Шэкспір і М. дэ Сервантэс памерлі ў адзін дзень (23 красавіка 1616 года). Але ж у Іспаніі на той момант ужо быў новы стыль, а ў Англіі на яго перайшлі толькі ў 1752 годзе. Такім чынам, дата адна, але фактычна Шэкспір сышоў на 10 дзён пазней.
Гравюра Уільяма Хогарта з лозунгам «Вярніце нам нашы адзінаццаць дзён!», 1755. Крыніца: wikipedia.org
А ў пачатку ХХ ст. сербскі астраном, прафесар матэматыкі і нябеснай механікі Бялградскага ўніверсітэта Мілуцін Міланкавіч распрацаваў яшчэ больш дакладны каляндар — яго назвалі новаюльянскім (артыкул, у якім астраном выклаў свае разлікі, называўся «Рэформа юльянскага календара»). Тут змяшчэнне веснавога раўнадзенства на 1 содні адбудзецца прыкладна за 43 500 год.
Да 2800 года новаюльянскі каляндар цалкам супадае з грыгарыянскім. Таму сёння іх мала хто адрознівае.
А што ж адбывалася з календаром на беларускіх землях?
У Рэчы Паспалітай новы грыгарыянскі каляндар быў прыняты адразу ж па яго ўвядзенні Папам Рымскім. Тагачасны кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый загадаў увесці больш дакладны каляндар.
Аднак праваслаўная царква адмовілася ад новаўвядзення. І на гэтай глебе ўзнікалі частыя канфлікты. Вырашыліся яны з дапамогай спецыяльных прывілеяў, паводле якіх Стэфан Баторый дазваляў праваслаўным вернікам свабодна ўжываць юльянскі каляндар.
Стэфан Баторый. Партрэт працы Яна Матэйка. Крыніца: wikipedia.org
Пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай на нашы землі зноў вярнуўся стары каляндар. І дзейнічаў ён да лютага 1918 года. З гэтага часу на тэрыторыі Беларусі стала прыжыўся грыгарыянскі каляндар — новы стыль.
Аднак праваслаўная царква ўсё адно не хоча карыстацца календаром, які ўвёў Папа Рымскі. Таму частка праваслаўных цэркваў вырашылі прыняць новаюльянскі каляндар. І паколькі ён пакуль што супадае з грыгарыянскім, то царкоўныя святы прыпадаюць на адны і тыя ж даты. Так, Канстанцінопальская, Александрыйская, Румынская, Балгарская, Кіпрская, Албанская, Эладская, Анціахійская і Амерыканская праваслаўныя цэрквы адзначаюць святы аднолькава з каталікамі і пратэстантамі, прынамсі да 2800 года.
Але частка праваслаўных цэркваў, у прыватнасці Ерусалімская, Грузінская, Руская, Польская праваслаўныя цэрквы, не прынялі новаўводзіны і дасюль карыстаюцца юльянскім календаром. Таму ў нас часта кажуць, што праваслаўе «жыве» па старым стылі, бо Беларуская праваслаўная царква (БПЦ) з’яўляецца падраздзяленнем Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ). У Беларусі праваслаўе і каталіцызм маюць роўныя правы, таму асноўныя царкоўныя святы маюць дзве даты з розніцай у 13 дзён.
Каб не заблытацца ва ўсіх гэтых каляндарных інтрыгах, проста запомніце: раней святкуюць па новым стылі (грыгарыянскі каляндар), праз 2 тыдні — па старым стылі.
Але варта ўлічваць і асаблівасці каталіцкага і праваслаўнага календароў — некаторыя святы там проста не супадаюць. Напрыклад, дзень Св. Кацярыны праваслаўныя адзначаюць 7 снежня, а каталікі — 13 лютага, 9, 22, 24 сакавіка, 30 красавіка і 25 лістапада.
Падрыхтавала Ева Вятрыскіна, budzma.org