«Нашы адкрыцці змянілі ўяўленні аб Крэўскім замку». Пра што расказалі археолагам апошнія знаходкі?

У гэтым годзе археалагічны сезон у Крэве пачаўся рана — у лютым. Месяцы працы дакладна не прайшлі дарма: раскопкі канчаткова пацвердзілі наяўнасць трэцяй вежы, а таксама ўказалі на сляды нападу на крэпасць у 1433 годзе. Аб нечаканых адкрыццях у Крэўскім замку расказаў вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі Беларусі IX-XVIII стагоддзяў і археаграфіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч, піша БЕЛТА.

Kreŭski zamak
Фота з архіву

Крэўскі замак стаў першым замкам у ВКЛ, пабудаваным цалкам з каменя. У яго мурах у 1382 годзе быў забіты вялікі князь Кейстут, а праз тры гады пасля гэтага падпісана знакамітая Крэўская унія. Нажаль, у нашы дні ад замка засталіся толькі руіны. Цяпер мястэчка Крэва нярэдка ўключаецца ў маршруты турыстычных вандровак. На тэрыторыі актыўна ідуць рэстаўрацыйныя працы.

«За вясну і за першы месяц лета мы поўнасцю адкрылі перыметр трэцяй вежы замка. Гэта абсалютна нечаканае адкрыццё, таму што традыцыйна на ўсіх планах, у рэканструкцыях, апісаннях мы мелі звесткі толькі пра дзве вежы. Раптам знаходзім трэцюю», — падзяліўся гісторык.

Kreŭski zamak

З 1432 па 1439 год у ВКЛ праходзіла грамадзянская вайна, якая закранула Крэўскі замак. Князь Свідрыгайла ішоў на Вільню, і можна казаць, што менавіта тады і была разбурана трэцяя вежа.

«Самае важнае адкрыццё апошніх тыдняў — хваёвае бервяно даўжынёй чатыры метры, якое знаходзілася на ўзроўні падлогі. На ім выразна заўважныя сляды пажару 1433 года, калі князь Свідрыгайла штурмаваў Крэўскі замак. Праз іх, хутчэй за ўсё, войскі Свідрыгайлы і прарваліся», — дадаў Алег Дзярновіч.

Kreŭski zamak

Мабыць, адна з самых значных падзей у гісторыі Крэўскага замка — падпісанне аднайменнай уніі ў жніўні 1385 года. Па дамове князь Вялікага княства Літоўскага Ягайла, які ўзяў шлюб з польскай каралевай Ядвігай, абвяшчаўся польскім каралём.

«Нашы адкрыцці змянілі ўяўленні пра Крэўскі замак. Раней у нас была канцэпцыя, што ён быў сховішчам, дзе мясцовае насельніцтва магло схавацца ад небяспекі. Так паведамлялі ўсюды — у падручніках, на інтэрнэт-рэсурсах. Цяпер жа ракурс змяніўся, і мы можам казаць, што Крэўскі замак — гэта рэзідэнцыя. Менавіта тут і была заключана Крэўская унія, польскія паслы прыехалі сюды да Ягайлы», — адзначыў Алег Дзярновіч.

Яшчэ ў ліку цікавых знаходак — бронзавая накладка, аналагі якой у чэшскай археалагічнай літаратуры інтэрпрэтуюцца як пасавыя гарнітуры XIV стагоддзя, пражскія грошы — адны з самых распаўсюджаных манет Еўропы ў Сярэднявеччы. Аднак пошукі ў Крэве не накіраваныя на пошук асобных артэфактаў, прызнаецца Алег Дзярновіч.

Kreŭski zamak

«Нас, вядома, у першую чаргу цікавяць архітэктурныя дэталі. Артэфактаў асаблівых тут няшмат, таму што пасля разбурэння вежы амаль нічога не засталося. Часта знаходзім дэталі керамікі і пліткі. Такіх масавых знаходак каля сотні», — расказаў гісторык.

На разбурэнні Крэўскага замка адбілася таксама Першая сусветная вайна, падчас якой праз Крэва праходзіла лінія фронта. З восені 1915 года мястэчка падзялілася на дзве часткі, і замак апынуўся на тэрыторыі, захопленай немцамі. Больш за тры гады тут вяліся пазіцыйныя баі.

«У гады вайны Крэўскі замак быў фарпостам і тут, вядома, усё вельмі насычана артэфактамі той эпохі. Знаходзім аскепкі снарадаў, наканечнікі куль, салдацкія пляшкі. У гэтым сезоне знайшлі ручны ліхтарык, нават батарэйкі ў ім засталіся», — адзначыў вучоны.

Kreŭski zamak

Археалагічны сезон у Крэве не скончаны. Верагодна, далей вучоных чакае яшчэ нямала вялікіх адкрыццяў.

Фота Інстытута гісторыі НАН Беларусі