Мінулы тыдзень быў насычаны на падзеі разам з грамадскай культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!” і грмадскім аб’яднаннем “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.
17 жніўня спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава і паэт Міхась Скобла выступілі ў санаторна-вучэбным летніку “Лясная паляна”, што размясціўся ў пагудастым сасновым бары каля вёскі Жодзішкі ў Смаргонскім раёне. Прыезд сталічных гасцей стаўся своеасаблівым развітальным падарункам для насельнікаў летніка – заканчвалася змена, і яны ў той самы дзень меліся раз’ехацца па сваіх родных мясцінах. З-за чаго ў настроі школьнікаў адчуваўся лёгкі сум.
Але ён развеяўся, як толькі прагучалі першыя песні ў выкананні Таццяны – “Кура-шчабятура”, “Маёвая песня”, “Мой родны кут”, “О Беларусь, мая шыпшына”. Спадар Міхась зладзіў для дзяцей і настаўнікаў вершаваную экскурсію па Беларусі, прачытаўшы вершы “Нёман нябесны, “На Браслаўскім замчышчы”, “Тры імгненні Свіцязі”, “Красавік па дарозе ў Заслаўе”. Пісьменнік таксама расказаў, што азначае тапонім Дзярэчын (яго малая радзіма) і прапанаваў прысутным правесці бліц-даследаванне назваў іхніх родных мясцінаў.
Напрыканцы сустрэчы самыя актыўныя ўдзельнікі атрымалі прызы ад ГКК “Будзьма беларусамі!” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.
Ушаччына – сапраўдны паэтычны край, багаты на сінія-сінія азёры, на высозныя сосны, якія суседнічаюць з прыгажунямі-бярозкамі і кашлатымі елкамі. Тут жывуць гасцінныя і добрыя людзі. Тут і размешчаны санаторый “Лясныя азёры”, куды 18 жніўня завіталі паэтэсы – Вера Буланда і Валянціна Осіпава.
Свой выступ пісьменніцы пачалі з размовы пра асаблівае хараство і лагоду тутэйшых краявідаў, а таксама пра вядомых не толькі ў Беларусі, але і за межамі яе пісьменнікаў: Петруся Броўку, Рыгора Барадуліна, Васіля Быкава ды інш.
Удзячныя слухачы былі ўважлівыя і да філасофскіх разважанняў спадарыні Валянціны, і да лірычнай споведзі спадарыні Веры.
Надоўга запомніцца паэтэсам душэўная атмасфера, якая панавала напрацягу ўсёй сустрэчы. Сярод адпачываючых аказаліся не толькі шчырыя прыхільнікі паэзіі, але і паэты, сапраўдныя, таленавітыя. З Вялікіх Лук, напрыклад, выкладчыца вышэйшай навучальнай установы прачытала свае цудоўныя вершы, яшчэ адна творчая асоба парадавала прысутных вершаваным гумарам. А Аляксандра з Латвіі ўсцешыла ўсіх прызнаннем, што ўпершыню зразумела і пераканалася ў мілагучнасці і незвычайнай прыгажосці беларускай мовы. Шчыра дзякавалі паэтэсам і за вершы, і за цеплыню гутаркі. А радкі з песні “Мы – беларусы” на словы Веры Буланда, музыку Галіны Сёмінай падпавялі ўсёй аўдыторыяй.
Тут, як нідзе, – вясёлкавае неба,
У промнях сонца кружацца буслы,
І славіцца гасціннасцю і хлебам
Мой родны край – азёрны і лясны…
На развітанне выканаўцам вершаў, актыўным удзельнікам гутаркі былі ўручаны падарункі ад грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” – торбачкі, паштоўкі “Не маўчы па-беларуску”, часопісы “Дзеяслоў”.
У гэты ж дзень на Лепельшчыне ўдзельнікаў і госцей фестываля беларускай міфалогіі “У госці да Лепельскага Цмока” чакаў падарунак ад грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”: інтэрактыўныя гульні з пісьменнікам, драматургам Васілём Дранько-Майсюком і майсар-класы па ткацтве і вырабе традыцыйных лялек-выканальніц жаданняў ад суполкі “Terram album”.
У вясёлых гульнях спадара Васіля прынялі ўдзел не толькі дзеці, а і іх бацькі. Удзельнікі гэтай актыўнасці атрымалі карысныя веды і навыкі па правядзенні інтэрактыўнай гімнастыкі (дакладна такая ж як робяць сапраўдныя артысты!). Зрабіўшы такую цудоўную размінку для цела і розуму, удзельнікі прыдумалі і тут жа паставілі спектакль-казку пра Лепельскага Цмока – уладара фестывалю.
Таксама госці маглі пазнаёміцца з прыёмамі традыцыйнага беларускага ткацтва на бярдзе і на дошчачках, пабачыць, як на іх вачах ствараецца сапраўдны цуд – з-пад рук майстра з’яўляецца новы пояс.
А для тых, хто жадаў змяніць сваё жыццё да лепшага, пазбавіўшыся нейкай заганы, праводзіўся майстар-клас па стварэнні лялькі-выканальніцы жаданняў. Нічога складанага, галоўнае – вельмі моцна жадаць і дакладна сфармуляваць сваё жаданне! А таксама верыць у мудрасць продкаў і сябе. Бо кожны чалавек – крышачку чараўнік! Пра гэта добра ведаюць дзеці, але з гадамі і “жыццёвым вопытам” гэтыя веды забываюцца. Гэтым днём кампанія “Будзьма беларусамі!” і яе сябры нагадалі кожнаму, што цуды ёсць і мары здзяйсняюцца. Больш фота тут.
18 жніўня ў чарговы раз сябры кампаніі – рыцары Андрэй Дундукоў і Юры Усціновіч наведалі летнюю спартовую школу “Адампль”. Гэтым разам яны выступілі перад апошняй зменай падрастаючых спартоўцаў. Напачатку Юры распавёў пра захапленні роднай гісторыяй і культурай, пра тое, што ў нас былі надзвычай таленавітыя продкі, якія ўмелі бараніць сваю Радзіму ад ваяўнічых ворагаў-захопнікаў. Потым госці паказаў некалькі баёў на розных відах сярэднявечнай рэканструяванай зброі.
Дзеці з цікаўнасцю слухалі расповед і глядзелі баі. Напрыканцы сустрэчы рыцары правялі майстар-клас па стральбе з лука. Маладым спартоўцам і адміністрацыі вельмі спадабалася атмасфера таямнічай мінуўшчыны, якую стварылі для іх сябры ГКК “Будзьма беларусамі!”. Развітанне было па-сяброўску цёплым са шчырымі спадзяваннямі на новыя сустрэчы ў наступны летнім сезоне працы спартовай школы.
P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з “Будзьма беларусамі!” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!