На пачатку 2022 года выйшла фотакніга Вольгі Бубіч «Мастацтва (не)памятаць». Фотакніга ўяўляе сабой зборнік успамінаў дваццаці васьмі жанчын і квір-людзей і спалучае ў сабе фатаграфіі герояў у моманты, калі яны ахоплены ўспамінамі, і тэксты-апісанні эпізодаў жыцця, якія хацелася б запомніць, і наадварот — лепей бы забыць. Такое творчае спалучэнне жанру фатаграфіі, журналісцкай працы і мастацкага твора шмат у чым наканавана кар’ерным шляхам і адукацыяй аўтаркі. Вольга Бубіч — лінгвіст і спецыялістка па замежных мовах (ангельскай і італьянскай), а працу з тэкстамі спалучае з куратарствам выстаў і распрацоўкай разнастайных фотапраектаў. Вольга доўгі час выкладала лінгвістычныя дысцыпліны ва ўніверсітэце, працавала журналісткай, а фатаграфіяй пачала займацца яшчэ ў дзяцінстве.
Пагаварылі з Вольгай пра тое, як гэта — працаваць выкладчыкам у Гамбіі, што значыць быць фотакніжным аглядальнікам, па якой прычыне яна звольнілася з БДУ і якія праблемы ёсць у сучаснай вышэйшай адукацыі ў Беларусі на яго прыкладзе.
Вольга Бубіч. Крыніца: facebook.com
Па адукацыі Вы — лінгвістка і выкладчыца ангельскай і італьянскай моў і літаратур. Скажыце, калі ласка, чым быў абумоўлены Ваш выбар спецыяльнасці?
Мне заўсёды падабаліся і лёгка даваліся мовы і літаратура і не падабалася матэматыка, таму ўжо пасля першага года вывучэння англійскай (у звычайнай мінскай школе яно стартавала з 5 класа) я зразумела, што хачу застацца ў гэтым напрамку. І бацькі зрабілі ўсё магчымае, каб падтрымаць маю цікавасць і паглыбіць веды. Скончыўшы школу з залатым медалём у 1997 годзе, я магла паступіць у любую ВНУ без іспытаў, але, па іроніі лёсу, МДЛУ (як і медыцынскі ўніверсітэт) не быў у гэтым спісе. Але ўсё атрымалася.
Вы навучаліся ва Universita’ per Stranieri. Як выглядала вучоба ў італьянскім універсітэце на пачатку нулявых, і наколькі складана было ў тыя часы атрымаць такую стыпендыю?
Усё было дастаткова лёгка: конкурс праводзіўся штогод, падавацца мог любы, хто год ці два вывучаў італьянскую. Я запоўніла заяўку, прайшла інтэрв’ю і паехала ў Італію. Складанай была адсутнасць інтэрнэту і нулявая дапамога пасольства: а па тэлефоне знайсці сабе жыллё ў горадзе, дзе ты ніколі не была — заданне «з зорачкай». Мне пашанцавала, што я ўжо наведвала Італію як суправаджаючая групы чарнобыльскіх дзяцей, і па ланцужку знаёмых мне змаглі знайсці месца ў пансіянаце.
Universita’ per Stranieri. Крыніца: wikiwand.com
Вучыцца было выдатна. Сам універсітэт размешчаны ў шыкоўным асабняку нейкага годнага стагоддзя, з размаляваныя столямі, сценамі і калонамі, таму адразу фармавалася правільнае стаўленне (паважлівае) да працэсу. А з прыемных сюрпрызаў магу назваць факультатыўныя курсы — у семестр прапаноўвалася здаць шэраг абавязковых і 2 ці 3 факультатывы на выбар.
Мой напрамак быў звязаны з мовай і культурай, якую ў Італіі раузмеюць як трэба — вельмі шырока. Гэта значыць, можна было хадзіць на лекцыі па гісторыі італьянскай оперы, напрыклад. Аднак варта адзначыць, што ў мяне на той момант ужо была годная база: у МДЛУ ў пачатку 2000-х працавалі спецыялісты оксфардскага ўзроўню: Юрый Віктаравіч Стулаў (англійская і амерыканская літаратура), Наталля Алегаўна Дуліна (гісторыя італьянскай мовы), Алег Рыгоравіч Ойстрах (сусветнае выяўленчае мастацтва). Чым стаў пасля 2020 года ўніверсітэт — складана ўявіць, але падстаў ганарыцца некаторымі сваімі выкладчыкамі ў мяне стала толькі больш.
Вы выкладалі ва ўніверсітэце, паралельна займаліся журналістыкай. У які момант журналістыка ўвогуле прыйшла ў вашае жыццё?
Пазней, чым фатаграфія. У БДУ выкладанне замежнай мовы мела два напрамкі: General (агульны) і ESP («English for Special Purposes», гэта значыць англійская для будучых прадстаўнікоў пэўнай прафесіі). Я выкладала ў рамках абодвух, прычым спецыяльнасці, з якімі я працавала, былі вельмі рознымі: сацыёлагі, міжнародныя журналісты, і студэнты з блока так званай «інфармацыі і камунікацыі» (паралельна я яшчэ працавала ў БНТУ ў архітэктараў, але гэта ўжо іншая гісторыя — заробкі былі мізэрнымі).
Па сутнасці, ESP уяўляў сабой выкладанне базавых рэчаў з усіх гэтых дысцыплін і, каб гэта зрабіць якасна, трэба было сур’ёзна ўглыбіцца ў прафесію. Пра сацыялогію і яе прафесійнае моўнае поле я мела нядрэннае ўяўленне, бо паралельна рабіла пераклады справаздач сацыялагічных даследаванняў, а вось вопыту стварэння журналісцкіх матэрыялаў на англійскай мове ў мяне на той момант не было.
Маючы адукацыю лінгвіста і досвед працы з тэкстамі, уліцца было нескладана, і ніводзін рэдактар, з якімі мне давялося супрацоўнічаць, ніколі не пытаўся пра дыплом. Думаю, што ў такіх галінах, як журналістыка, хутчэй важныя прыроджаная любоў да мовы і яе бязмежнага патэнцыялу, практыка, гатоўнасць вучыцца і нейкае адчуванне стылю: напрыклад, стыль kyky (а мае першыя тэксты з’явіліся менавіта там) складана пераблытаць са стылем таго ж CityDog. Стыль медыя, для якога ты пішаш, павінен быць табе блізкі (роўна як і яго каштоўнасці і адносіны да чытачоў).
Наколькі складана было сумяшчаць тры такія розныя напрамкі: выкладанне, фатаграфія, журналістыка?
Зусім не складана, бо ўсе гэтыя прафесійныя напрамкі звязаны з тым, каб дапамагаць фармуляваць правільныя пытанні аб навакольнай сацыяльнай рэчаіснасці, развіваць крытычнае мысленне. Мая дысертацыя прысвечана асобасна-арыентаванаму падыходу ў навучанні, і яго цэнтральныя паняцці разглядаюцца там праз ланцужок сумежных навук: ад псіхатэрапіі і псіхалогіі — да непасрэдна педагогікі. Заснавальнік гэтага кірунку, амерыканскі даследнік Карл Роджэрс, у чымсьці з’яўляецца выдатным прыкладам міждысцыплінарнага падыходу, і я, вядома, не бачу ў любым цэласным падыходзе ніякіх праблем ці супярэчнасцей. «No man is an island» (чалавек не востраў), пісаў брытанскі паэт Джон Дон. Педагогіка не існуе па-за палітыкай, а журналісту нядрэнна б ведаць асновы кампазіцыі ці герменеўтычнага аналізу.
У 2012–2013 гадах Вы выкладалі курс па журналістыцы ў Гамбіі. Як Вам прыйшла ідэя рабіць такі курс, і чаму менавіта ў Гамбіі?
Мяне запрасілі распрацаваць курс для будучых выкладчыкаў журналістыкі ў Gambia Press Union (Саюз журналістаў Гамбіі) трэнеры з Дацкага прэс-цэнтра, у прыватнасці вядомы журналіст і лектар Ларс Мёлер. Пазнаёміліся мы з ім у БДУ, дзе я перакладала яго майстар-клас для супрацоўнікаў універсітэта, дзе, як я зараз успамінаю, яго метады здаваліся старажылам журфака трошкі... дзікімі.
Падчас заняткаў са студэнтамі ў Gambia Press Union, Лейбата, Гамбія, 2012. Фота: Санна Камара
Напрыклад, Ларс прапаноўваў не зачыняць дзверы ў лекцыйную залу пасля пачатку занятку, каб студэнты, якія спазняліся, не саромеліся зайсці ў аўдыторыю, думаючы, што лекцыя яшчэ не пачалася. Беларускія выкладчыкі, як вы разумееце, маюць іншы пункт гледжання — я ведаю гісторыі, калі прафесар зачыняў аўдыторыю знутры на ключ «са званком», тым самым як бы стымулюючы ў студэнтах дысцыпліну. Ларс жа быў упэўнены, што самае галоўнае — факт, што студэнт прыйшоў на занятак і гатовы вучыцца. Я з ім згодна — дысцыпліны не можа быць без самадысцыпліны, а яна, у сваю чаргу, з’явіцца, калі будзе ўнутраная матывацыя да спазнання і развіцця.
У зносінах на прафесійныя тэмы і абмеркаванні педагагічных і метадычных падыходаў мы высветлілі, што маем падобныя погляды на навучанне, і Ларс запрасіў мяне паспрабаваць папрацаваць у Гамбіі. Да таго ж, сацыяльныя і палітычныя кантэксты Гамбіі і Беларусі аказаліся значна бліжэй, чым кантэксты Гамбіі і Даніі. Працаваць у Гамбіі было складана, але цікава, хаця часам я сумавала па электрычнасці. Пасля дзвюх паездак (у прэс-цэнтры іх называлі «місіі») мяне запрашалі ў Гамбію на год, але, падумаўшы, я зразумела, што гэта ўсё ж вельмі адказнае рашэнне, і адмовілася.
Калі фатаграфія стала Вашым асноўным відам дзейнасці?
Я б не сказала, што гэта мой асноўны від дзейнасці. На маёй візітоўцы па-ранейшаму два словы, якія найлепшым чынам характарызуюць поле маіх прафесійных інтарэсаў і кампетэнцыі: «ФОТА» і «ТЭКСТ». І якія належаць да розных абласцей, але так здаецца толькі на першы погляд, бо абедзве, па сутнасці, з’яўляюцца мовамі, семантычнымі (знакавыми) кодамі нашага ўзаемадзеяння з рэальнасцю.
Альгерд Бахарэвіч, з праекта «Alter Locus», 2012. Фота: Вольга Бубіч
Зміцер Вішнеў, з праекта «Alter Locus», 2012. Фота: Вольга Бубіч
Рэспубліка Паліна, з праекта «Alter Locus», 2012. Фота: Вольга Бубіч
Мой праект «Alter Locus» — адзін з прыкладаў таго, як тэкст і выява могуць дапаўняць і ўзбагачаць адно аднаго ў рамках аднаго візуальнага выказвання. Тэма дыптыхаў — крэслы беларускіх пісьменнікаў, паэтаў і літаратараў. У серыі я здымала як іх прадметы мэблі, так і творы на тэму крэсла (ці «працоўнага» зэдліка, як у Віктара Жыбуля, ці лавачкі ў любімым парку, як у Арцёма Кавалеўскага), напісаныя спецыяльна для праекта. Ці гаворыць нам нешта пра пісьменніка яго ці яе крэсла? А почырк? А тое, як тэкст кампазіцыйна размешчаны на плоскасці ліста? У 2012 годзе я гуляла з такімі пытаннямі.
«Чытаем» мы не толькі кнігі і вершы, але і рэкламныя білборды, інстаграм-стужку знаёмых і незнаёмых людзей, фатаграфіі і фільмы. Мне падабаецца вывучаць мноства скрыжаванняў гэтых двух медыумаў, таму я, напрыклад, калекцыяную, ствараю, рэцэнзую і чытаю лекцыі пра фотакнігі (апошнюю прачытала ў музеі фатаграфіі і мультымедыя ў Тбілісі ў мінулым месяцы). Або прыдумляю канцэпцыі выстаў, дзе спрыяю старту палілогу паміж праектамі аўтараў з розных куткоў планеты.
Напрыклад, зараз у берлінскай галерэі aff праходзіць фотавыстава на тэму цэнзуры памяці, якую я курырую з маёй сяброўкай і калегай Франкай Вольт. У ёй прымае ўдзел мой праект і фотакніга «Мастацтва (не) памятаць», а таксама візуальныя выказванні ганконгскага фатографа Дзіка Лау, сібірскай мастачкі Яніны Болдыравай і канадска-кітайскага фатографа Тэрэзы Энг. Вельмі розныя, тым не менш у адной семантычнай прасторы, яны прапануюць з розных пазіцый паглядзець на тэму зменлівай прыроды і патэнцыялу мастацтва ў тым, каб супрацьстаяць спробам рэпрэсіўных рэжымаў прымусіць нас памятаць сябе і сваю нацыю «па-іншаму».
Памяць — дзіўнае і вельмі складанае поле для даследавання. І, я ўпэўнена, вайна зараз ідзе не толькі на фізічнай тэрыторыі Украіны, але і ў ментальным, інфармацыйным полі, куды ўцягнутымі аказваюцца далёка не толькі ўкраінцы.
Фота галерэі aff і часткі экспазіцыі «Мастацтва (не) памятаць» калектыўнай выставы «Memory Ownership. Between Censorship and a Diary» (куратары Вольга Бубіч і Франка Вольт). 2022. Фота: Франка Вольт
Вы называеце сябе таксама фотакрытыкам і фотакніжным аглядальнікам. Скажыце, што для Вас гэта значыць?
Асабіста для мяне гэта значыць быць адкрытай, цікаўнай і чуйнай да таго, што адбываецца ў свеце фатаграфіі і фотакніг «here and now» (тут і цяпер). Гэта, вядома, вельмі абцяжарылі зачыненыя падчас пандэміі межы. Напрыклад, Ганконг — горад, які падарыў мне, мабыць, самую вялікую колькасць новых імёнаў і нечаканых фотакніжных рашэнняў, — зачынены для наведвання да гэтага часу.
Ці было для Вас эмацыйна складана развітацца з універсітэтам, калі вы прыпынілі сваю выкладчыцкую дзейнасць?
Думаю, шмат што стане зразумела, калі я скажу, што звольнілася ў сярэдзіне семестра. Клімат як на кафедры, так і ва ўсім універсітэце на той момант быў настолькі таксічным, што выхад з дому на заняткі ўспрымаўся як фізічнае і эмацыйнае пераадоленне. Нягледзячы на тое, што выкладанне — менавіта як зносіны са студэнтамі, сумесны пошук, рух у бок новых навыкаў і кампетэнцый — усё яшчэ цікавіла і ўсё яшчэ цікавіць і натхняе мяне ў прафесійным плане, дасягненне гэтых задач бачылася немагчымым ва ўмовах вертыкалі, якая ўмацавалася на той момант, і зносін кіраўніцтва з падпарадкаванымі выключна ў мадальнасці паслушэнства.
Было відавочна, што прыярытэты ўніверсітэта ляжаць у галіне фармальных справаздач і за вушы прыцягнутых лічбаў «дасягненняў» студэнтаў, фізічнай абавязковай прысутнасці на бессэнсоўных мерапрыемствах для галачкі, а не таго, што ўваходзіць у паняцце «класічнага ўніверсітэта», якім з’яўляецца БДУ.
Праграмы, курсы і падручнікі зараз выкладчыкам загадалі складаць бясплатна і ў вольны час, што стала занадта нагадваць рабаўладальніцтва, а не прастору для сатворчасці і развіцця крытычнай і творчай думкі.
І, вяртаючыся да вашага пытання, сыходзячы з універсітэта, я хутчэй адчула палёгку і напоўненасць магчымасцямі (хоць на кафедры сыход лепшых выкладчыкаў і спецыялістаў з навуковымі ступенямі апісвалі ў тэрмінах «сыходу ў пустату»), і з многімі з маіх студэнтаў падтрымліваю зносіны і зараз — як у сяброўскім, так і ў прафесійным фармаце. Вельмі прыемна назіраць іх поспехі ў самых розных галінах, у тым ліку і фатаграфіi, куды некаторыя з іх прыйшлі пасля майго факультатыва па візуальных даследаваннях.
Таксама варта адзначыць, што прыкладна ў той жа перыяд з кафедры сышлі некаторыя з нашых лепшых выкладчыкаў, чыё пачуццё годнасці і грамадзянская пазіцыя, верагодна, не дазволілі ім мірыцца з эмацыйнай і папяровай тыраніяй і мімікрыяй вышэйшай адукацыі.
Адзіны насамрэч абавязак выкладчыка — гэта быць сумленным: з іншымі і з самім сабой. Калі стаіш ля дошкі і на цябе звернутыя пару дзясяткаў вачэй, фальш схаваць немагчыма.
Д. Г., budzma.org