Беларуская Рада культуры, Free Belarus Center і Action Office запускаюць акселератар культурных праектаў, прысвечаных выклікам сучаснасці

Беларускія творчыя дзеячы і дзяячкі запрашаюцца да удзелу у 3-месячнай праграме падтрымкі праектаў, якія з’яўляюцца мастацкай рэакцыяй на выклікі сучаснасці і шукаюць на іх адказы.


000.png

Узрушэнні апошніх двух гадоў размываюць культурную і мастацкую супольнасць Беларусі па некалькіх краінах, пазбаўляючы пляцовак для супольнай творчасці, пры гэтым даюць для яе шмат падстаў. Акселератар запускаецца з мэтай прадаставіць прастору для калектыўнай рэфлексіі, дапамагчы аднавіць творчае ўзаемадзеянне крэатараў, натхніць і паскорыць іх працу над сваімі ідэямі. 

Да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі і прадстаўніцы наступных творчых сфер:

• сучасныя перфарматыўныя практыкі;

• візуальнае: фота, відэа, дзіджытал дызайн;

• аўдыяльнае: саўнд-дызайн, кампазітарства, дыджэінг.

Прыймаюцца ідэі мастацкіх праектаў паводле наступных тэм:

• эпоха крызісаў і ўзрушэнняў (беларуская рэвалюцыя, вайсковы канфлікт ва Украіне, экстранная эміграцыя, рэпрэсіі, наступствы, якія яны ў сабе нясуць), выйсце з крызісу і адраджэнне з хаосу;

• культурныя праекты, скіраваныя на падтрымку палітычных зняволеных, новыя формы ўтрымання дадзенай тэмы ў фокусе грамадскай увагі; крыза беларускай ідэнтычнасці.

Перавага будзе аддавацца міждысцыплінарным праектам, якія спалучаюць наступныя мастацкія практыкі: аўдыя-, відэа-, фотаарт, перформансы, акцыянізм. 

Вітаецца таксама ўзаемадзеянне паміж удзельнікамі і ўдзельніцамі, стварэнне і з’яднанне ў пары, калі ідэі праектаў і тэмы перасякаюцца. 

Падаць заяўку на ўдзел можна па 15 траўня да 23.59. Спасылка на рэгістрацыю.

Акселератар стартуе напачатку чэрвеня з трохдзённай афлайн трэнінг-праграмы па-за межамі Беларусі. Лакацыя будзе паведамлена дадаткова адабраным удзельнікам і ўдзельніцам. Выдаткі на пералёт, жыццё і харчаванне пакрываюць арганізатары. 

Падчас праграмы ўдзельнікі і ўдзельніцы атрымаюць ментарскую, медыйную, прадзюсарскую падтрымку. Пасля праходжання афлайн трэнінгу, дапрацоўкі ідэй і пітчынгу лепшыя праекты атрымаюць міні-гранты да 2000 USD.