Невялікі горад Верхнядзвінск на мяжы з Латвіяй, як і шматлікія іншыя беларускія гарады, мае цэлы шэраг праблем, якія ўлады не заўсёды імкнуцца вырашаць. Аднак грамадскія актывісты горада вось ужо не першы год імкнуцца зрабіць жыццё гараджан лепшым. Кампанія “Будзьма беларусамі!” паразмаўляла з актывісткай Валянцінай Болбат, сяброўкай Рады грамадскага аб’яднання “Самакіраванне і грамадства” пра тое, як актывізм змяніўся за апошнія дзесяць гадоў, як папулярызаваць беларускую мову і зрабіць утульным “самы страшны дом у СНД” — так яго назвалі пасля размяшчэння фотаздымкаў ў сацыяльных сетках.
У 2005–2006 гг. у Верхнядзвінску было шмат арганізацый, якія мелі статус юрыдычнай асобы. Потым пачаліся сумнавядомыя змены ў заканадаўстве, быў пэўны ціск на актывістаў. А трэба заўважыць, што мы былі надзвычай актыўныя: у нас быў уласны офіс, што не вельмі віталася ўладамі.
Спачатку кантактаў з уладамі хапала — мы накіроўвалі на аздараўленне па сто дзяцей з Верхнядзвінскага раёна, з няпоўных і шматдзетных сямей, дзетак — пераможцаў раённых вакальных конкурсаў, аб чым дамаўляліся з прадстаўнікамі фондаў, з якімі працавалі, атрымлівалі шмат гуманітарных грузаў для раёна. Выпускалі штотыднёвую газету, бюлетэнь Таварыства беларускай мовы, дзе пісалі пра праблемы горада. А калі пачаўся ўціск, людзей стала меней, але мы працу не кідалі, рабілі што маглі.
Да 2006 года была магчымасць рабіць тое, што ніхто не рабіў да нас: мы дамаўляліся з кіраўніцтвам раённай бальніцы, з дактарамі ўсіх спецыяльнасцяў з вобласці, каб яны прыехалі на дапамогу дзецям-інвалідам, якія мелі сур’ёзныя праблемы са здароўем. Падтрымлівалі Цэнтр карэкцыйна-развівальнага навучання для дзетак з асаблівасцямі развіцця цацкамі і нават камп’ютарамі, сябравалі з дзіцячымі садкамі, установамі культуры. Наша актыўнасць, асабліва ўдзел у выбарчых кампаніях, сталі пэўнай перашкодай, і ў 2006-м нам стала значна цяжэй: мы не змаглі зарэгістраваць раённую жаночую грамадскую арганізацыю, а раённым структурам ГА “Беларуская жаночая ліга” і “Таварыства беларускай мовы” адмовілі ў юрыдычных адрасах. Працаваць стала цяжэй, але мы не спыняліся. Праўда, магчымасці значна скараціліся, знізілася і матывацыя людзей.
Гады з чатыры таму мы пачалі рабіць нашае асяроддзе больш прыгожым і ўтульным. Прычым мы імкнёмся выкарыстоўваць усе магчымыя механізмы па супрацы з уладамі — жывыя лініі кіраўнікоў, звароты ў дэпутацкі корпус.
У Верхнядзвінску існаваў так званы “самы страшны дом у СНД” , дом, у якім пачаўся капітальны рамонт даху ў пачатку восені, але рамонт зацягваўся, і калі пайшлі дажджы, то пяты паверх аказаўся без даху, зімой у кватэры сыпаў снег, у бочкі са столі капала вада, вада стаяла і на падлозе. А перад гэтым многія жыхары зрабілі нядрэнныя рамонты, а спаць даводзілася пад поліэтыленавай плёнкай. Людзі звярнуліся да нас па дапамогу, а мы падключылі журналістаў “Народнай волі”, “Белсата” і дамагліся таго, што кватэры, якія заліло вадой падчас рамонту, былі адрамантаваныя за кошт ЖКГ.
А затым, калі рамонт быў завершаны, мы вырашылі зрабіць тэрыторыю вакол дома прыдатнай да жыцця. Пасля звароту грамадскага сектару да людзей мы звярнуліся ў раённы савет дэпутатаў і да мясцовага дэпутата. Правялі сход, абмеркавалі тое, што хвалюе людзей, хаця спачатку, шчыра кажучы, не вельмі разлічвалі на актыўнасць саміх насельнікаў дома. Першае, што зрабілі, — разам з жыхарамі дома высадзілі туі вакол дома. І тут нам стала бачна, што людзі гатовыя нешта рабіць уласна для сябе.
Раней было як: кіраўніцтва казала людзям “мы лепей ведаем, што трэба, мы самі ўсё зробім”. Мы ж разам з жыхарамі дома змаглі зрабіць дастаткова шмат і спыняцца не збіраемся. Мы пішам запыты да дэпутатаў, звяртаемся ў райвыканкам. Так каля дома з’явілася плітка, дрэвы, птушыныя домікі і альтанка. Цяпер мы хочам добраўпарадкаваць сходні, а таксама прывесці ў належны стан возера, якое знаходзіцца ля дома.
12 студзеня ў Мінску адбылося ўзнагароджанне лепшых ініцыятываў па развіцці супольнасцяў «Зрабілі». Ужо ў трэці раз Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый і CityDog.by, (ў гэтым годзе разам з Vitebsk4.me, “Рэгiянальнай газетай” і часопісам “Бінокль”) сумесна арганізавалі ўзнагароджанне, якое пашырае бачнасць нізавога (grass roots) актывізму ў Беларусі.
Сярод ўзнагароджаных і грамадская “ІніцыЯ+ТЫва” з Верхнядзвінску, якая га працягу 2018 года займалася добраўпарадкаваннем тэрыторыі дома №72 па вуліцы Першамайскай нашага горада.
Гэта праца для нас прыярытэтная і распачалася не ўчора. Другі год запар мы праводзім мерапрыемствы да Дня роднай мовы, першы раз гэта быў конкурс чытальнікаў у СШ №2, а сёлета, дзякуючы супрацы з Цэнтрам дзяцей і моладзі, мы пашырылі фармат, і ў Дні роднай мовы ўдзельнічала каля 30 юных чытачоў, салістаў, а таксама маленькіх мастакоў. Госцем Дня роднай мовы быў Вітаўт Антонавіч Ермалёнак, які прэзентаваў некалькі сваіх кніг.
Штомесяц мы імкнёмся праводзіць мерапрыемствы з удзелам вядомых беларусаў, запрашаем мясцовых цікавых асобаў, якія прыводзяць сваіх сяброў. Цяпер удзельнічаем у акцыі, якую пачала раённая біблятэка —“100 кніг на беларускай мове для Латвіі”, ужо перададзеныя першыя паўтара дзясятка кніг В. Быкава, Я. Коласа. У. Папковіча, К. Севярынца і інш.
Актыўна распавядаем пра свае справы ў сацыяльных сетках. Менавіта праз сацыяльныя сеткі збіралі сродкі для набыцця кніг і падарункаў для віншавання ўдзельнікаў Дня роднай мовы.
Мы спрабуем аб’яднаць высілкі розных мясцовых грамадскіх арганізацый і ініцыятываў, а таксама запрашаць на сустрэчы настаўнікаў мясцовых школ, у чым маем дапамогу і падтрымку Цэнтра дзяцей і моладзі. Не пакідаем без увагі нашых землякоў, якія пішуць кнігі, займаюцца краязнаўствам. Гэтай вясной збіраемся нарэшце ўсталяваць знакі правіл дарожнага руху на беларускай мове на адной з дзіцячых пляцовак у мікрараёне, дзе мінулай восенню мы заклалі “Алею грамадскіх арганізацый” і будзем працягваць добраўпарадкоўваць гэтую пляцоўку і далей.
Апошнія гады адбілі трохі матывацыю нават у актыўных, але ёсць людзі, якія працягваюць актыўна працаваць на карысць горада. Гэта людзі розных узростаў і прафесій. Напрыклад, былая намесніца дырэктара школы Тамара Кецкіна, якая адразу адгукнулася, калі мы добраўпарадкавалі згаданую вышэй пляцоўку. Да таго ж яна, маючы тэатральную адукацыю, выдатна чытае вершы і піша сцэнары для мерапрыемстваў.
Ці Людміла Самадумская: была доктарам, загадчыцай паліклінікі, цяпер яна на пенсіі і мае цікавае хобі — вышывае бісерам іконы. Гэтыя жанчыны актыўна ўдзельнічалі ў правядзенні “Свята двара”, якое сабрала болей за дзвесце чалавек, а да нас у госці завіталі пісьменнік Аляксей Шэін і музыка Андрусь Такінданг, якія дадалі святу асаблівага настрою.
Калі мы звярнуліся да старшыні выканкама па дазвол на масавае свята, нам дазволілі правесці яго без усялякіх умоваў, і атрымалася шыкоўна.
Ёсць Валянціна Мінчук, першы чалавек, з якім мы даўно разам займаемся грамадскай працай, ці Фёдар Ломач, якога называюць “гаспадаром” дома і якога падчас Свята двара ўзнагародзілі граматай раённага савета дэпутатаў , куды мы звярнуліся з хадайніцтвам ад ГА “Беларуская жаночая ліга”.
Наш мастак Мікалай Гарбуза, які заўжды дапамагаў нам, эколаг ЖКГ Алена Карасева і сяброўка “Беларускай жаночай лігі” Ніна Вырлан — дзве самыя актыўныя ўдзельніцы акцыі па добраўпарадкаванні двара, Мікалай Мінчук, Аляксей Краўчанка, Міхаіл Дашкевіч, Ірына Сініцына і іншыя жыхары дома, якія садзілі кветкі, рамантавалі і фарбавалі лаўкі і дзверы пад’ездаў, удзельнічалі ў конкурсах, якія праводзіліся падчас свята. Не засталіся ўбаку і маленькія жыхары дома, якія самі распрацавалі і правялі цудоўную спартыўную праграму.
Гэтыя акцыі яшчэ раз упэўнілі ў тым, што чалавечы патэнцыял дае шырокія магчымасці для таго, каб супольна выпраўляць хвалюючыя пытанні, яго трэба толькі разумна скарыстаць. А яшчэ гэта дае магчымасць падштурхнуць і “народных абраннікаў”, якія пакуль, на жаль, не вельмі варушацца дзеля грамадскай карысці.
Сёлета Дзень роднай мовы мы правялі на базе Цэнтра выхаваўчай працы, не чапаючы старэйшыя класы, але з вялікай колькасцю актыўнасцяў — спевы, чытанні, мастацкія гурткі. А самым важным вынікам Дня роднай мовы стала тое, што, па словах дырэктара Цэнтра дзяцей і моладзі А. Марозавай , з наступнага года ён пройдзе як раённы конкурс.
А для гэтага Цэнтра мы зрабілі два вялікія банеры, дванаццаць і шаснаццаць квадратных метраў, і, як пацяплее, яны ўпрыгожаць вонкавыя сцены будынка.
Да таго ж мы і надалей збіраемся раз на месяц прывозіць у Верхнядзвінск нашых выбітных суайчыннікаў.
Цікавасць у грамадскіх праектах у гараджан ёсць, але, на жаль, цяпер у горадзе толькі тры зарэгістраваныя грамадскія арганізацыі — “Беларуская жаночая ліга”, “Таварыства беларускай мовы” і арганізацыя шматдзетных сямей нашага раёна, “СемьЯ”, якая працуе супольна з намі.
Праблемаў дастаткова шмат, ёсць неабходнасць больш шырокага дыялогу з уладамі і больш увагі ўлады да грамадзян,якія жадаюць рабіць сваё жыццё больш утульным, спрыяць развіццю грамадкай актыўнасці на агульную карысць, і мы плануем і надалей займацца добраўпарадкаваннем горада, прасоўваннем беларускай культуры. І будзем звяртацца да ўсіх, хто можа нам дапамагчы.
Тэгі: Верхнядзвінск