Для пашырэння беларускамоўнага асяроддзя не так даўно была створана платформа «Вольная мова». Планавалася, што гэта будзе інтэрнэт-ляцоўка для размоваў па беларуску, дзе людзі будуць сустракаца ў рэжыме анлайн, для таго каб проста паразмаўляць на беларускай мове, абмяркоўваючы пэўныя цікавыя рэчы.
Як аказалася, з часам «Вольная мова» стала выконваць яшчэ адну не менш, а, магчыма, нават і больш важную ролю.
Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку напісаў каардынатар праекта, гісторык і грамадскі актывіст Цімох Акудовіч.
Плануючы «Вольную Мову» я думаў, што гэта найперш будзе пра моўную практыку, а не пра людское. Дакладней, фармаванне сяброўскіх камьюніці было (і застаецца) адной з важнейшых задач праекта, але гэта бачылася хутчэй як пазітыўныя і бадзёрыя гаварыльні.
Але ўсё часцей бачу, што на нашых гутарках людзі не проста балбочуць, але дораць адно аднаму суцяшэнне. Напэўна, такім словам можна апісаць эмоцыю, якая там нараджаецца.
Неяк так склалася, што менавіта беларускамоўная прастора, якая шмат кім успрымаецца цяпер як прастора свабоды і чалавечнасці стала найлепш пасаваць для душэўных гутарак. Не заўсёды эмацыйных, але амаль заўсёды цёплых.
Вось жа, напярэдадні Калядаў не пра мову, а пра людзей.
Калі вы хочаце падзяліцца кавалачкам сябе і згенерыраваць невялікую крыніцу супольнай радасці для іншых людзей, то далучайцеся. З вялікай доляй верагоднасці вы падтрымаеце кагосьці, хто цяпер смуткуе.
Budzma.org пагаварыла з Цімохам Акудовічам пра тое, як з'явілася ідэя праекта і як ўсё арганізавана.
— У мінулым годзе я ўбачыў запыт на размовы па-беларуску ў шматлікіх чатах, якія ўзніклі тады. І заўважыў гэта не толькі я. Калі мы рыхтавалі гэты праект, я шукаў тых, хто гатовы быў правесці гутаркі па-беларуску, пачаў звяртацца да сваіх знаёмых, і шмат хто з іх казаў, што яны ў 2020 годзе самастойна рабілі такое — таму што ў чаціках з’явіліся запыты ад рускамоўных беларусаў з просьбай: «Калі ласка, мы хочам размаўляць па-беларуску, вучыцца па-беларуску гаварыць». Не адзін я гэта заўважыў.
Так што быў запыт. Чаму ён узнік — гэта асобнае пытанне. Я не ведаю, але чамусьці шырокаму колу беларусаў захацелася менавіта ў 2020 годзе, на ўсёй гэтай хвалі, гаварыць па-беларуску, пачаць камунікаваць па-беларуску. І з’явілася ідэя маштабіраваць гэтую штуку.
Я ўпэўнены, што гэта адбываецца ў сотнях малых закрытых груп па ўсім свеце. Людзі гавораць паміж сабой па-беларуску, менавіта мэтанакіравана сустракаюцца для гэтага. Мы вырашылі гэта зрабіць агульнадасяжным і маштабным.
— Як гэтыя размовы арганізаваныя тэхнічна?
— Мы спрабавалі ўсё зрабіць максімальна проста. Ёсць чалавек, які пагаджаецца весці такую гутарку цягам гадзіны. Гэта не філолаг, не настаўнік, гэта проста актыўны беларускамоўны чалавек, — актыўны ў сэнсе мовы, лёгка гаворыць па-беларуску, і ў сэнсе таго, што можа завесці гутарку. Ён прапануе тэму — тэму, на якую можа выказацца любы: «мой любімы рэцэпт шарлоткі», «мой першы аўтамабіль», «маё першае падарожжа»… Нешта такое, тэму, на якую можа выказацца максімальна шырокае кола людзей. Ён прапануе час сустрэчы, зручны для яго, і мы праз сайт вывешваем абвестку, набіраем 6-7 чалавек на такую сустрэчу. Не больш.
Нам вельмі важна, каб на гутарцы прысутнічала абмежаваная колькасць людзей для таго, каб усе маглі спакойна выказацца, і быў яшчэ час на дыскусію, абмеркаванне. І ўсё. У вызначаны час яны сустракаюцца, вядучы заводзіць гутарку, усе па чарзе расказваюць сваю гісторыю, вядучы не моцна ўмешваецца ў філалагічныя моманты, папраўляе толькі вялікія памылкі, і ўсе паступова, патроху гавораць па-беларуску.
Гутаркі праводзяцца на платформе Google Meet. Яна падобная да Zoom, але яна прасцейшая, лягчэйшая, і там няма абмежавання па бясплатнай версіі ў 40 хвілін. На Zoom такое абмежаванне ёсць. Таму мы абралі Google Meet, і пакуль што нам нармальна: на платформу лёгка заходзіць, лёгка карыстацца.
Час сустрэчы мы, насамрэч, не абмяжоўваем. Тое, што мы ў абвестках ставім гадзіну на размову — гэта прыблізнае абмежаванне, каб людзі маглі планаваць свой час. Калі там людзі загаворваюцца, ніхто нікога па часе не абмяжоўвае, і, як правіла, гутаркі працягваюцца крыху даўжэй. А вось колькасць людзей у групах… Напэўна, павялічваць не трэба, бо нам важна, каб кожны чалавек выказаўся, выгаварыўся. Калі людзей будзе больш, нехта будзе сядзець, маўчаць і слухаць. Так што цяпер, як нам бачыцца, такі варыянт, як цяпер найбольш зручны.
Гэта не курсы беларускай мовы. У нас ёсць такое бачанне, каб у будучыні, можа быць, падзяліць сустрэчы на ўзроўні: для больш «прасунутых» карыстальникаў мовай, для зусім пачаткоўцаў. Але пакуль што на першым этапе — так. Проста прыходзіце, гаворыце, і вас выслухаюць на любым узроўні валодання мовай. Бо практыка — гэта самае важнае ў вывучэнні любой мовы ўвогуле.
— Ці багата народу ўжо да вас прыходзіць?
— Мы запусціліся зусім нядаўна, 1 кастрычніка. Цяпер у нас на дзень адбываецца па тры-чатыры гутаркі. Я лічу, гэта не шмат, але месцаў ужо не хапае, таму што на кожную гутарку — не больш за 7 чалавек. Гэта вельмі невялікая колькасць людзей. Але даволі багата людзей захацела пабыць вядучымі, і мы паступова будзем павялічваць гэтую сетку вядучых. Я спадзяюся, усё больш і больш людзей зможа далучыцца.
Водгукі людзей, пакуль што — вельмі пазітыўныя. Напраўду адчуваецца, што людзям хацелася пагаварыць, выгаварыцца, размаўляць па-беларуску.
Вось гэта — асаблівасць беларуска сітуацыі. У нас пасіўна валодае мовай даволі шмат людзей. Досыць шмат людзей могуць па-беларуску, напружыўшыся, сказаць фразу, нейкі маналог. Але яны гэта нідзе не выкарыстоўваюць! Бо няма беларускамоўнай камунікацыі, і ўсё гэта сыходзіць у нікуды.
Вельмі шмат людзей прыходзіць, каб, маючы пасіўную базавую беларускую мову, палепшыць яе, пачаць гаварыць вальней, каб нарэшце пачаць ёю карыстацца.
— Ужо можна вызначыць нейкія папулярныя тэмы?
— Рана пра гэта казаць, усяго некалькі дзён праект ідзе, пакуль кожны ставіць свае тэмы. Але ўсе тэмы забіваюцца жадаючымі за гадзіну. У нас цяпер ёсць тэмы пра ежу, пра кіно, пра падарожжы па Беларусі, пра кніжкі, успаміны дзяцінства — максімальна жыццёвыя тэмы. Але яны ўсе цяпер папулярныя, можа, таму, што іх пакуль што мала. Нам цяжка вызначыць, якія найбольш цікавыя.
— Мэта заняткаў — разняволіць беларусаў і зрабіць так, каб яны размаўлялі на сваёй мове ў паўсядзённым жыцці. А ці можна неяк адсачыць гэты працэс? Наколькі заняткі даюць вынік?
— Пакуль што, што мы чуем па фідбэках, ёсць нейкая псіхалагічная радасць людзей, што ёсць магчымасць нарэшце выгаварыцца. Банальная рэч, падавалася б, проста пагварыць. Але вось была такая праблема: людзі ведалі беларускую мову, людзі паважалі яе, але ў іх не было магчымасці ёю скарыстацца. А мы даем гэту магчымасць — лёгкую, спакойную, вельмі зручную — пагаварыць па-беларуску. Як гэта пойдзе далей, у які бок павернецца, наколькі гэта акажацца эфектыўным у сэнсе пераходу людзей на беларускую мову на пастаянным узроўні — гэта пакажа час. У нас ёсць гіпотэза, што гэта павінна спрацаваць. А спрацуе ці не спрацуе, паглядзім.
Пакуль што на дадзены момант мы шукаем людзей, якія могуць весці такія лёгкія гутаркі — не курсы яшчэ раз падкрэслю, не філолагі, нічога такога. Проста мадэраванне і завядзенне лёгкіх і ненапружаных гутарак. Шукаем вядучых. Пакуль што гэта чыста валанцёрскі праект, пазней падумаем над краудфандынгам, над тэхнічнымі спецыялістамі, патрэбныя будуць адміністратары і гэтак далей. Але пакуль што мы шукаем толькі вядучых.
Маштабная ідэя праекту, каб нашая платформа стала месцам, дзе б кожны дзень сустракаліся сотні беларусаў з усіх канцоў свету і абмяркоўвалі па-беларуску тое, што ім баліць, і тое, што ім цікава. Па-сутнасці — стварыць платформу камунікацыі беларусаў паміж сабой па-беларуску. З аднаго боку задача простая, з іншага — глабальная.
— Глабальная платформа беларусаў для стасункаў па-беларуску — гэта значыць, сюды павінна уключыцца і дыяспара?
— Ведаеце, цяпер, на маю думку, няма паняцця «дыяспара» ў пэўным сэнсе. Цяпер кожны чалавек пры кампутары — ён сам сабе беларус. Учора была гутарка, на якой было пяць чалавек, — Вашынгтон, Каліфорнія, Мінск, Санкт-Пецярбург і Гаваі. Вот такая група і сабралася, і гэта нармальна, гэта сучасны свет.
Беларусы ёсць усюды. Так што – я ўпэўнены, што да нас далучыцца ўвесь свет.
Або проста далучайцеся да гутарак. У сацсетках праекта штодзень публікуюцца анонсы сустрэч: Facebook, Instagram, Telegram.
АБ, budzma.org