У Akute зьявіцца новы ўдзельнік, зь якім гурт будзе запісваць свой трэці нумарны альбом. «У нас ужо ёсьць напрацоўкі новых песень, якія будуць зь лёгкім электронным ухілам. Зьявіўся чалавек, які ажывіць, а можа наадварот яшчэ больш умярцвіць нашу музыку», — заявіў басіст гурта Раман Жыгараў у інтэрвію Tuzin.FM.
Гурт Akute рыхтуецца да выступу на буйным украінскім фэстывалі «Бандэрштат», які пройдзе з 3 да 5 жніўня ў Луцку. Арганізатары з моладзевай арганізацыі «Нацыянальны альянс» (аналяг нашага «Маладога фронту») штогод запрашаюць гурты зь Беларусі. У фэсьце, прысьвечаным украінскай паўстанчай арміі ды ўкраінскаму герою Сьцяпану Бандэру ўжо бралі ўдзел гурты Mauzer, TerraKod і Vinsent. Cёлета Akute заяўлены ў праграме разам з такімі ўкраінскімі камандамі, як ТНМК,Kozak System (экс-«Гайдамаки»), а таксама даўнімі сябрамі нашага парталу — гуртамі «Фіолет» і «Тінь Сонця». Акрамя таго Akute прэтэндуе на паездку на яшчэ адзін буйны ўкраінскі фэстываль «Захід». Неўзабаве на сайце фэсту распачнецца інтэрнэт-адбор.
Прэм’ера доўгачаканага першага кліпа гурта на песьню «Зорка» пакуль адкладаецца. Справа ў тым, што яго правы належаць прадстаўніцтву ААН у Беларусі, якое фінансавала здымкі сэрыялу «Вышэй за неба» (кадры зь якога ўвайшлі ў відэа гурта). «Я расьпісваўся ў „аанаўскіх“ паперках, таму мы ня можам прадстаўляць кліп раней за выхад самой стужкі», —тлумачыць Раман Жыгараў. Выкласьці ў інтэрнэт свой ролік музыкі таксама ня здолеюць, нават пры жаданьні, бо ў іх папросту няма канчатковай вэрсіі.
Што да працы над новымі песьнямі, то Раман Жыгараў заўважае, што ў іх ёсьць ужо напрацоўкі. Больш за тое, у Akute зьявіцца новы ўдзельнік, зь якім гурт будзе запісваць свой трэці нумарны альбом. «Зьявіўся чалавек, які ажывіць, а можа наадварот яшчэ больш умярцвіць нашу музыку», — кажа Раман. Праўда, прозьвішча чацьвертага ўдзельніка гурта не раскрываецца, пакуль ня будуць запісаныя першыя трэкі.
У Менску «акутаў» можна будзе пачуць на пачатку верасьня. Музыкі далі згоду на ўдзел у фэстывалі «Рок па вакацыях» 1 верасьня ў парку Dreamland.
Іван Бяспалы, «Тузін Гітоў»
Фота: Аляксандр Ждановіч