Беларускі інстытут навукі і мастацва ў супрацы з выдавецтвам фонду «Камунікат» выпускае грунтоўны альбом-даведнік «Кніга могілак. Беларускія пахаванні ў свеце», створаны сябрамі Управы БІНіМу Наталляй Гардзіенкай і Лявонам Юрэвічам, піша bellit.info.
На больш чым 600 старонках змешчаныя каляровыя выявы надмагілляў і біяграмы пахаваных беларусаў і нараджэнцаў Беларусі ў Аўстраліі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Грэцыі, Даніі, ЗША, Італіі, Канадзе, Нямеччыне, Францыі, Чэхіі, Чылі, Швецыі. Гэты дыхтоўны том ёсць вынікам шматгадовай збіральніцкай працы і падрымкі дзясяткаў зацікаўленых беларусаў з розных краінаў. Кніга выходзіць у серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны».
Паводле ўкладальнікаў, кніга рыхтавалася пяць гадоў, а матэрыялы да яе пачалі збірацца яшчэ ў 1990-я гады.
«Ідзе ў друк кніга, макет якой рабіўся цягам рэкордных для нас пяці гадоў. Праца пачыналася ў іншых умовах, спадзяваліся, што выйдзе ў Менску. Але радая, што яна наагул нарэшце пабачыць сьвет. Матэрыялы Лявон Юрэвіч пачаў зьбіраць ад 1990-х. Я далучылася на пачатку 2000-х. І вось цяпер з дапамогай вялікай колькасьці зацікаўленых асобаў мы зрабілі, што змаглі. Дзякуй за вокладку Wiecier Mechaniczny», — напісала Наталля Гардзіенка на сваёй старонцы ў Фэйсбук.
БІНіМ і аўтары дзякуюць усім, хто дапамагаў збіраць інфармацыю, а таксама прысвячаюць кнігу памяці Вітаўта Кіпеля, які быў захоплены ідэяй яе стварэння і асабіста шмат гэтаму паспрыяў.