Адзіны музычны альбом Сержа Мінскевіча з'явіўся на лічбавых пляцоўках

23.08.2022 Музыка

Альбом выйшаў у 1998 годзе, мае назву «Жах-хі-хі / Шля-хі-хі» і складаецца з 16 песен.


maxresdefault.jpg

Прадстаўлены музычны альбом на пляцоўках Spotify, Youtube MusicApple і Deezer.

Серж Мінскевіч скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ (1995). Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў літаратурна-мастацкага руху «Бум-Бам-Літ». Быў літаратурным кансультантам газеты «Пераходны ўзрост». Працаваў ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Кандыдат філалагічных навук.

Займаўся бардаўскай песняй, рок-музыкай. Быў музыкам, спеваком, аўтарам песень у рок-гурце «Жах». Пісаў электронную музыку.

Разам з паэтам Алесем Туровічам у канцы XX ст. маніфеставаў «шлях мастацтвавання» — транслагізм. Удзельнічаў у літаратурна-мастацкай акцыі «Пасля сцяны» (Стакгольм 1999), «Пісьменнікі супраць глупства» (Лахты, Фінляндыя 2001).

Стыпендыят Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы «Gaude Polonia» (2007).

Зрабіў поўны пераклад паэмы А. Міцкевіча «Дзяды» (1999), пераклаў «Крымскія санеты» (2004), «Адэскія санеты» (2018). Перакладаў з польскай Міцкевіча, Славацкага (драматычная паэма «Міндоўг, кароль літоўскі»), Івашкевіча, Галчынскага, Маслоўскую, Герберта, Мрожэка, ранія вершы Лема; з англійскай Шэкспіра, Шэлі, Лангфэла.

У 2013 годзе прыняў удзел у праекце «Чорна-белыя вершы».


Памёр 8 чэрвеня 2022 года. Пахаваны на Лясных могілках пад Мінскам.