Сёння, 4 лютага, спаўняецца 85 гадоў з дня смерці паэта, пісьменніка і перакладчыка Алеся Гурло. У дзень памяці гэтага заўважнага ў 1920-я гады літаратара і навукоўца прыгадваем цікавосткі з яго жыцця.
Па біяграфіі гэтага чалавека можна смела здымаць фільм, а то і цэлы шматсерыйны серыял, які без сумневу будзе добра глядзецца і ў наш час. Троху дзіўна, што за савецкім часам такой стужкі не з’явілася, бо жыццяпіс ягоны ў многім адпавядаў савецкім пастулатам. Мяркуйце самі.
Нарадзіўся паэт ў 1892 годзе ў Капылі ў беднай сялянскай сям’і. Маці ў хуткім часе пайшла з жыцця. З малых гадоў Алесь Гурло працаваў, як і многія сялянскія дзеці ў той час — быў пастушком. Першую адукацыю атрымаў дома, бо «тагачасныя дзеці пачыналі навуку саматугам: каго вучыў бацька, каго дзядзька, а каго дарэктар».
У сваіх успамінах Гурло потым прыгадваў: «Калі ў Капылі адчынілі двухкласнае вучылішўча, а гэта прыпадае, прыблізна, на 1900 год, дык вядомая справа, усе дзеці рынуліся пад яго страху. Вось дзе мы і сустрэліся з Цішкам Гартным.» Знаёмства з Жылуновічам потым перарасце ў сапраўднае сяброўства і адыграе важную ролю ў жыцці паэта, таму запомнім гэтую дэталь.
А. Гурло. “Кастусь Каліноўскі”. Рукапіс верша для апублікавання ў часопісе “Маланка”. 1926.
Таксама Гурло прыгадвае і тое, як будучы старшыня першага ўраду Савецкай Беларусі практыкаваўся ў вершаскладанні: «Пазней сярод старэйшых вучняў згуртавалася грамадка хлапцоў, якія спрабавалі пёрлы ў пісанні вершаў. Сярод іх быў і Цішка Гартны. Мы, падлеткі, гэта ведалі, бо вершы перапісваліся і хадзілі з класа ў клас, з аддзялення ў аддзяленне, з рук у рукі, чыталіся і перачытваліся, а здаралася, што траплялі ў рукі настаўніка, які часам не дужа хваліў іх змест».
Наступным разам яны ўбачацца толькі ў 1910 годзе. Цішка Гартны ў той момант будзе ўжо мець за плячыма салідны багаж: пошукі лепшай долі ў чужых краях, праца на заводах у вялікіх гарадах, дэбют на старонках «Нашай Нівы», цікаўнасць да адраджэнскага руху і захопленасць бальшавіцкімі ідэямі. Маладзейшы Алесь Гурло не адставаў ад свайго старэйшага таварыша.
З 1909 года ён быў сябрам нелегальнай сацыял-дэмакратычнай арганізацыі, якая займалася агітацыяй праз выданне рукапісных часопісаў «Зара», «Голас ніза» і «Вольная думка». Пра тыя выданні Алесь Гурло ўспамінаў потым на старонках «Савецкай Беларусі» ў 1928 годзе : «На абавязку кожнага члена арганізацыі ляжала: даваць матэр’ял у іх, друкаваць гектографскім спосабам часопісы і распаўсюджваць іх. А колькі было іншых абавязкаў...».
У канцы 1909 года Алесь Гурло дэбютаваў з невялічкім празаічным абразком «Ласун» на старонках «Нашай Нівы». Жартаўлівую мініяцюру апублікавалі ў самым апошнім нумары, неўзабаве пасля таго, як ён даслаў абразок у рэдакцыю. Пазначана не толькі аўтарства, але і месца жыхарства — Капыль. З гэтага моманту пачалася супраца пісьменніка-пачаткоўца з «першай беларускай газэтай з рысункамі».
У 1912 годзе яго вершы з’яўляюцца ў «Маладой Беларусі» — літаратурным альманаху, які выдаецца беларускай суполкай «Загляне сонца і ў наша ваконца» ў Пецярбургу. Вершы літаратара з’яўляюцца на адных старонках з творамі прызнаных аўтараў — Якуба Коласа і Янкі Купалы, Канстанцыі Буйло і Алаізы Пашкевіч, Уладзіслава Галубка і Змітрака Бядулі.
У гэты час Алесь Гурло ўжо і сам жыве ў сталіцы расійскай імперыі, дзе працуе рабочым на заводзе «Вулкан». Як і старэйшага сябра, Цішку Гартнага, цікавіць яго не толькі рэвалюцыйны рух і справы пралетарскія, але таксама і беларускае адраджэнне. І тут няма ніякага перабольшвання.
Бо калі ў лютым 1913 года ў Санкт-Пецярбургу паказалі купалаву «Паўлінку», Алесь Гурло даслаў у «Нашу Ніву» кампліментарны водгук, які скончваўся такімі словамі: «Найлепшай наградай будзе для ідэйных працаўнікоў, калі кінутае імі зярно зарунее і закаласіцца ядрэным коласам».
Пазней, але ў тым жа 1913 годзе, яго забралі ў войска і ён трапіў на Балтыйскі флот. Гурло быў унтэр-афіцэрам Рускага імператарскага флоту, членам экіпажа крэйсера «Богатырь», а пазней мінаносца «Забияка», на якіх браў удзел у Першай сусветнай вайне. Акрамя гэтага, ён актыўны ўдзельнік Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый. Непасрэдна ўдзельнічаў у штурме Зімняга палаца, а потым і ў Грамадзянскай вайне, быў цяжка паранены. Натуральна, што на баку чырвоных...
Алесь Гурло (стаіць у верхнім радзе крайні справа) з калектывам часопіса “Полымя”
Ён публікаваўся ў першай «савецкай» газеце на беларускай мове «Дзянніца», якая ў 1916 годзе выходзіла ў Петраградзе, а з 1918 года ў Маскве. Галоўным рэдактарам і выдаўцом яе быў Цішка Гартны. Першыя нумары выдання амаль цалкам складаліся з матэрыялаў, якія былі напісаныя ім самім. Разам з тым на старонках газеты публікаваліся творы Канстанцыі Буйло, Альберта Паўловіча ды іншых блізкіх па духу аўтараў. Публікаваў у гэты час вершы Алеся Гурло і Вацлаў Ластоўскі на старонках выдаванага ім у Вільні «Гоману».
У 1921 годзе Алесь Гурло вярнуўся ў Мінск па запрашэнні ўрада БССР. За даволі кароткі час ён уключыўся ў грамадскае і культурніцкае жыццё новапаўсталай краіны. Першая палова 1920-х гадоў — гэта час, калі ён актыўна выступае ў друку з паэзіяй. Спачатку адна за адной выходзяць нізкі з вершамі, а следам пачынаюць выходзіць і кнігі.
У 1924 годзе выйшаў дэбютны паэтычны зборнік «Барвенак», а затым лічы кожны год новы: «Спатканні» (1925), «Сузор’і» (1926), «Зорнасць» (1927), «Межы» (1929). Аформіў першы паэтычны зборнік знакаміты мастак Анатоль Тычына, для якога гэта таксама быў своеасаблівы дэбют: ён толькі пачаў займацца ілюстраваннем кніг. Праўда, кніга пабачыла свет у трохі змененым выглядзе, бо Павал Гуткоўскі — галоўны мастак Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, дзе яна выходзіла, дадаў у малюнак Тычыны валошку.
Алесь Гурло быў і сярод тых, хто стаяў ля вытокаў «Маладняка». Што даволі лагічна, бо лірыка паэта шмат у чым адпавядала патрэбам часу. Ён пісаў не толькі пейзажныя вершы, але таксама і пра рабочых, якія далі рады класавым ворагам. Лірыка Гурло цікавая і тым, што ў ёй шмат аўтабіяграфізму — паэт пражываў жыццё, якое потым адлюстроўваў ва ўласнай творчасці:
На рубе двух міроў, між горадам, палеткам
Люблю я думкаю лятаць,
Каб быць красы тварцом, яе тварэння сьведкам
І кволы дух душы ўзбуджаць...
Таму не выклікае ніякага дзіва тое, што пісаў ён і аўтабіяграфічныя творы, дзе больш-менш падрабязна распавядаў аб сваім жыцці. Першы такі твор быў напісаны яшчэ ва ўзросце 25 гадоў. Яшчэ адзін называўся «З майго жыцця» і быў апублікаваны на старонках «Полымя». Хаця часопіс першыя дзесяць гадоў і не меў свайго рэдактара, але стаяў за ім Зміцер Жылуновіч. Той яшчэ ў 1923 годзе заклікаў на старонках часопіса: «Пара пісаць гісторыю рэвалюцыі».
Не выклікае здзіўлення і той факт, што ў 1927 годзе Алесь Гурло далучыўся менавіта да літаратурнага аб’яднання «Полымя».
Працаваў Алесь Гурло на ніве беларушчыны — быў супрацоўнікам Наркамату асветы БССР, тэрміналагічнай камісіі Інстытута беларускай культуры, навуковым супрацоўнікам Інстытута мовы Беларускай акадэміі навук. Браў удзел у знакамітай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу ўвосень 1926 года.
Алесь Гурло (другі злева, сядзіць у ніжнім радзе) з супрацоўнікамі Інбелкульта. Мінск, 1927
Але перакрэсліла ўсё справа «Саюза вызвалення Беларусі», па якой у 1930 годзе былі арыштаваныя больш за сотню дзеячаў беларускай культуры і навукі. Сваёй віны ён так і не прызнаў, тым больш датычнасці да неіснуючай арганізацыі. Але ў красавіку 1931 года яго ўсё адно адправілі на высылку ў Самару, пасля якой ён вярнуўся ў Беларусь.
Пайшоў з жыцця Алесь Гурло ў лютым 1938 года. У тым самым «Полымі», якое тады ўжо звалася «Полымем Рэвалюцыі», а рэдактарам пры ім быў Міхась Лынькоў, надрукавалі некралог, у якім нябожчык быў названы «адным з старэйшых беларускіх паэтаў», а прычынай смерці — «сухоты і калецтва».
Пахаваны пісьменнік на вайсковых могілках у Мінску.
Л.Г., budzma.org
фота - nlb.by