Алесь Лось пазнаёміў палачан з гісторыяй з’яўлення музычных інструментаў на Беларусі

28 мая ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” у Полацку адбылася музычна-паэтычная сустрэча з капэлай Алеся Лася . У сустрэчы ўдзельнічала каля 35 чалавек. Гучала музыка, вершы, а некаторыя песні спяваліся ўсёй заляй.

Спадар Алесь распавёў гісторыю з’яўлення музычных інструментаў на Беларусі, у прыватнасці, з’яўлення скрыпкі на Беларусі, а таксама пра школы вырабу музычных інструментаў.

1

Удзельнікі сустрэчы даведаліся, што папярэднік скрыпкі быў гудок, які захапіў тэрыторыю Еўропы ад Скандынавіі да Балкан. А ўжо скрыпка з’явілася ў 18 ст, калі пачаўся моцны рух контррэфармацыі. Прадстаўнікі інтэлігенцыі, сярод якіх былі скульптары, музыкі, мастакі, былі вымушаны з’язджаць у напрамку Літвы, Расіі. З сабой яны прывезлі майстэрства вырабу скрыпак, і скрыпкі пачалі гучаць у палацах Сапегаў, Чартарыйскіх, Вішнявецкіх.

Былі ў Беларусі і свае майстры. Алесю Уладзіміравічу пашанцавала сустрэцца ў Докшыцах з сям’ёй дудара Ціханаўца, а менавіта – з  яго 90-гадовым сынам, майстрам па вырабе скрыпак. Яны называліся скрыпкі-дзюбанкі і вельмі палюбіліся на Беларусі.

4

Спадар Алесь распавядаў аб баяне-фіраці, аб гармоніках. Ён з жалем паведаміў, што ў нас у 20 ст. не ў пашане быў акардэон, і, на жаль, не было ніякай фіксацыі акардэаністаў, якія былі на Беларусі.

А вось што паведаміў спадар Алесь аб гісторыі з’яўлення дуды: “З’яўленне дуды звязана з кельтскай культурай на тэрыторыі Еўропы. Светапогляд кельтаў застаўся на Беларусі разам з міфамі, абрадамі (напрыклад, Галаўчызна, на свята Васіля), якія існуюць да сёння”.

За лепшае выкананне песні разам з музыкамі падарунак ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” атрымала самая маленькая ўдзельніца сустрэчы – васьмігадовая дзяўчынка.

Удзельнікі імпрэзы пабывалі ў этнаграфічным музеі. Калі спадар Алесь зайграў на скрыпцы, музейная скрыпка ажыла. Інструмент – як і чалавек – мусіць быць задзейнічаны ў жыцці. Наведвальнікі музея раіліся з Алесем Уладзіміравічам наконт інструментаў, майстар распавядаў таксама, што абазначае кожны элемент вышыўкі на строях.

5

У канцы сустрэчы гучалі словы ўдзячнасці за працу, за талент, за узнёсласць, пажаданні, каб культура ўздымала нас яшчэ вышэй. Усе ўдзельнікі сустрэчы далучыліся да культуры, якой жылі нашыя продкі. Хацелася б, каб на такіх сустрэчах прысутнічала як мага болей людзей. Бо падчас такіх сустрэч з’яўляюцца прыгожыя пачуцці, пачуццё годнасці, і каб быць сапраўдным беларусам, трэба ведаць болей пра культуру сваёй роднай зямлі.

Тэгі: