Лета скончылася, але мы не сумуем і прапануем крыху працягнуць летні вайб. Нам у дапамогу — гарачыя рэлізы гэтага лета ад беларускіх музыкаў. Годных летніх рэлізаў было напраўду шмат. Сумесна з нашым праектам «Музыка без межаў» мы абралі 10 самых, па нашым суб’ектыўным меркаванні, выбітных трэкаў лета 2025.
Vihilija паспелі паказаць нам усю сваю моц у гэтым годзе, а 22 жніўня свет пабачыў чацвёрты трэк з канцэптуальнага альбома Anima.
«Тут прачынаецца ўнутраны звер, што пачынае пажыраць самога чалавека — голад, самаразбурэнне і цемра ператвараюцца ў драпежны рытуал», — пішуць пра рэліз самі музыкі.
Душараздзіральны скрым, пранізлівыя гітары і вельмі добра падабраны акампанемент — усё разам стварае выдатны музычны вобраз.
Даўно мы не чулі якасных тэкстаў у беларускай музыцы, асабліва ў рэпе. Да таго ж яшчэ і біты вельмі добра дапасаваныя да голасу. У трэка ёсць толькі адзін мінус — мала. Толькі пачынаеш уцягвацца, уваходзіць у музычны транс, а ўсё. Аўтар, пішы яшчэ!
«Гэта спроба паглядзець на сябе праз тэксты розных часоў — з асэнсаваннем сваіх фіксацый на тэмах, якія варта адпусціць. І праўда — харэ пра таксічную пазітыўнасць, піраміду Маслоу, зыбу ці парафразы Вольскага. Лічым, што тут я гэта заўважаю, прымаю і адпускаю з пачуццём «тэма сісек раскрыта», — кажа Сяргей Башлыкевіч.
Альбом — чарговы доказ таго, што Сяргей Башлыкевіч умее трымаць увагу слухача якаснымі тэкстамі.Часамі задумаешся над радком — і прапусціш яшчэ круцейшы наступны. Таму і пераслухваеш некалькі разоў. І кожны раз знаходзіш для сябе нешта новае.
Вельмі цікавы рэліз атрымаўся ў музыкаў. 2 чэрвеня свет пабачыла сапраўды новая зорка, якая пакінула неверагодна разнастайныя эмоцыі пасля праслухоўвання. Нашай камандзе асабліва запомніўся трэк «Темнота — чернота». Але гэта суб’ектыўна.
«Наш новы альбом «Биполярная звезда» канцэптуальна ўяўляе сабой дыскатэку для самотнага сацыяпатычнага нарцыса з заніжаным эга, дзе ў якасці дыск-жакеяў выступаюць усе вядомыя ў свеце фобіі (рэкамендуецца слухаць і танчыць у рэжыме нон-стоп, у слухаўках, перад люстэркам)», — так пішуць музыкі пра свой альбом.
Лёгкае музычнае выкананне і нескладаны тэкст добра пасаваў апошнім тыдням сыходзячага лета. Хаця не толькі гэтым трэкам апошнім часам MANDZIK актыўна радуе прыхільнікаў сваёй творчасці. На гарызонце беларускага рэпа новая зорка!
І зноў рэп, і зноў «разборкі» паміж вядомымі выканаўцамі. Беларуска Мэйбі Бэйбі запісала моцны адлуп у адказ расейскай спявачцы Інстасамцы. Апошняя вядомая, дарэчы, даносамі на папулярных выканаўцаў, а яшчэ яна кепска выказалася пра Беларусь, за што і атрымала моцны дзіс, які сабраў за месяц больш за 6 мільёнаў праслухоўванняў толькі на YouTube і мацнейшым чынам завірусіўся ў TikTok.
Папулярны беларускі музычны блогер Muzykowski нават праводзіў галасаванне сярод сваёй аўдыторыі. Альбом стаў, згодна з галасаваннем, найлепшым рэлізам ліпеня 2025 года. Рэліз з’яўляецца яскравым прыкладам псіхадэлічнага року, краўтроку, арт-року і панку для беларускай музычнай прасторы.
Раім азнаёміцца
Наста Патоцкая або Nastka напрыканцы жніўня выдала мілагучны і лёгкі рэліз пад назвай «Вершы». Тэкст суправаджаецца электронным акампанементам з адценнем фолку. Раім паслухаць.
Таксама напрыканцы жніўня «стрэліў» яшчэ адзін фолк-праект пад назвай Ghostwife з рэлізам пад назвай «Паляванне». Стыльны, атмасферны, з нотамі сярэднявечнай музыкі і фэнтэзійным тэкстам. Дарэчы, праектам займаецца толькі адна дзяўчына. Яна сама піша і музыку, і тэксты. Варта азнаёміцца!
Гэты рэліз — сапраўдныя эмацыйныя арэлі для слухача. Пачуццяў выклікае процьму. А кліп на яго зацягвае ў 13 хвілін прагляду некалькіх эпізодаў з жыцця музыкаў. Нас найбольш зачапіла песня «Калыханка». Гэта проста «Nothing Else Matters» беларускага розліву. Надоўга ў навушніках.
А мы працягваем сачыць за навінкамі беларускай музыкі і дзяліцца новай інфармацыяй з чытачамі.
А.К., Budzma.org