З нагоды выхаду свайго акустычнага альбому “Вырай – 2012” Алесь Мікус (стваральнік гурта “Крывакрыж”) пракаментаваў яго змест і агучыў перадгісторыю яго стварэння.
Гэты альбом – акустычны, называецца “Вырай – 2012”. Выконваю яго пад сваім імем, не пад шыльдай гурта “Крывакрыж”. Песні, што ў яго ўвайшлі, збольшага адлюстроўваюць даволі сціслы прамежак часу, дзесь год, ад вясны да вясны, калі песні і ствараліся. Гэты год у мяне прайшоў пад знакам падарожжаў, грання ў розных месцах, выступаў перад рознымі людзьмі.
Хоць дзеля справядлівасці мушу адзначыць, што пачатак гэтаму гадавому цыклу песень быў пакладзены троху раней, калі перад падзеямі снежня 2010 г. я напісаў песню “Плошча” (сярод песень альбому яна прыхаваная ў сярэдзіну, хоць па праўдзе яна – пачатак). Была нават папярэдняя дамоўленасць, што там жа яна магла быць выкананая, але не склалася. У “Плошчы” ёсць словы “Песні будуць на новы лад”, а так яно і склалася – пасля гэтага новыя песні бы з рогу паліліся, ажно на цэлы альбом.
Што да зместу альбому, дык чырвонай ніткай праз увесь альбом праходзіць тэма розных локусаў, мясцінаў. Гэта такі “геаграфічны” альбом. Але гэтыя локусы маюць асаблівасць – гэта крайнія, памежныя локусы. У альбоме няма ніводнай песні, прысвечанай, напрыклад, Менску, Вільні ці Бешанковічам альбо возеру Свіцязь. Гэтыя песні – калі я ўжо гляджу на тое, што ў выніку атрымалася, – пазначаюць межы нейкай прасторы. Межы яе, дарэчы, таксама гнуткія – не заўсёды зразумела, ці гэта старабалцкая прастора, ці нейкая стараеўрапейская. Бо пяецца і пра Цвершчыну, Падмаскоўе ды Прусію, з аднаго боку, а з іншага – і пра Шатландыю ды Арабію. Калі казаць пра нейкі сэнс гэтага альбому ўвогуле – мабыць, ён у тым, каб пазначыць нейкія прасторавыя маркеры.
Вядома, нельга адмовіць, што істотна паўплываць магло і тое, што пасля пазалеташняга снежня багата каго проста вымела з краіны. У такім ракурсе можна ўспрымаць песню “Мы кружляем”, хоць для мяне яна шмат глыбейшая і можа дастасоўвацца да шматлікіх сітуацый, у тым ліку даволі высокага парадку.
Для мяне гэты музычны матэрыял, які прапаную, – этапны. Для мяне гэта наступны, даўжынёй у год з гакам, этап пасля “Крывакрыжа”, які адгрымеў тры гады таму.
Я сабе гэта разумею вось як: “Крывакрыж” у нейкім сэнсе таксама “працаваў” з прасторай. Бо галоўны лейтматыў яго быў (калі паспрабаваць зрабіць нейкі экстракт, выкрышталізаваць) нават не ў памкненні на Ўсход (альбом “Малітвы вайны” называлі антымаскоўскім, антырасійскім), а ў тым, каб паказаць, што тут, у нас, назапашваюцца, кіпяць сілы, якія не знаходзяць свайго выйсця. Нейкія сілы даволі высокага парадку, нейкія сілы безвыніковага да часу шаленства. Каб паказаць гэта, былі, мяркую, выбраныя ўдалыя сродкі – спалучыць прынцыпова “маршовыя”, паходныя барабанныя рытмы ды прынцыпова “статычнае”, камернае фартэпіяна. Гэта як спалучэнне неспалучальнага, рух, які хоча рухацца, але не рухаецца, затое шалее. І такі стан, сапраўды, трохі, скажам так, бянтэжыць розум, вось гэткае спалучэнне. Зміцер Сасноўскі трапна ўхапіў гэта, назваўшы “літоўскім баявым раялем”.
Потым, калі “Крывакрыж” грымнуў, дык той кацёл, пра які кажу, нібыта і разарваўся, а ашмёткі раскідала па розных месцах (дарэчы, на фізічным плане яно мінулай вясной сапраўды ж выбухнула, лічу гэта вартай увагі падзеяй). Ну, вось мінулы год я і ездзіў па розных мясцінах – нібыта збіраў тыя ашмёткі. І вось гэты альбом “Вырай” – гэта як фатаграфічная выява гэтых ашмёткаў, раскіданых па прасторы. Паездзіў і “паспісваў”, як выглядаюць тыя ашмёткі. Магу паказаць слухачам. Трохі мо’ патыхае анатоміяй, але, думаю, можа быць цікава.
Пры гэтым, як у сапраўдным архаічным міфе, можа быць, мне здаецца, і нейкая трэцяя частка. У ёй гэтая разабранасць, разнітаванасць становіцца новай цэласцю. Напрыклад, як у знакамітым сюжэце пра мёртвую і жывую ваду. Вось, альбом “Вырай” – гэта нібы пра мёртвую ваду, калі пасечаныя часткі збіраюцца да купы. Ну, а ажывіць мусіць ужо вада жывая. Я пакуль не ведаю, што гэта будзе і які выгляд тая “жывая вада” прыме. Вось такі нібыта рэалізуецца міф. У восені я пісаў, што рух за балцкае адзінства (ён пашыраецца ўжо і ў Беларусі) цяпер рэалізуе менавіта “архетып збірання”. Магчыма, усё гэта неяк звязана.
А паслухаць тое, што атрымалася і ўвасобілася ў альбоме “Вырай”, можна будзе на яго прэзентацыі 9 мая (клуб “Салтайм”, пр-т Незалежнасці, 131/1) (Падзея ўкантакце: https://vk.com/mikus_mnsk). Альбо перш паслухаць альбом цалкам.
У падтрымку альбому і менскага канцэрту плануецца таксама некалькі выступаў у іншых гарадах Беларусі.